— Калі здымалі фільм, бывала, міжволі даваў сябе адчуць тэатр. Я абапіралася на яго, калі не знаходзіла патрэбнага ў той ці іншы момант, асабліва ў крупных планах. А Клімаў гаварыў: «Аніякага жэсту, аніякай мімікі, толькі тое, што ўнутры; і адно з двух — ці гэта ёсць, ці — няма, і тады будзем шукаць нешта іншае».
— А памятаеш, колькі часу гэтую вашу карціну начальства не прапускала, праглядвала, пнулася «палепшыць» сваімі папраўкамі...
— Я ўжо думала: так шмат аддалі ёй, а ўбачыць на экранах, можа, і не паспею. Не, добра ты прыдумаў з тым лістом да Сізова, дырэктара «Масфільма», каб зладзілі хаця б на студыі які прагляд — для мяне. А потым усё-такі выпусцілі фільм да гледачоў. I прэм’ера была хвалюючая такая ў Доме кіно. Адтуль, познім вечарам, мы паехалі на могілкі да Ларысы, з яе маці. Ну і вось... Гэта так дзіўна, ты глядзі: тут, у Мінску, дзе я калісьці дзеўчанём бегала і нешта нясмела лялякала на сваёй першай сцэне, тут, дзе ўсё некалі пачыналася, цяпер віселі афішы «Развітання», на якіх я — такая, як у фільме: сівыя валасы сплятаюцца з галінамі, глыбокія маршчыны... Так, і адна знаёмая — мы збіраліся тут у яе ў пачатку васьмідзесятых — потым напісала, ужо з Амерыкі, што ўбачыла афішу гэтай карціны з маім тварам на нью-йоркскай вуліцы — і абрадавалася да слёз...
— Ты магла б калі-небудзь, раней, паехаць адсюль назаўсёды, жыць і працаваць у іншай краіне? Як табе здаецца? Нават калі б з моваю праблемы не было? Паспрабуй уявіць.
— А ўся сям’я, мае блізкія, усе мае знаёмыя? Калі б разам з імі трэба было — скажам, у эміграцыю, — тады паехала б, мусіць. Але толькі з усімі імі і з усім, сярод чаго жыву, — выходзіць, тады я ...ну, як бы і не з'ехала нікуды...
Спякотны ясны вераснёўскі дзень, і каля пустой пляцоўкі для пінг-понга ў парку нешта чытаем у часопісе пра аднаго нямецкага пісьменніка — ці, можа, ягоныя ўспаміны — пра эміграцыю, пра цяжкі ад’езд з Германіі Гітлера... I тое, як раптам гэта ўбачылася: сам ён, чалавек, якога не ведаў нават па фотаздымках, і момант ягонага ад’езду ці вылету на самалёце, — нешта вырашылася там на яго карысць літаральна ў апошнія хвіліны, а да таго — рызыка і страх, што ўсё сарвецца.
Мабыць, нават убачыў, як ён падымаецца ў самалёт з чамаданам, у капелюшы і паліто, ужо не новым, але дыхтоўным і свабодным, што аблягае фігуру з той някідкай, нявыглянцаванай элегантнасцю, што запомнілася ў героях пасляваенных трафейных кінакарцін. Напрыклад, у вобліку амерыканскага акцёра і спевака Бінга Кросбі з фільма «Маленькі хлопчык згубіўся»: немалады, сухаваты твар, мяккі капялюш, таксама свабоднае і ўжо не з іголачкі паліто — і чамадан у руцэ... Здзівіла гатоўнасць уяўлення, лёгкасць і быстрыня, з якой так выразна паказана ўсё гэта буйным планам. I пасля доўга, кожны раз пры слове «эміграцыя», бачылася тое, пра што чытаў у той дзень.
Але вось — другое. Смерць Буніна ў Парыжы. 1953 год, лістапад. I спрабуючы ўявіць сабе тэты час у якіх-небудзь дэталях, раптам згадваеш: мінская восень пяцьдзесят трэцяга — і тая дзяўчына, з якой пазнаёміўся год назад, сустрэўшы яе ў кандытарскай краме каля свайго дома і потым дагнаўшы на вуліцы: высокая, тонкая фігура, імклівая, лёгкім летам хада, паварот галавы, не запаволіўшы кроку, і ўсмешка — усё гэта ў мяккім святле адыходзячага дня, — сонечная восень, маладосць, і ты яшчэ не толькі не чытаў Буніна, але, як і тая дзяўчына, нават не чуў ягонага імя, а яму, сусветна вядомаму, ужо застаецца жыць апошні год...
Прайшла зіма, і вясной, у сакавіку, памёр Сталін: даўжэзныя, колькі дзён з ранку да цемнаты, калоны людзей марудна рухаюцца з вянкамі і кветкамі да аграмаднага помніка, узведзенага яшчэ задоўга да гэтага на плошчы, што цяпер завецца Цэнтральнай. Сонца, вецер і халадэча. Напярэдадні, разам з настаўніцай логікі, усмешлівай, падобнай на вечную, хоць і непрыгожую дзяўчынку з вялікім ротам, мы ідзём па вянок з калючых яловых галін у цагляны аднапавярховы будынак ў парку імя Горкага, дзе ні то аранжарэя, ні то кветачная крама, — і з нечага рагочам усю дарогу. А назаўтра побач з нашай школьнай калонай стаяць у бясконцай, праз увесь горад, чарзе да помніка спартоўцы, і так дзіўна бачыць тут, зблізу, а не з трыбун, хакеістаў мінскага «Спартака» у цёмных дэмісезонных паліто, шэрых кепках — яны кураць і перакідваюцца жартачкамі...
Вясна пяцьдзесят трэцяга, апошняя вясна Буніна, які некалі ўцякаў з Масквы ад бальшавікоў праз наш Мінск, — пісьменніка, яшчэ невядомага табе той вясною і такога, здаецца, зразумелага цяпер. Увосень ён будзе паміраць у Парыжы, далёка ад нашага горада, пра які ён праз тыдзень пасля заняцця яго немцамі запіша з надзёяй у дзённіку: «Мінск яшчэ трымаецца». А той восенню пра яго, невядомага табе ў той час Буніна, яшчэ не будзе думацца таксама, як і пра тых, каго ты нават добра ведаў. Жылося толькі адным — бяздумным юнацкім хваляваннем, ненаталяемай прагай штодзённай, штохвіліннай навізны. Футбол, трафейнае кіно і джаз: «Заслужаны артыст БССР Эдзі Рознер са сваім аркестрам»...