Але не сказала нічога і тады, калі зразумела, што Алесь накіраваўся да чоўна.
Наста: Дзе ты ёсць? Не маўчы!
Ліза: (паведамленне не прачытана)
Пакрыху цямнела, і вада рабілася гусцейшай. Алесь веславаў: то набліжаўся, то аддаляўся, то набліжаўся, то аддаляўся.
Спыніліся на сярэдзіне возера, і ён нейкі час глядзеў туды, дзе туманілася вёска. Нідзе ні душы. Быццам бы ўсё тут было працягам могілак.
Човен загайдала на хвалях, і Лізе моцна захацелася на бераг. Зноў, які раз, яна паклялася навучыцца добра плаваць, каб больш не адчуваць сябе бездапаможнай. Да зямлі было даволі далёка – і ўбок, і ўніз.
Алесь сядзеў насупраць, вельмі блізка, і Ліза бачыла, што ён хвалюецца: рукі ледзь заўважна трасуцца, падціскае вусны, нібы хоча нешта прамовіць. Таму адвярнулася і ўтаропілася ў старую асіну (верагодна, гэта асіна, бо трымціць, а ветру ж няма. Ды навошта зараз гэтыя непатрэбныя думкі?), якая расла на беразе.
Нарэшце наважыўся:
– Калі ты маўчыш, я зноў запытаюся сам. Ты нічога не хочаш мне сказаць?
– Пра што? – удакладніла. І, на ўсялякі выпадак, праверыла там, усярэдзіне: яно не азвалася. Трымцела асіна, гайдаўся човен, раз-пораз плёскалі хвалі. Нічога іншага Ліза не адчувала.
– Дзе дыван?
Удалечыні забрахалі сабакі.
– Які дыван?
– Не прыкідвайся. Ты лічыш, што ён твой, таму што гэтая бабка яго табе паабяцала? Паспела адвезці дамоў? Павесіш на сцяну, будзеш захапляцца? Але ты разумная, напэўна, захацела прадаць? Алеты ж прадасі якому-небудзь доўбню за маленькія грошы. Толькі не кажы, што аддасі ў музей, каб ён там валяўся ў сховішчах.
– Алесь, я ўсё яшчэ не разумею, пра што ты.
– Добра, сфармулюю канкрэтна: Ліза, дзе дыван, пра які вы з бабкай размаўлялі і які, згодна з дыктафонным запісам, знаходзіўся ў яе хаце? Так зразумела? Я ўсё абшукаў, нідзе няма.
Падзьмуў вецер, ці гэта толькі падалося, але стала холадна і па скуры папаўзла азёрная вільгаць, бы цела пакрывалася шэранню.
– Я яго не брала. Алесь скрывіўся:
– Для цябе гэта гульня, а для мяне – праца. Я паабяцаў вельмі, вельмі важнаму чалавеку, што знайду для яго дыван Алены Кіш. Гэта калекцыянер, цікавіцца беларускай культурай. Пажылы, але захапляецца легендамі-паданнямі, як студэнт гістфака. Яшчэ ў яго бабкі ў вёсцы вісела такая маляванка, але ён быў малады, хату паламалі, маляванку спалілі разам з іншым смеццем. А зараз ён так выпраўляе памылкі юнацтва ці змагаецца з пачуццём віны, не ведаю. Яму парэкамендавалі мяне. З музеямі я не здолеў дамовіцца: чамусьці яны ўчапіліся ў гэтыя анучы. І ўва мне пачалі расчароўвацца. А тут – такая зачэпка. І, Ліза, ён заплаціць добрыя грошы. Яму надакучыла чакаць, і я яго разумею. Я дасылаў справаздачы ўвесь час, што я шукаю, працую, а ён прыспешваў, штотыдзень пытаўся: «Дзе, Алесь, вынік?» Я пісаў пра цябе, пра зачэпку з артыкулам, ён любіць усё кантраляваць, быць у курсе. Здаецца, у мінулым ён быў ваенным, позірк такі жорсткі, міліцэйскі. Але, Ліза, тут справа не толькі ў грашах, калі расчароўваецца такі чалавек, гэта значыць, у мяне будуць праблемы.
– Алесь, я не брала дыван.
– Тады дзе ён? Дзе? Я падзялюся з табой грашыма. Тым больш, ён ведае, што дыван быццам бы твой, перададзены ў спадчыну, ён слухаў запіс.
Шэрань распаўзалася ўсё далей і далей, па нагах, па жываце. Бы нарастала слізкая рыбная луска.
– Як ты мог шукаць у хаце, там жа зараз замкнёна?
– Я… Добра, я буду з табой шчырым, бачыш, Ліза, нічога не буду хаваць. Я паехаў сюды ў той самы дзень, як атрымаў ад цябе запіс. Размаўляў з гэтай Марынай-як-яетам-Сямёнаўнай. Яна таксама прыкідвалася, што нічога не ведае, ні пра які дыван не чула. Тады я даў паслухаць запіс.
– Навошта? Я толькі зараз зразумела, што нарабіла. Гэта ж здрада! Я перадала табе нашу размову, а гэта ж быў не канспект лекцыі ці выпіска з энцыклапедыі.
– Ты не хвалюйся, я супакоіў яе, што мы з табой пажэнімся, таму ты нічога ад мяне не хаваеш. Але, здаецца, яна не паверыла. Ва ўсялякім разе, не аддала мне дыван. Прамармытала, што табе на пасаг тады. Лухта нейкая, так?
– Я пачынаю разумець. То Жанне не падалося: у хаце сапраўды штосьці шукалі. І гэта ты, ты адвёз Марылю на возера? Яна не хадзіла сама так далёка.
Алесь памарудзіў, але зірнуў на Лізу і зразумеў, што лепей адказаць хутчэй:
– Я хацеў ёй дапамагчы, каб расчуліць, каб яна змяніла да мяне адносіны. Вы размаўлялі пра тое, што яна даўно не была на магіле мужа – бачыш, я ці не на памяць вывучыў твой запіс, – і я прапанаваў яе туды адвезці. Я амаль нёс яе на сабе да машыны, бо прыпаркаваўся далёка, на ўсялякі выпадак. Як ведаў…
– Цябе не заўважылі, не хвалюйся.