Мне вельмі прыемна, што Сьвятлана заслужана атрымала Нобэля, я адчуваю ня толькі гонар за яе, але гонар і за нашу краіну. Бо кожны з нас, які тут нараджаецца, вучыцца, фармуецца і разьвіваецца як асоба, ня можа разьвівацца ў некім адасобленым асяродку.
Яна бярэ энэргію ад іншых талентаў, і гэтымі талентамі зьяўляюцца, паўтаруся, Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якія таксама маглі быць у гэтым сьпісе.
Але такія законы часу, яны дыктуюць свае ўмовы, свае правілы. І яны былі ў адным прамежку часу. Я рады за Сьвятлану проста па-чалавечы. Яна — першаадкрывальніца гэтага сьпісу.
Я перакананы, што і ў жывапісе, і ў іншых відах мастацтва, і ў навуцы — у кожнай галіне ёсьць беларусы, годныя Нобэлеўскай прэміі. Я ганаруся, Сьвятлана зрабіла першы крок. Я рады яе павіншаваць ад шчырага сэрца.
РС
: Спадар Віктар, але некаторыя ўпікаюць Алексіевіч: ну якая яна беларуская пісьменьніца, яна ж піша па-расейску, ганарыцца расейскай культурай...Дашук
: Калі я прыйшоў абедаць у рэстаран, і салата не спадабалася, а афіцыянтка была прыгожая, ветлівая, то я ўжо не зьвяртаю ўвагі на нейкую там салату... У кожнага чалавека ёсьць нейкія рысы, якія не адпавядаюць майму сьветапогляду, і гэта нармальна. І ў мяне са Сьвятланай былі розныя меркаваньні, рознагалосьсі. Але мы жывыя людзі, і калі кожны — асоба, яны ня могуць плыць у адным кірунку.Мне таксама хацелася б, каб яна была беларускай у чыстым выглядзе, ва ўсім. Але дайце чалавеку свабоду! Бацька ў яе беларус, маці — украінка. А тое, што Сьвятлана піша па-расейску — гэта дробныя рэчы, гэта мітусьлівыя рэчы.
Я ведаю беларускую мову лепей за расейскую, але свае артыкулы — за 20 гадоў іх было 10, і я пісаў іх па-расейску з адной простай прычыны: каб болей было чытачоў. Бо ў нашай складанай беларускай сытуацыі галоўнае, каб тваё слова, тваё шчырае імкненьне дайшло да як мага большай колькасьці людзей. Я стаўлюся да гэтага спакойна.
Івонка Сурвіла: «Ганаруся і спадзяюся, што не дазволіце называць Вас расейскай пісьменьніцай»
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
«Паважаная Сьвятлана, ад імя Рады БНР шчыра віншую Вас з атрыманьнем Нобэлеўскае прэміі! Я ганаруся, што Нобэлеўская Рада дала ўзнагароду Вам, пісьменьніцы зь Беларусі — гэтаксама, як ганаруся Васілём Быкавым, Адамам Міцкевічам, Маркам Шагалам, Міхалам Клеафасам Агінскім і ўсімі іншымі геніяльнымі творцамі, якіх дала чалавецтву наша зямля», — піша Івонка Сурвіла
ў сваім віншаваньні.«Упершыню беларуска стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Гэта вельмі важная і радасная падзея для Беларусі і беларусаў усяго сьвету. Для тых людзей у замежжы, хто яшчэ нічога ня ведае пра Беларусь — а такіх ёсьць шмат — гэта найлепшым чынам распавядзе пра нашую краіну. Я зь вялікім захапленьнем чытала Вашыя творы ў перакладах на францускую і ангельскую мовы. Спадзяюся, што калі-небудзь прачытаю іх і па-беларуску. Ганаруся Вамі — і адначасна спадзяюся, што Вы самі нікому не дазволіце назваць Вас расейскай пісьменьніцай. Посьпехаў Вам і здароўя!» — гаворыцца ў віншаваньні старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
Першая прэсавая канфэрэнцыя нобэлеўскай ляўрэаткі: «Сказала б дзякуй маім настаўнікам: Адамовічу і Быкаву»
8 кастрычніка 2015
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода, Менск