3 вакна гасцініцы, дзе жылі нашы акцёры, было відаць, як каля сцяны насупраць дзяўчынкі гулялі «ў тэатр», фантазіруючы на жалезных пляцоўках пажарнай лесвіцы і каменным выступе з нейкімі трубамі пад ім сваю сцэну і кулісы.
Фіялетавы агонь электразваркі ўспыхваў ноччу на трамвайных рэйках. Ізноў, як некалі ў Адэсе, падступала пачуццё невядомага, але чамусьці зразумелага даўняга жыцця гэтага горада, што адчувалася ў фасадах вялікіх старых дамоў, у форме балконаў, акон і ў падоўжаным каталіцкім твары пажылой жанчыны з блакітнымі вачамі, якая распавядала ў касцёле пра ягоную гісторыю.
А галоўнае, гарадскі тэатр оперы, самае прыгожае збудаванне ў Львове, было той самай архітэктуры, што і ў Адэсе, дзе... у чатырнаццаць ці пятнаццаць год яркім сонечным днём я іду з маці ўздоўж аднапавярховых дамоў, складзеных з вялікіх шэра-жоўтых «цаглін» ракушніку, пад нагамі мяккі белы пыл, гарачая гліна з трэшчынамі і ссохлымі, чорнымі стручкамі акацыі, — і маці кажа:
— Ну, прыгатуйся, хутка ты пабачыш мора, у першы раз.
А мора няма і няма, і яна дадае:
— Вось цікава, ты яго пазнаеш?
I тут раптам далёка-далёка наперадзе i высака, пад небам, як усё роўна адкрылася яшчэ адно неба, ужо не бялёсае, а сіняватае, у блішчастых кропках, усё жывое, рухомае, і я закрычаў:
— А вось яно!
I яна звонка, як дзяўчынка, адразу ж крыкнула:
— Так, мора! Мора!..
— Калі-небудзь ты думала, што апроч сцэны будзе ў цябе і кіно? Жадала гэтага ці тэатра было дастаткова? Зараз і ўявіць цяжка, каб тэатральны акцёр не марыў зняцца ў якім-небудзь фільме.
— Неяк спакойна ставілася да гэтага. Думаю, галоўнае ўва мне і для мяне — тэатр. А калі сталі запрашаць у кіно, спачатку нават і розніцу ў рабоце не асабліва адчувала. Праўда, штосьці крыху як бы заціскала ўнутры, калі я чула: «Матор!» А потым было ўжо прасцей, ці мне так здаецца зараз, але гэтая заціснутасць заставалася. Не ведаю, запрашалі — я з задавальненнем, мне цікава было ўсё, роля поўная ці эпізод. Так і да гэтай пары яшчэ. Але дакладна магу табе сказаць вось што: пасля «Развітання з Мацёрай» — «Развітання», як назваў карціну Элем Клімаў, інакш стала адчуваць сябе: свабода з’явілася, смеласць. Як усё роўна адкрылася нешта ў тым, што быццам бы добра ведала і раней. Нічога не палохае, усё бачыш лепей, адчуваеш неяк больш аб’ёмна. Тут і заслуга рэжысёра. I пачалося гэга яшчэ да Клімава, з Ларысай Шэпіцька, хаця так мала нам выпала з ёю пабыць...
Я вось усё думаю: нешта ж яна ўбачыла ўва мне такое, у беларусцы, што неабходна ёй было для гэтай гераіні, сібірскай жанчыны. I выбрала мяне адразу. А выбіраць было з каго, павер.
— Убачыла, бо і жадала ўбачыць не адно рускую і сібірачку, а найперш чалавека, універсальнае шукала, што пасавала б да яе задумы, да разумения, бачання жыцця.
— Самае першае, што пра яе запомніла: ейнае старание вызнаць, як я ўспрымаю яе са слоў іншых акцёраў. Ці лічу я таксама яе рэжысёрам-«тыранам»? Так гаварылі пра яе пасля фільма «Крылы», дзе, маўляў, яна ў рабоце з актрысаю Маяй Булгакавай была занадта жорсткай. «Што вы пра мяне чулі? Што я — тыран, так? Ну вось я — і што, як вам здаецца?» Усё гэта, зразумела, з усмешкаю і па-жаночаму, але цікавасць сапраўды гарачая. I я адказала ў тым сэнсе, што я ж во прыехала, прапанову прыняла, так што... Гэта самая першая сустрэча наша была, мы ўпершыню гутарылі ў яе ў кабінеце на «Масфільме». Мне яна падалася вельмі цікавай, чалавекам з характарам, з вялікай сілай волі. Неардынарнаю. Магчыма, і крыху загадкавай — хацелася ўведаць яе лепей.
— А калі пачалі працаваць, як было?
— Толькі пачалі — з касцюма, з грыму — бачу: яна акцёру — адданы сябра. I бачу ў ейных вачах, што я для яе нібы нейкі доўгачаканы падарунак. Яна літаральна пранікаецца табою, нават няёмка неяк робіцца, такога я не бачыла ніколі — і справа, як я разумею, была не толькі ўва мне, а ў тым, што гэта менавіта яна сама такая, разумееш? Вельмі шмат аддае. Таму што вельмі шмат патрабуе — і ад сябе, і ад іншых.
Яна ўжо жыла гэтым вобразам, Дар’яй: у грыміравальнай ад мяне не адыходзіць, усё хоча прымераць на мне нешта, прыкласці інакш валасы да скроні... А калі з касцюмам складанасці пайшлі, Ларыса і кожную складку разгладзіць сама, і на калені апусціцца, каб унізе паправіць. Адчуваецца, што атмасферу цеплыні, любові стараецца стварыць. Усё паўтарае: «Прыгажуня мая!..» Яна хацела, каб і ў інтэр’еры, і ў касцюме быў і побыт, і не побыт. Узняць хацела гэта, зрабіць больш паэтычным, даць метафару. Каб у судакрананні з прыродаю ўсё матэрыяльнае, рэчавае змянялася; каб з’яўлялася ў ім якая-небудзь паэтычная, мастацкая якасць.
Меліся зняць, напрыклад, такое. Я, Дар’я, па аповесці Распуціна, іду па лесе, адхіляючы ад сябе ў бакі лапы ялін, ледзь затрымліваючы іх у далонях, і як бы пагладжваю іх, жывых. Потым сагнутае ветрам маладое дрэўца загародзіць дарогу, я стану яго адхіляць, яно — ні за што, нібы ўпрэцца, і я скажу яму: «Ну што ты, што?» I тут за ім убачу грыбную сям’ю: «А, дык вось што!..»