Алексіевіч
: Я пражыла ў Эўропе 12 гадоў, у найбольш разьвітых эўрапейскіх краінах: Нямеччыне, Францыі, Італіі, Швэцыі. Мне спадабалася тое жыцьцё, хоць у ім ёсьць і свае страты, і свае тупікі... Але ў ім ёсьць нейкі такі мэханізм, у якім розныя групы людзей знаходзяцца ў дыялёгу. Гэта ўжо адладжаны мэханізм, і ён існуе на ўсіх узроўнях. Там нікому нельга зьняважыць міністра, як гэта робіцца ў нас. Няхай бы Мэркель паспрабавала каго-небудзь так зьняважыць. Назаўтра на вуліцу выйшлі б мільёны людзей. Вось гэта і ёсьць Эўропа. Эўропа — гэта ня «аўдзі» і не якая-небудзь шмотка, а вось гэта, пра што я сказала. А калі ў нас людзі сядзяць у турме — я пра гэта ня раз пыталася ў дзясяткаў людзей — дык мне адказвалі: ну вось, дурні, палезьлі і атрымалі. То бок ніхто на вуліцы ня выйшаў. Выйшлі сотні, ня болей за гэта... Пра якую Эўропу тут можна весьці гутарку? А там гэты мэханізм адладжаны. Там ёсьць пачуцьцё чалавечай годнасьці, якога ў нас не знайсьці днём з агнём, ні зьверху, ні зьнізу. Вось гэта самае моцнае эўрапейскае ўражаньне.Максімюк
: Калі я Вас зразумеў, жыцьцё ў Беларусі адрозьніваецца ад эўрапейскага перш за ўсё ўзроўнем грамадзкай салідарнасьці і павагі да чалавека як да асобы. Ёсьць яшчэ іншыя адрозьненьні?Алексіевіч
: Нядаўна мяне моцна зьдзівіў адзін беларускі пісьменьнік, які раптам задаў францускаму прэс-аташэ па культуры пытаньне: праўда, што беларусы эўрапейцы, у адрозьненьне ад расейцаў? Уяўляеце, да якой ступені мы захварэлі, калі мы ўсё гэта разумеем на такім узроўні?Я хачу сказаць, што Эўропа — гэта не геаграфічнае паняцьце, а мэнтальнае. Маё жыцьцё ў Эўропе мяне цалкам упэўніла ў тым, што нас проста немагчыма супаставіць з галяндцамі або французамі па самаадчуваньні. Там чалавек проста не дазволіць абыходзіцца з сабою так, як у нас. Там чалавек ня будзе галасаваць за чалавека, якога не паважае. Там працуе грамадзтва, працуе калектыў. Калі трэба паставіць нейкі помнік у горадзе, дык гарадзкая грамадзкасьць абмяркоўвае гэта два гады. А ў нас прыйшоў і сказаў — будзе там. А чаму будзе? А хто гэта вырашыў? Дзе вучоныя, дзе архітэктары? Вось у чым эўрапейскае жыцьцё. Яно — ва ўсіх дробязях, яно і ў тым, як людзі раніцай выносяць сьмецьце, рассартоўваючы яго ў тры або чатыры кантэйнэры. Эўропа — гэта выкананая велізарная праца, і то не адным пакаленьнем. Я думаю, што размовы нашых маладых людзей пра Эўропу сьведчаць толькі пра тое, што яны ўяўляюць сабе Эўропу на ўзроўні мітаў. І Эўропу, і сваё месца ў ёй.
Я не магу ўявіць сабе, каб у нас пры такой колькасьці дзяцей з анкалягічнымі захворваньнямі не было таварыства мацярок у абарону гэтых дзяцей. У нас няма проціатамнага руху, няма моцнага экалягічнага руху, у нас няма сапраўднага валянтэрства. З гэтага тчэцца арганізм чалавечага жыцьця ў Эўропе. У нас нічога падобнага няма. А ёсьць нейкія мары маладых людзей за келіхам віна ў кавярні...
Максімюк
: Гэта прагучала даволі пэсымістычна. Вы ня бачыце зрухаў у постсавецкім грамадзтве да такога разуменьня грамадзкага жыцьця, да якога дайшлі высокаразьвітыя грамадзтвы ў Эўропе?Алексіевіч
: У Беларусі я гэтага ня бачу. У Расеі я нешта такое бачыла, калі там былі пажары і калі валянтэры дапамагалі людзям... Праўда, у нас такое таксама здаралася некалькі разоў. Калі я зьбірала матэрыял для новай кнігі для аповеду пра маладых, якія сядзелі ў турме на Акрэсьціна, тады я гэта бачыла, калі маладым везьлі і грошы, і рэчы... На гэта бязь сьлёз нельга было глядзець...Максімюк
: Дык, можа, адказ на пытаньне пра рух Беларусі да Эўропы якраз і хаваецца ў маладых — трэба адно, другое, трэцяе пакаленьне, каб грамадзтва зьмянілася?Алексіевіч
: Ведаеце, я ня думаю, што справа тут толькі ў пакаленьнях. Маё пакаленьне шасьцідзесяцігадовых непатрэбнае, яно кудысьці адышло, сьцерлася... Пасьля таго, як я вярнулася з Эўропы, мяне ўвесь час хвалюе адно пытаньне: дзе нашы людзі? Калі я выяжджала, мне здавалася, што нас было вельмі шмат. А цяпер — нікога няма. Маё пакаленьне сышло са сцэны, сышло з адчуваньнем паразы. Я думаю, маё пакаленьне магло яшчэ шмат чаго зрабіць. Але, безумоўна, Вы тут маеце рацыю. Толькі час і, магчыма, тэхніка — смартфоны, якія хутка будуць разумнейшыя за нас — працуюць на свабоду.Пытаньне не даспадобы
Максімюк
: Вы заўсёды моцна падкрэсьліваеце сваё ўкараненьне ў расейскай культуры. З другога боку, Вы жывяце ў Беларусі і не адмаўляецеся ад беларускай ідэнтычнасьці. Таму наступнае пытаньне да Вас я кірую як да экспэрта ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Скажыце, чым па-Вашаму адрозьніваецца беларускі і расейскі мэнталітэт, склад думкі, характар, сьветапогляд, ці як гэта яшчэ назваць? Чым беларус адрозьніваецца ад расейца, калі наогул?