I кожны раз — ледзь не мароз па скуры ў гэты момант. Пройдзе шмат год, у старым мінскім кінатэатры я пабачу шырокафарматны каляровы фільм Дзэфірэлі, дзе ў той ролі бліскуча выкажа сябе шатландзец Джон Мак-Эмеры, гнуткі, як шпага, бландзін, адчайны, з’едлівы філосаф і задзіра, што нібы сам і лезе на ражон да смерці, — а пасля фільма ўсё роўна раптам прыгадаецца той даўні Меркуцыа ў купалаўцаў, які гуляў некалі ў валейбол у гродзенскім тэатральным двары перад сваім апошнім выхадам да фантана ў Вероне...
...Харкаў быў агромністы, шумлівы, з трамваямі і тралейбусамі, калі-нікалі здавалася, што тут,як і ў Маскве, ёсць метро.
На адной плошчы цікаўныя кожны дзень стаялі каля вялікага аўтобуса, што пачаў у тое лета міжгародныя рэйсы ў Маскву. А на Сумскай вуліцы, недалёка ад тэатра, насупраць старажытнага будынка з ляпным надпісам уверсе «Саламандра», збіраліся пад рэпрадуктарам заядлыя, пракураныя футбольныя «фаны», як кажуць сёння, харкаўскага «Лакаматыву».
У іхніх размовах, шчодра перасыпаных лаянкаю, была паказная грубасць і пахвальба блізкім сяброўствам з цэнтральным нападаючым Зубрыцкім і Уграіцкім, варатаром. А ў саміх гэтых людзях, што стаялі тут цэлымі днямі на тратуары, пазнавалася ўжо знаёмая і па Мінску, тыпова гарадская, па-свойму фарсістая блатнаватасць: сіняя татуіроўка на руках, лузганне семак, бляск залатых каронак і выпушчаныя на пінжакі шырока расшпіленыя каўнеры белых кашуль — невыкараняльны даваенны каларыт гэткіх савецкіх святаў і будзёншчыны: Пётр Алейнікаў і Барыс Андрэеў у фільме пра шахцёраў «Вялікае жыццё».
I вось аднойчы, стоячы тут, я слухаў, як іхні «Лакаматыў» гуляў у той вечар у нас у Мінску, і баяўся сустрэцца з кім-небудзь позіркам — быў упэўнены, што яны адразу пазналі б чужака.
У летнюю спёку гэты стары, навярэджаны горад, здавалася, задыхаўся.
Цьмяна бялелі каля пад’ездаў шыльды з надпісамі: «Зубной врач», «Венерические болезни», «Прыщи, угри». У глыбокім яры вялкага парку збіраліся ў гурты карцёжнкі, «забойшчыкі» даміно. Гулялі і ў адгадванне нумароў грашовых купюраў, паказваючы адзін аднаму толькі першыя лічбы заціснутых у кулаках, зліплых ад поту паперак.
Аднойчы, гадзін у восем вечара, калі над горадам яшчэ вісела барвовае сонца, на галоўнай Сумскай вуліцы амаль бясшумна асеў і рассыпаўся ў пыл трохпавярховы стары дом ў пачатку квартала, і ўсе моўчкі, у здранцвенні, глядзелі на бачныя здалёк рэшткі нейчага яшчэ нядаўняга жытла: сцяну з выцвілымі шпалерамі і вузкі жалезны ложак, што цудам трымаўся на чымсьці ў верхнім паверсе... Я добра запомніў тэта яшчэ і таму, што адразу ж тады пайшоў у тэатр расказачь каму-небудзь з нашых пра ўбачанае. Але прысеўшы спачатку па звычцы ў цёмнай зале, дзе ішоў спектакль «Гэта было ў Мінску», модна здзівіўся другі раз за той вечар: Уладзімір Іосіфавіч Уладамірскі ў ролі Кубэ, гаўляйтэра Беларусі, сядзеў, зацягнуўшыся сігараю пасля падняцця заслоны, і маўчаў, як скамянелы — мінула хвіліна, яшчэ адна, а ён заставаўся ўсё такім жа нерухомым, утаропіўшыся ў адну кропку недзе перад сабою і не адказваючы на рэпліку акцёра, што ўжо двойчы выходзіў да яго.
Тады заслону апусцілі. Высветлілася, што Уладзімір Іосіфавіч заліпше даверыўся ў ягоным узросце моцнай сігары. Ён хутка ачомаўся, спектакль працягваўся. Але вечар той запомніўся надоўга: мне ўяўлялася, што ў выпадку з Уладамірскім справа была не толькі ў сігары, што ён, седзячы ў крэсле на сцэне, нейкім чынам убачыў у той момант дом, што раптам абваліўся недалёка адтуль, і ўсё ніяк не мог прыйсці ў сябе ад гэтага.
А ў пяцьдзесят трэцім — Данецк, ці, як ён тады зваўся, Сталіна. Цяжкая ліпеньская спякота. Адны акцёры кажуць, што прымаюць сярод ночы халодны душ, каб заснуць; другія — што спёка павялічваецца ад кругласутачнай працы металургічных заводаў, і клянуцца, што ў начным небе над горадам палыхае агонь.
— Адна надзея — на «Дуэнню»,— кажа маці.
Яе вочы і твар, якія яна, грыміруючыся, пакрывае, як і рукі, да локцяў, цёмна-карычневым тонам, каб стаць падобнай на цыганку, — вочы і выраз твару гавораць: «Быццам было незразумела, які спектакль і хто ў ім будзе ратаваць тэатр!»
«Дуэнняй» або «Дунькаю» называлі акцёры спектакль «Дзень цудоўных падманаў», пастаўлены Літвінавым па п’есе Р. Шэрыдана. Я мог глядзець яго ледзь не кожны вечар, пачынаючы з любой хвіліны дзеяння.
Глядзеў не столькі на маці ў ролі страхалюднай цыганкі, дуэнні Даратэі, колькі на Глебава — старога партугальца Мендозу, што прыехаў у Севілью, каб ажаніцца на маладзенькай і прыгожай гішпанцы. «Хітры Мендоза, лоўкі плуцяга! Я проста маленькі Макіявелі!» — паўтараў задаволены сабою персанаж Глебава, з якога рабілі дурня ўсе, хто толькі хацеў, і публіка стагнала ад смеху, а маці — Даратэя — з вялікімі бляшанымі завушніцамі, з чорнымі вусікамі над чырвоным ротам і вылупленымі вачамі, пела і скакала з бубнам, па-д’ябальску круцячыся вакол Мендозы, які, не падазраючы пра гэта, ужо трапіў у ейныя сілкі.