Думалі, што зло — гэта Сталін, а зло — гэта прыгожая і вясёлая цётка Оля, якая «настукала» на роднага брата. Ён загінуў у лягеры. З гэтым як? Выкрасьлім? Або пакінем?
Перагорнем яшчэ некалькі старонак. «Мароз! У маёй жонкі лёгкае паліто, яна цяжарная. Грузім на станцыі вугаль, дровы, цягаем тачкамі. Незнаёмая дзяўчына пытаецца ў жонкі: «У цябе такое лёгкае паліто. А цяплейшага няма?» «Не». «Ведаеш, а ў мяне два. Было добрае сваё, і ад Чырвонага Крыжа атрымала новае. Ты скажы мне свой адрас, я вечарам прынясу». Увечары яна прынесла нам паліто, але не старое сваё паліто, а новае». Таксама выкрасьлім? Або пакінем? Ці падзелім напалам? Маўляў, тое, што дровы грузілі ў мароз — гэта савецкае. А што паліто новае прынесла (цікава, колькі гадоў у яе потым не было новага паліто — пяць, дзесяць?) — вось гэта чалавечае. А ці выйдзе падзяліць — зьлітае ў адно.
Такі ўжо ён, савецкі чалавек. І дзіця чужое выгадуе, і данос напіша. І кашулю апошнюю зь сябе здыме — і ў анус падсьледнаму ножку старога крэсла запхне.
Толькі вось думаю: а, можа, не савецкі? Можа, і не было яго, савецкага чалавека? «Культура — толькі тоненькая яблычная лупіна над распаленым хаосам» — гэта не Максім Горкі сказаў, гэта Ніцшэ. І ідэалёгія, і палітыка, і этыка — яблычная лупіна. І распалены хаос нашых страхаў і жаданьняў унутры. Чалавек — ён розны, у залежнасьці ад таго, што пераможа: не ва ўладзе пераможа — у яго асабістым выбары: тонкая лупіна або распалены хаос? І не таму, што ён савецкі. Таму што чалавек. «Не, шырокі чалавек, занадта нават шырокі, я б звузіў».
Савецкае ў кнізе — толькі падстава, ракурс.
Чаго патрабавала гэтая краіна? О, рознага — у розныя пэрыяды свайго існаваньня. Непасільнага. Подзьвігу, узьведзенага ў норму. Прыніжэньня, узьведзенага ў яе ж. Як быццам усе мы — шараговыя штрафбату. Але важнейшае іншае: як гэтыя патрабаваньні адбіваліся на чалавечай прыродзе? Чым адгукаліся? Адны кажуць: я толькі выконваў загад. Іншыя бяруць адказнасьць за ўсё — і спрабуюць выскачыць зь сябе, стаць лепшымі, лепшымі. Задыхаюцца, згараюць — але ад іх ідзе нешта накшталт цёплай хвалі. Распаўсюджваецца. Кранае кагосьці хоць краёчкам. Трэція крычаць: вялікую дзяржаву развалілі, сукі... Чацьвёртыя: гэта краіна вінаватая, вось будзе ў нас дэмакратыя... А ў маладых у галовах усё гэта намяшана — перамяшана.
Што лепш — мучыцца віной велізарнай краіны, якая яшчэ шуміць у вушах — як сваёю, асабістай віной? Адчуваць віну за тое, што не зрабіў? Зь якой нагоды?
Ці выкрасьліць гэтую краіну-віну з падручнікаў — і са сьвядомасьці? Паверыць, што яна ніколі і не была тваёй? Замяніць больш прывабным вобразам: лякіраваным СССР, дзе ўсе былі браты і сёстры, ліцьвінскім праектам, эўрапейскім мінулым? А куды падзець жыцьцё дзядоў і бабуль, татаў і мам, плоць ад плоці, кроў ад крыві? Таксама выкрасьліць — як выдаткі? Ці пакінуць цалкам для «хатняга ўжываньня», сказаўшы сабе: вось «увойдзем у Эўропу», і ў нас такое будзе немагчыма апрыёры. А як жа зь немцамі, якія жылі ў самой, што ні на ёсьць, «эўрапейскай Эўропе»? З італьянцамі пры Мусаліні? Таксама выкрасьліць? Ці ня шмат што мы выкрэсьліваем, спадарства? Ці не сябе саміх?
Яшчэ дзьве, тры старонкі...
...Забівалі за ўсё ... ня там нарадзіўся, не на той мове размаўляеш. Не спадабаўся камусьці з аўтаматам... А да таго як мы жылі? У сьвяты першы тост у нас быў «за сяброўства»... Жылі разам...»
Скажаце, гэта хлусьня, дзяржаўная ідэалёгія? Не паверу. Лёзунгі «За савецкі інтэрнацыяналізм» — вось гэта дзяржаўная ідэалёгія. Прамовы Брэжнева. Палітінфармацыі ў школе. А тосты за сяброўскім сталом — не. Як і той факт, што празь некалькі тыдняў малыя дзеці гэтых сяброў білі ножыкам пудзіла. «Хто гэта?» — «Гэта армянская старая. Мы яе забіваем. Цётка Рыта, а хто ты? Чаму ў цябе рускае імя?» Шырокі чалавек...
Кніга Алексіевіч — акт пакаяньня. Просьба да нас — не, не аб пакаяньні, гэта асабістая справа кожнага. Аб пытаньні да самога сябе. Бо пытаньне да сябе — самае страшнае пытаньне. Але калі не задавацца гэтымі жудаснымі пытаньнямі — хто гарантуе нам, што на новым вітку сьпіралі яны зноў ня вернуцца да нас: і зноў у форме выбару паміж жыцьцём і сьмерцю, здрадай або гібельлю? А мы будзем не гатовыя. Не таму, што ў нас не было Нюрнбэрскага працэсу над камуністамі — таму, што ў нас не было Нюрнбэрскага працэсу над сабой.
Для сябе ў нас заўсёды знойдзецца апраўданьне: Ленін, Сталін, Брэжнеў. А гэта ня Сталін. Гэта прыгожая цётка Оля.
Вось з чаго стваралася тканка таго самага жахлівага СССР. Тканка большай часткі постсавецкіх краін — з таго самага. Плюс «недаразьвіты капіталізм», маскульт, інтэрнэт, нязграбна-глямурны папулізм у палітыцы... патрэбнае падкрэсьліць, адсутнае дадаць. Пярэстая сумесь. Вось таму і «час second-hand».
Алексіевіч не асуджае. Просіць: задумайцеся. Пачніце зь сябе. Як зрабіла сама.