Бледны, з блішчастай касцяной галавою ў цюбецейцы, хранічна напаўцвярозы грымёр Рыгор Васільевіч Волкаў са сваёю самаадданай сівенькай жонкаю Ганнай Васільеўнай, што не раставалася з любімай кошкаю і ў паездках, — Волкаў, які, круцячы распаленымі шчыпцамі ў мамінай прычосцы, супакойваў яе пасля крыку ад ажогу: «Нічога, Стэфанія Міхайлаўна, што згарыць, то не згніе», — і з тою ж самай могілкавай афарыстычнасцю дадаваў: «Дзе памру, там нарадзіўся».
Усе яшчэ былі разам.
Барыс Канстанцінавіч Кудраўцаў, што жыў заўсёды па настроі, уроскід, часта завельмі весела і шумна, і быццам толькі згадваў час ад часу пра сцэну і свой акцёрскі талент як пра яшчэ адну ўцеху ў жыцці... I высокі, асцярожна і касалапа ступаючы, са скупой і вельмі выразнай сцэнічнай пластыкай Эдуард Пятровіч Шапко. Экспансіўны Барыс Зіноўевіч Янпольскі, што іграў на некалькіх музычных інструментах, спяваў і танцаваў. I Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава, лепшая ва ўсе часы на купалаўскай сцэне Паўлінка з яе насмешлівымі вясёлымі вачамі і такімі ж самымі насмешлівымі ноткамі ў голасе... Іван Браніслававіч Шаціла, з адкрытым, цвёрдым, нібы вытачаным, тварам, і гучны, кіпучы, з гаворкаю ўзахлёб, дасведчаны ва ўсім на свеце Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла...
I нешматслоўная Бярута Дакальская, чырвоны тварам комік, падобны на пірата-гнома, Аляксей Бараноўскі, худы і нахмураны Сцяпан Хацкевіч, сціплы і ветлівы Уладзімір Гаратаў, весела-гарачы Уладзімір Скакун...
I Валянцін Краўцоў з пышнаю сівою шавялюраю. I маўклівы Павел Іваноў, што аднойчы кінуў смелы выклік галоўнаму змагару за цвярозасць, старшыні прафкома тэатра Лідзіі Іванаўне Ржэцкай. Калі яго ўносілі ў гасцініцу, ён адказаў на яе абурэнне і пагрозу, не расплюшчваючы вачэй, толькі ледзь павярнуўшы галаву ў яе бок: «Пі, пю і бу пі»,— што павінна было азначаць: «Піў, п’ю і буду піць!»
I нязменны памочнік рэжысёра, хударлявы і энергічны Рыгор Злотнікаў, што прыйшоў на гэтую пасаду пасля свайго бацькі, і касірша Зінаіда Табакіна, якая ў цягніку пад грукат калёс дакарала маю маці ўсё адным і тым жа: «Лёля, ты добрая актрыса, але ж ты не ўмееш жыць!»
I бесклапотны дырыжор Барыс Кунін, і адвечны, здавалася, загадчык трупы Якаў Барысавіч Залескі, і электратэхнік Стась Бзарэўскі — заўзяты балелыпчык мінскага «Дынама» яшчэ з даваенных сезонаў форварда Мікалая Шавялянчыка і стадыёна «Харчавік». Яму ўжо самой прафесіяй было трагічным чынам наканавана ніколі не пабачыць гульню любімай каманды ў чужых гарадах, дзе гастраляваў тэатр, бо футбол і спектакль пачыналіся ў адзін час... I, зразумела ж, Леў Маркавіч Літвінаў з вялікімі цёмнымі вачамі і заўжды беласнежнымі манжэтамі, на чым асабліва настойвае ў сваіх успамінах Барыс Бур’ян. Літвінаў паставіў на сцэне купалаўцаў нямала сусветнай класікі, і ў яго спектаклі «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі маці сыграла сваю другую Дыяну пасля «Дурной для іншых, разумнай для сябе» гэтага самага драматурга ў пастаноўцы Віктара Якаўлевіча Галаўчынера... Змяняліся гарады...
Мы прыязджалі на месяц і жылі часцей за ўсё не ў гасцініцах, а ў нанятых тэатрам кватэрах, разам з гаспадарамі.
У Гродна, дзе былі першыя пасля вайны гастролі, усе акцёры ў вольны час адпачывалі на Нёмане. Бераг быў круты, густа зарослы маладым ельнікам. Зранку і да вечара ішло тут прагнае да шчасця пасляваеннае жыццё. Ля вады і ў вадзе смяяліся, вішчалі, спявалі, а ўверсе, у лесе, кахаліся — безаглядна, амаль што не тоячыся, і можна было неспадзявана апынуцца побач са шчасліўцамі ў сасонніку.
А ўвечары да нашага балкона даносіліся гукі духавога аркестра, які іграў у гарадскім парку каля тэатра. Агні дрыжэлі там у густой лістоце, на вуліцы пад клёнамі гулялі з мячом і танцавалі са сваімі сяброўкамі хлопцы з дома, дзе мы жылі, іншы раз клікалі да сябе, але яны былі прыкметна старэйшыя, і спускацца да іх уніз я не асмельваўся. На балконах, як у ложах тэатра, сядзелі і стаялі дарослыя, гутарылі, курылі, пахла тытунёвым дымам і кветкамі, якія звалі «тытунь».
Тут, у Гродна, у свой першы выезд з Мінска з гастралюючым тэатрам, дзе выпадала блізка бачыць усё жыццё ягоных людзей — на сцэне, за кулісамі, у сталоўцы і буфетах, — тут з усіх гледачоў адзін я мог назіраць, як у тэатральным службовым двары гуляў у валейбол шэкспіраўскі Меркуцыа з «Рамэа і Джульеты». Таму што тэта быў вясёлы і зграбны Павел Аляксеевіч Пекур. А потым ён ішоў на сцэну, і на нейкі міг падступала туга, таму што тэта ўжо ізноў быў адданы і рызыкоўны Меркуцыа, якога праз колькі хвілін на плошчы Вероны заб’е злосны, нібы д’ябал, брат Джульеты Тыбальт — Іван Шаціла ў рыжым парыку. Меркуцыа ж, сябра Рамэа, паспее выдыхнуць свой праклён:
— Чума на абодва вашыя дамы!..