Алексіевіч
: Я думаю, што зводзіць усё да біялёгіі — гэта занадта спрошчаны погляд на людзей і на час, у якім мы апынуліся. Калі прыйшоў гарбачоўскі час, усе людзі рванулі — яны рванулі да нейкага справядлівага, сумленнага жыцьця. Гэта была, безумоўна, ілюзія. Мы тады былі наіўныя, праўда? І тое, што атрымалася, нікому не падабаецца — тое, як усё падзелена; тое, хто сёньня пры ўладзе; тое, якая цяпер улада; тое, што калі ў цябе ёсьць грошы, дык ты чалавек; а калі няма грошай, дык пайшоў ты пад стол і маўчы... Калі ў цябе ёсьць грошы, ты можаш жыць у запаведным лесе і ставіць сваё жытло, дзе толькі захочаш... А калі ты прыбліжаны да галоўнага, дык ты ўвогуле можаш рабіць што заўгодна. І, вядома, ёсьць расчараваньне ўсім, што, як кажуць, атрымалася яшчэ горшым, чым было. Не заўсёды можна з гэтым пагадзіцца, але людзям не падабаецца сёньняшняе жыцьцё. Ну, ня несьлі ж яны плякаты ў 90-тыя гады з падтрымкай Абрамовіча або з надпісам «Лукашэнку да ўлады». Ніхто ж гэтага не хацеў. Вось з чым зьвязана расчараваньне. Пры чым тут маладосьць? Маладосьць — гэта цалкам асобная рэч. А рэч у тым, што ў нас зноў атрымалася ня тое, чаго мы хацелі. Нельга нікога акрамя сябе вінаваціць у гэтым. Мы не былі да гэтага падрыхтаваныя, ні эліта, ні народ, якога мы, праўду кажучы, ня ведалі. Мы сядзелі на кухні і прыдумвалі сабе нешта. Так што вось аб чым людзі шкадуюць — аб тым, што ты сёньня яшчэ болей ніхто, чым пры савецкай уладзе. І гэта праўда.Я, напрыклад, нядаўна езьдзіла па вёсках, была ў сям’і выдатных настаўнікаў, у якіх выдатныя дзеці. І яны ня могуць вучыць гэтых дзяўчатак. А ў савецкі час мае бацькі, настаўнікі, вывучылі траіх дзяцей, траім дзецям далі вышэйшую адукацыю. Сёньня гэта ўжо немагчыма.
Пісьменьніцкая доля
Максімюк
: У сувязі з гэтым я хачу Вам паставіць больш асабістае пытаньне. Вас, Сьвятлану Алексіевіч, найбольш вядомую ў сьвеце пісьменьніцу зь Беларусі, жыцьцё ў цяперашнім часе таксама расчаравала? Калі так, дык чым?Алексіевіч
: Безумоўна, мяне расчаравала тое, што атрымалася — як і ўсіх нас. Я думаю, што ўсе, хто жыве непасрэдна тут, нейкага зачараваньня і надзеі на «эфэкт травы», то бок на тое, што вырастуць новыя пакаленьні, ня маюць. Новыя пакаленьні растуць, але яны даволі сэрвільныя. І гэта мне нейкага вялікага аптымізму не дадае.А як пісьменьнік я адчуваю сябе чалавекам, які рабіў бы сваю справу пры любым рэжыме — і пры савецкай уладзе, і цяпер. Значыць, на маё прыватнае жыцьцё гэта ніяк не магло паўплываць.
Максімюк
: Скажыце, а як цяпер зьмянілася грамадзкае стаўленьне да пісьменьніка? Я калісьці размаўляў на гэтую тэму зь вядомым чэскім пісьменьнікам і дысыдэнтам, Іванам Клімам, і ён тады ці то паўжартам, ці то паўсур’ёзна сказаў нешта накшталт: У таталітарную эпоху, калі я быў пісьменьнікам, якога афіцыйна не публікавалі, а мае рэчы выходзілі самвыдатам, людзі потайкам падыходзілі да мяне на вуліцы і, аглядаючыся па баках, паціху дзяліліся ўражаньнямі ад маёй апошняй кніжкі. Тады, казаў Кліма, я быў для грамадзтва нейкай пэрсонай. Цяпер, калі ўжо няма камунізму, на мяне і сабака не забрэша... Ці Вы таксама адчуваеце, што нешта ў гэтым сэнсе зьмянілася?Алексіевіч
: Па-мойму, можна казаць пра нешта падобнае. Аўтарытэт пісьменьнікаў у грамадзтве быў зьведзены да нуля. Гэта выглядае крыху іначай у Расеі, крыху іначай у нас. Мы для ўлады ўжо не ўяўляем нейкага сур’ёзнага супраціву. Калі ўлада і баіцца нас, дык па інэрцыі... А насамрэч, калі я гавару зь людзьмі, якіх сустракаю на вуліцы ці ў кавярні і якія мяне пазнаюць, дык выяўляецца, што людзі практычна нічога ня ведаюць пра беларускую літаратуру. Толькі зрэдку можна знайсьці такога патрыятычна настроенага, нацыянальна арыентаванага чалавека, які можа пра яе нешта сказаць. Але гэта вельмі рэдка. А так — людзі занятыя зусім іншым... Вось сёньня, як казаў мне адзін таксіст, у якога дзьве дзяўчынкі, я зарабляю на куртачкі для іх, у наступным месяцы я павінен зарабіць ім на абутак, а потым куды-небудзь іх паслаць, даць адукацыю... Як добра сказаў адзін з расейскіх сацыёлягаў, наш сьвет населены людзьмі, якія «спрабуюць». Калі ў 1990-х прыйшла свабода, яны ня кінуліся чытаць Салжаніцына, асэнсоўваць, што адбылося, слухаць і чытаць беларускіх нацыянальных лідэраў, якія змагаліся ў свой час за Беларусь... Яны сталі «спрабаваць», езьдзіць, глядзець на сьвет. То бок іх зацікаўленасьць стала вельмі моцна матэрыяльнай. І нам абсалютна ня варта перабольшваць сваю ролю.Што такое Эўропа?
Максімюк
: Ну і Вы таксама сталі езьдзіць. Вы сталі бываць у Эўропе, жылі там даўжэйшы час. Скажыце, як Вам тамтэйшае эўрапейскае жыцьцё? Чым яно Вас уразіла і ў які бок — станоўчы ці адмоўны?