Алексіевіч
: Я канешне падумала ня пра сябе. Адзін тэатар нямецкі ставіў «У вайны не жаночае аблічча» і хацеў, каб некалькі гераінь прыехалі ў Франкфурт. І вы ведаеце, я абтэлефанавала нумароў 50, і нікога няма ў жывых. А перад гэтым у мяне такі самы досьвед быў з маім героем з Чарнобылю. І я падумала: а вось як шкада, што гэтыя людзі не даведаюцца. Але кнігу яны трымалі ў руках. Падумала пра тое, што гэта ня толькі мне ўзнагарода, а ўзнагарода... і наогул, нашу культуру ў нашай маленькай краіне, якая ўсю гісторыю і цяпер у нейкіх жорнах, калі яе ціснуць з усіх бакоў. Неяк я падумала пра гэта. Я ня буду хаваць, вядома, гэта была моцная асабістая радасьць, ну і вядома ж трывога, таму што ўсё ж такі вялікія цені такія — Бунін, Пастэрнак... Гэта занадта вялікія цені, і яны як бы ажылі для мяне, гэта вельмі сур’ёзна, і калі часам я задумвалася, што я стамілася, што я расчаравалася ў нейкіх рэчах, то цяпер я падумала, што не, планку немагчыма будзе зьнізіць.Пытаньне
: А каму б Вы хацелі падзякаваць ў першую чаргу?Алексіевіч
: У першую чаргу я б вядома сказала дзякуй маім настаўнікам: Адамовічу і Быкаву. Вось гэта мае настаўнікі. І Быкаў, які быў прыкладам такой чалавечай стойкасьці, і Алесь Адамовіч, які, вось як ставяць голас, я б сказала ён паставіў мне машыну мысьленьня, гэты чалавек. Я нікога роўнага яму ў беларускай культуры ня ведаю, па эўрапейскім размаху. Вось пра гэтых людзей, што тычыцца Беларусі, я падумала ў першую чаргу. А так у мяне шмат: мае героі, мае выдаўцы па ўсім сьвеце, людзі, якія прымушалі мяне пра нешта падумаць, якія дарылі мне нейкую здагадку пра чалавека, таму што каб новае пачуць, трэба па-новаму спытаць. Так што ўсе мы складаемся з настаўнікаў. Усе мы стаім на плячах роду, на плячах людзей, якіх сустрэлі.Нядаўна, учора прачытала ў блогах, адзін кажа: калі мяне спыталі, як ты ставісься да таго, што Алексіевіч могуць даць прэмію. А другі кажа, я не чытаю яе кнігі, толькі фільм яе глядзеў. А я, кажа, адчуваю гонар. Вось я б хацела, каб гэта быў гонар. Што мы — маленькая ганарлівая краіна.
Пытаньне
: Вы можаце растлумачыць, што азначае для Вас быць беларускім пісьменьнікам, які піша на расейскай мове?Алексіевіч
: Я пішу пра чалавека-ўтопію, пра чырвонага чалавека, 70 гадоў гэтай утопіі, а потым 20 гадоў, як мы выходзім з гэтай утопіі. І яна размаўляла на расейскай мове. І адсюль у мяне мова, паколькі мае героі гэта і ўкраінцы, і расейцы, і беларусы, і татары, і цыганы нават ёсьць там — адна гераіня цыганка, то бок вельмі розныя, і я б магла сказаць, што я сябе адчуваю чалавекам беларускага сьвету, чалавекам расейскай культуры, вельмі магутная прышчэпка расейскай культуры, і чалавекам, які доўга жыў у сьвеце і, вядома, касмапалітам. Чалавек, які глядзіць на сьвет як на велізарную касьмічную прастору. Яшчэ мяне пераканаў у гэтым Чарнобыль, калі я пасьля Чарнобылю вельмі шмат езьдзіла, і ў мяне ёсьць кніга «Чарнобыльская малітва», і там, вы ведаеце, не адчуваеш сябе «я беларус», а ты адчуваеш, што ўсё жывое ў адным сьвеце, што мы усе адзін від. Гэта вельмі моцнае адчуваньне.Пытаньне
: Чаму Вас дагэтуль не павіншаваў беларускі прэзыдэнт, і як увогуле да Вас ставіцца беларуская ўлада?Алексіевіч
: Ну, беларуская улада робіць выгляд, што мяне няма, мяне не друкуюць, я не магу нідзе выступаць, ва ўсякім выпадку беларускае тэлебачаньне... Беларускі прэзыдэнт таксама. Дзьве гадзіны прайшло, як абвясьцілі прэмію, і лістоў 200 я ўжо атрымала, і там адзін вельмі добры хлопец напісаў: вось цікава, як будзе паводзіць сябе Лукашэнка, вось Домрачавай ён даў героя Рэспублікі Беларусь, што ён будзе рабіць? Мяне павіншаваў толькі міністар інфармацыі Расеі, Грыгор’еў, ён мяне павіншаваў адным зь першых.Пытаньне
: А званьне героя прымеце?Алексіевіч
: Трэба падумаць, але гэта ўсё роўна не ад Лукашэнкі, а ад Радзімы.Пытаньне
: Як толькі стала вядома пра Вашу ўзнагароду, у камэнтарах на расейскіх сайтах напісалі, што яна атрымала Нобэля дзякуючы нянавісьці да Расеі, «рускага сьвету», Пуціна і г. д. Ці лічыце Вы, што і праўда на нянавісьці Вы атрымалі прэмію і ці ёсьць у Вас нянавісьць да «рускага сьвету», дарэчы, Алег Кашын назваў вас адэптам «рускага сьвету».