Ёй, Ларысе, хацелася не толькі зямной такой, грубай даставернасці, але і больш тонкай, прыгажэйшай, зграбнай. Блузка ў Дар’і павінна была быць з народным шыццём на каўнерыку, а тканіна — крэпдэшын. Хаду мне хацела пакінуць, як у сялянкі тых самых год і месцаў, але каб і маленькі абцасік усё ж быў на абутку, непрыкметны...
I, ведаеш, схілялася, надоўга застывала над ручаём, падпільноўвала нейкае самае жывое імгненне ягонага бегу, а памочнік яе лавіў люстэркам сонца, каб яно заблішчэла скрозь ваду на камені. I калі камера змаўкала і лавец сонца задаволена пасміхаўся, Ларыса клікала мастака Фаменку. «Юра, ну дзе ж ты быў? Ты ж не бачыў, разумееш, — не бачыў!» Яна хацела, каб у фінале сівыя валасы Дар’і, гэтай апошняй ахоўніцы ўсімі кінутага, знікаючага пад вадою вострава старога, пракаветнага жыцця, быццам бы спляталіся з дымамі, са смуродам ад падпаленых хат і з пасмамі ранішняга туману... Ларыса лічыла, што ёсць зашмат выдатных акцёраў, але падзяляла іх для сябе на два тыпы: «самаігральных», як яна гаварыла, тых, што ва ўсім іграюць перш за ўсё саміх сябе, — і тых, хто можа сфакусіраваць у сабе, у сваім вобразе штосьці значна больш шырокае, агульнае.
— Той вядомы фотаздымак, дзе яна з табою рэпеціруе сцэну развітання, — далонь да шчакі, схіленыя адзін да аднаго твары...
— Гэта Ларыса паказвае Булгакавай: ейная гераіня першай з Мацёры з’язджае і з Дар’яй развітваецца з пачуццём любові, але і віны за тое, што яна — першая, як здрадніца. I здымак той, на маю думку, шмат чаго можа растлумачыць і ў самой Ларысе; тое, якой яна была — нядоўга так — са сваёй Дар’яй, са сваёй Мацёраю ў фільме, што толькі пачаўся, — і якой яна была тады наогул, і як мастак, і як жанчына.
— Ты памятаеш, быў такі перыяд, некалькі год узапар, калі літаральна адзін за адным з жыцця ішлі — хто раней, хто трохі пазней, — але ўсе заўчасна, будучы ў сіле, у таленце: Шукшын, Вампілаў, Трыфанаў, Высоцкі... I яна, Шэпіцька. А пазней, здаецца, нават у адзін дзень, — акцёры Папанаў і Міронаў... Можа, тут ёсць і нейкая абумоўленасць, прынамсі, невыпадковасць? Яны — з тых, хто прабіваліся да ўсяго свабоднага ў мастацтве і праўдзівага; і вось, можа, адчулі час, калі заслона аслабела, калі ўжо зроблены ў сцяне праломы, яна быццам нахінулася раз, другі — і яны кінуліся як на злом галавы... Хаця і ў нас — такія яшчэ маладыя, так заўчасна: і Варлен Бечык, і Міхась Стральцоў, Жэня Янішчыц...
— Дый Анікейчык Анатоль... Ты чуў калі, каб «там, у іх», на Захадзе, на працягу доўгага часу ледзь не кожны год паміраў хтосьці з пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў першага раду, ды ў такім узросце? Толькі ў нас. Вось пайшла з жыцця Марлен Дзітрых, раней — Грэта Гарба, дык колькі і як яны пражылі, колькі зрабілі — гэта ж, па сутнасці, легенды. А нашым, як толькі ўдавалася — ці дазвалялі! — царэшце выбіцца на свой шлях, то было ўжо не да адпачынку — ды што там! — нават не да погляду на сябе збоку, не да якой-небудзь размеранасці або спакойнага няспешлівага засяроджвання ў рабоце, а дзеля гэтага — найперш у жыцці. Пачуццё самазахавання адступала. А ўсе мы — людзі, толькі людзі, са сваім здароўем, сваімі магчымасцямі трываць, нервамі і псіхікай. Гэта ж усё крохкае, апошняя мяжа блізка — а непрыкметна. Ну, так ці інакш, а ... спалілі сябе. Усім нам, на бяду, не стае вытрымкі, цвярозага самавалодання, а мо і ўраўнаважаных формаў характара — бо і ў самім нашым жыцці бракуе такіх формаў, затое зашмат трагічнага хаосу і гібення, ад чаго тэты хаос, трагічны і гібельны, пасяляецца і ў самой душы.
— Памятаю, калі паштавічка прынесла тую тэлеграму, я пачаў чытаць услых, пры ёй, на парозе: «Мацёра» абарвалася. У аўтакатастрофе загінулі...» Дачытаў, а паштавічка пытаецца: «Хто такая Мацёра?» Мусіў тлумачыць. А потым ты пазваніла, сказала, што карціны не будзе і ролі гэтай тваёй не будзе.
— Так, я сапраўды тады падумала: ну, значыцца, не суджана — усё. Не, нават і не думала пра гэта многа, проста прамільгнула такое, а ўсе думкі былі пра тое жудаснае, што здарылася. Уяві: шэсць чалавек адразу, у адзін міг, — і на той свет... Жылі ў Асташкаве, на возеры Селігер, зранку ездзілі ўжо ў вёску Тарасава на здымачную пляцоўку, там хата маёй Дар’і была пабудавана; працавалі да вечара, але Ларыса нервавалася, неяк не выходзіла сабраць усіх акцёраў разам: адзін, як наш Павел Кармунін, заняты на іншых здымках, а другі, напрыклад, нябожчык ужо, Лёня Крук з мінскага рускага тэатра, — на гастролях. А ў тую праклятую раніцу, на пачатку ліпеня, Ларыса, галоўны аператар Валодзя Чухноў — ён здымаў з ёю «Узыходжанне» па «Сотнікаву» Быкава, і мастак Юрый Фаменка паехалі ў Калінін, каб там сесці на кацер і пашукаць на возеры месцы для «натуры». 3 імі былі яшчэ аператар-практыкант і намеснік дырэктара карціны...