– І я збіраў доказы таго, што ты не хочаш быць на гэтым свеце. Так, на ўсялякі выпадак, як збіраюць старыя квітанцыі. Я, выбачай, запісваў нашы тэлефонныя размовы, каб перадаць майму замоўцу, які хацеў быць у курсе справы.
А для сябе прыкмячаў месцы, дзе ты казала пра нежаданне жыць. І пра тое, што ты не ўмееш плаваць. А яшчэ, я ж прызнаваўся табе, што пісаў дзённік. Але ён паступова ператварыўся ці не ў літаратурныя нарысы, дзе я ствараў вобраз такой сабе дэпрэсіўнай асобы. Мо падсвядома. А мо і наўмысна.
Пальцы спыніліся. Але Ліза разумела, што гэта не канец, а толькі паўза, якая павінна дадаць у твор драмы.
– Ведаеш, едучы сюды, я зрабіў запіс пра смерць, так, мо прыдасца. Быў упэўнены, што на такое ніколі не рашуся, што гэта літаратурныя практыкаванні, размінка для фантазіі. А тут во як атрымалася.
– Са мной не атрымаецца так, як з Марыляй. Крычаць? Ніхто не пачуе. Кінуцца на яго? Але ён мацнейшы. Выскачыць з чоўна? Але ж да берага не пратрымацца. Пальцы Алеся зноў ажылі і выстуквалі нешта бязладна і хутка. Ці гэта быў рытм, у якім пачало біцца яе сэрца?
– Чаму не? Звалілася ў ваду, а я не змог дапамагчы. Ды, увогуле, як і тады, мяне тут не было. Ты сама адвязала човен, адплыла насярэдзіну і ўтапілася. Суіцыдальныя думкі былі раней, да іх дадалася яшчэ і смерць той, да каго ты прывязалася. Ты вінаваціла сябе, што пакінула яе тут адну. І да таго ж, няшчаснае каханне. Да мяне. Калі мяне запытаюць, я пакажу свае запісы, скажу, што ты мне прызнавалася, але я адмовіў, і пашкадую, што быў да цябе занадта жорсткі. Усё сышлося. Наша міліцыя ўчэпіцца за версію з самагубствам.
Зноў памаўчаў. Размяў пальцы.
– Ведаеш, мне не патрэбнае тваё абяцанне нічога не расказваць, бо мая праклятая гісторыя падабаецца мне больш. Прабач.
І вельмі марудна, як ёй падалося, пасунуўся наперад, моцна сціснуў яе рукі. Ліза хацела выкруціцца, але дарэмна: пальцы ўпіліся мацней, човен затросся, бы ад жаху таго, што мела адбыцца.
Яна паспрабавала ўдарыць Алеся нагой, але толькі страціла раўнавагу і напалову вывалілася з чоўна – спіна завісла над вадою. Тады Ліза падумала, што варта кульнуцца, каб пацягнуць яго за сабой, ды Алесь вывернуўся, схапіў яе пад каленам і перакінуў, бы мех з бульбай, за борт.
Яна правалілася пад ваду, нібыта ў снег, і некалькі імгненняў не магла зразумець: няўжо гэта так проста, няўжо яе выпхнулі з жыцця?
Калі вынырнула, убачыла, што Алесь адганяе човен: яшчэ некалькі ўзмахаў вёсламі – і ўсё, ён недасяжны.
Ліза трымалася на паверхні, але ведала, што вельмі хутка саслабее. Яна ўмела толькі боўтацца па-сабачы, амаль не рухаючыся з месца, а да берага было некалькі дзясяткаў метраў.
Алесь падняўся на ногі, каб сачыць за ёю, а човен адносіла ўсё далей і далей. Сілы пакідалі яе, іх вымывала вадою, і разумеючы, што зараз будзе яе апошні ўчынак на гэтым свеце, Ліза крыкнула, як старая баба:
– Каб ты здох!
І адразу ж глынула вады.
Алесь нават не змяніўся ў твары.
І яны нейкі час глядзелі адно на аднаго: ён – узвышаючыся над азёрнай паверхняй, і яна – з кожнай секундай апускаючыся ўсё глыбей пад ваду.
І раптам штосьці чорнае шуснула ў паветры. Вялікая птушка? Ці падалося? Але Алесь захістаўся, замахаў рукамі і грымнуўся за борт.
Падаючы, зачапіўся аб човен – той адштурхнула на некалькі метраў. Ліза спадзявалася, што Алесь не вынырне, але вось з’явіўся над вадой, мацюкнуўся і паплыў за чоўнам.
Не, ён мацнейшы, ён выдужае.
А яна? Паспрабавала ляжаць на паверхні – не здолела. Трэба было плысці. Рукі і ногі цяжэлі, таму яна рухала імі вельмі асцярожна.
Алесь кінуў даганяць човен і накіраваўся да зямлі. Ён дык адлегласць да берага адолее. А Ліза амаль не зрушылася з месца: некалькі метраў – усё, на што яе хапіла.
Яна паглядзела на неба, на якім мігцелі першыя зоркі, і адчула, што болей не можа змагацца.
Алесь ужо быў далёка, там, дзе расла асіна, якую яна разглядала, здаецца, у мінулым жыцці. Але чамусьці спыніўся. І пачаў біць рукамі па вадзе. Вось схаваўся пад вадой, вось вынырнуў, нема крыкнуў і зноў схаваўся – нешта цягнула яго ўніз.
Лізе хапала моцы толькі на тое, каб трымацца на паверхні, і яна не ведала, што адбываецца там, наперадзе, якая пачвара ўчапілася ў Алеся, але вельмі хацела датрываць да моманта, калі гэтае нешта завалодае ім цалкам.
Алесь зноў знік за хвалямі. І ўсё. Больш не вынырнуў.
Пустая паверхня. Ні крыкаў, ні плёскату.
І ў гэтай мёртвай цішыні Ліза зразумела, што зараз прыйшоў і яе час. Сусвет і без таго быў ласкавы да яе: яна пабачыла смерць свайго забойцы.
І Ліза перастала варушыцца, зрабіла апошні ўздых і дазволіла вадзе завалодаць сваім целам. Перадавала яго іншай гаспадыні.
І нечакана нага намацала цвёрдае. І другая таксама.
Ліза абапёрлася і не паверыла: яна стаяла на зямлі. Вада дасягала ёй да плеч, кеды танулі ў нейкай мяккай твані, але ж гэта была зямля!
Яна асцярожна крыкнула:
– А-а-а!
Пасля яшчэ, і яшчэ раз, а пасля закружылася, затанцавала, на сваёй асабістай водмелі, і зоркі закружыліся таксама.
– А-а-а, – крычала Ліза. – А-а-а!