«Слава Богу, што людзі хочуць гаварыць па-беларуску»
23 лістапада 2013
Ян Максімюк, Прага
Ліставаньне з прэзыдэнтамі
Максімюк
: На пачатку прыміце мае віншаваньні з нагоды прэміі Мэдычы, якую днямі далі Вам у Францыі за кнігу «Час second-hand». І ў сувязі з гэтым маё першае пытаньне. Яно можа Вам падацца досыць рытарычным, але я ўсё ж пастаўлю яго. Можаце адказваць, можаце не. Гэта прыемна — атрымліваць літаратурныя прэміі за мяжою?Алексіевіч
: Сапраўды, дзіўнае пытаньне. Вядома, гэта заўсёды радасна, таму што прэмія сьведчыць аб тым, што твая праца знаходзіць водгук і што цябе разумеюць, цябе чытаюць. Для пісьменьніка гэта, безумоўна, добрыя хвіліны.Хацелася б, каб і на бацькаўшчыне было нешта такое — ня ў тым сэнсе, што я хачу прэміі — а каб былі такія адносіны да пісьменьніка, як за мяжою.
Напрыклад, я атрымала ліст ад прэзыдэнта Нямеччыны, якога тады, калі мне ўручалі Прэмію міру нямецкіх кнігавыдаўцоў у кастрычніку, не было ў Нямеччыне. Ён піша, што шкадуе аб гэтым, але хоча са мной сустрэцца. І ён кажа: я ведаю, што вы будзеце яшчэ ў сьнежні, вось давайце і сустрэнемся. Вы разумееце, які там узровень адносінаў да пісьменьніка, да тэмаў, якімі мы займаемся? Гэта радасна і сумна адначасова.
Максімюк
: А ці атрымалі Вы калі-небудзь нейкую літаратурную прэмію ў Беларусі?Алексіевіч
: Не, у Беларусі ў мяне не было ніводнай прэміі. Расейскія прэміі былі, вялікія і малыя — напрыклад, вельмі вялікая прэмія «Трыюмф». Беларускіх не было ніколі.Максімюк
: Вы згадалі ліст ад прэзыдэнта Нямеччыны. А вось Вы калісьці напісалі ліст беларускаму прэзыдэнту. Ён Вам адказаў?Алексіевіч
: Ведаеце... Гэта Кацярына ІІ адказвала сваім пісьменьнікам, перапісвалася з Вальтэрам... На жаль, наш прэзыдэнт ня лічыць патрэбным кантактаваць зь пісьменьнікамі.Максімюк
: У Вас да яго прэтэнзія ці, можа, Вы спадзяваліся на адсутнасьць рэакцыі на Ваш ліст зь яго боку?Алексіевіч
: Не, справа не ў прэтэнзіі. Я проста хачу сказаць, што заўсёды сумна ўсьведамляць сабе, у якім часе мы жывем і якія ў нас адносіны палітычнай эліты з гуманітарнай ды наогул між людзьмі. Вельмі сумна якраз ад таго, што ў нашым грамадзтве няма дыялёгу, што ў нас нейкі камандны стыль ва ўсім. Ну і зразумела, што дыктатура ці любая форма аўтарытарнай улады робіць наша жыцьцё вельмі прымітыўным. Уся піраміда сходзіцца недзе зьверху на адным чалавеку. Гэта як у партызанскім атрадзе — усё залежыць ад таго, што гэта за чалавек, ад узроўню яго адукацыі, ад узроўню яго разуменьня жыцьця. Нешта такое адбываецца і ў нас.Час расчараваньня
Максімюк
: А як бы Вы параўналі стаўленьне ўлады да пісьменьніка цяпер і, скажам, 25 гадоў таму, калі яшчэ існавала савецкая сыстэма?Алексіевіч
: Я павінна прызнаць, што ў савецкую эпоху — як ні дзіўна гэта будзе гучаць — мы жылі ў больш эўрапейскім часе. Таму што існавалі нейкія стандарты. Падпадаў Брэжнеў або Машэраў пад гэтыя стандарты ці не — але гэтыя стандарты існавалі. І быў акрэсьлены ўзровень патрабаваньняў да эліты. Я тут не кажу пра савецкую літаратуру, але ўсё ж размова тады ішла пра «чалавека на выраст». А цяпер людзей пакінулі самім сабе, цяпер няма ніякіх аб’яднальных ідэй, акрамя таго, каб выжыць. Трэба прызнаць, што грамадзтва дэградуе. Адзінае, на што можна паспадзявацца, дык на жывую сілу ў людзях. Яны ўсё ж езьдзяць з тымі клятчастымі сумкамі па ўсім сьвеце ўжо 20 гадоў, яны бачаць, як жывуць іншыя, яны чамусьці вучацца. У кожным разе, калі зойдзеш у дом нават сярэдне заможнага чалавека, дык убачыш, што ўжо няма тых катухоў і маленькіх пакойчыкаў, а ёсьць вялікая вітальня, якую ён бачыў у Польшчы або Чэхіі. Гэта ўжо крыху іншае жыцьцё. Іншыя кветкі растуць у агародчыку. То бок само жыцьцё неяк рухаецца. І надзея толькі на гэта. А грамадзтва, у прынцыпе, рассыпалася.Максімюк
: Дык вось я хачу запытацца ў Вас пра сучаснае жыцьцё і грамадзтва. Я толькі што прачытаў Ваш «Час second-hand». У гэтай кніжцы расчараваньне жыцьцём у вашых герояў, якое наступіла пасьля падзеньня камунізму, калі можна так сказаць, заглушае ўсе іншыя эмоцыі. Француская перакладчыца Вашай кнігі якраз слова «расчараваньне» вынесла ў загаловак францускага выданьня, якое называецца «Канец чырвонага чалавека, або Час расчараваньня». З чым у першую чаргу зьвязанае гэтае расчараваньне — толькі з тым, што 25 гадоў таму вашы героі былі маладыя, а маладосьць — яна і ў таталітарнай сыстэме маладосьць, то бок найлепшы час у жыцьці чалавека? Ці, можа, ёсьць іншыя, менш асабістыя прычыны для гэтага татальнага расчараваньня жыцьцём у часе, які вы называеце «second-hand»?