Читаем Святыя грэшнікі полностью

— Ну, ведаеш, — абурылася Цюка. — Ты прагрэсіруеш у сваім бяспрыкладным цынізме...

— А мне напляваць. Я хачу стаць славутым рэжысёрам, і я стану ім. Чуеш, стану. Запомні гэту гаворку.

— 3 такой філасофіяй не станеш, — сказала Цюка.

— Чалавеку на тое і дадзены язык, каб ён з дапамогай яго хаваў свае думкі, — сказаў Кірыла. — Я не такі дурань, каб кожнаму гаварыць тое, што сказаў вам. Ды я і вам нічога не гаварыў... Хочаш, Лазар, бяры маю ру­ку, і мы пойдзем разам да славы. Яе, славу, як капрызную дзеўку, не ўгаворваюць, а бяруць нахрапам.

— Не, Лазару з табой не па дарозе, — Цюка ўскочыла з ложка, на якім сядзела, і стала між імі.

— Кіньце вы спрачацца, — памяркоўна сказаў Бог­ша. — Хіба ты не бачыш, што Кірыла жартуе...

— Дай я цябе пацалую, — з нечаканай парыўнасцю сказаў Кірыла.

Яны абняліся і пацалаваліся на вечную дружбу.

Калі Кірыла Лыкавязаў пайшоў, Лазар сказаў жонцы:

— Каця, ты ставіш другога рэжысёра ў цяжкае становішча, калі адмаўляешся ад ролі ў Кірылавым фільме...

— А мне якая справа? — сказала Цюка і раптам насцярожылася, нібы лісіца перад пасткаю.

— А такая, што другі рэжысёр — твой муж, Лазар Богша.

— Ты ідзеш другім рэжысёрам? — у Цюкі ад здзіўлення дугою выгнуліся бровы, зламаліся ды так і застылі, як у тэатральнай масцы. — Ты не павінен ісці да яго рэжысёрам...

— Не забывайся, што я не маю ні дыплома, ні ра­боты.

— I ўсё роўна, усё роўна, — са слязамі на вачах ска­зала Цюка. — Ты моцны, дык чаму хочаш выглядаць слабым? Ты думаеш, што Кірыла паявіўся, каб памагчы нам? Наіўны ты чалавек!

— Але якая яму выгада браць мяне рэжысёрам, а цябе на галоўную ролю?

— Не ведаю, не ведаю, — заплакала Цюка. — Нічога не ведаю, але Лыкавязаў нешта задумаў...

Яны тады першы раз пасварыліся. А праз месяц, калі ў Лазара Богшы не засталося і капейкі грошай, Кірыла Лыкавязаў сказаў яму, што ягоную кандыдатуру не зацвердзіла студыйнае начальства. То была беспар­донная хлусня, як потым дазнаўся Лазар. А тады ён не ведаў, што рабіць. I той жа Кірыла параіў, каб ён паехаў куды падалей, дзе яго не ведаюць і дзе ён можа прыкласці свае сілы.


***

Сабраўшы нейкіх паўтары сотні рублёў, Лазар махнуў на другі канец нашай неабсяжнай краіны, падалей ад сораму і ганьбы, у край сейсмічных катастроф і сонечнай спёкі.

Дырэктар тамашняй кінастудыі — дабрадушны таўстун з потным тварам і бліскучымі чорнымі вачамі — сядзеў у вялізным кабінеце паміж двух вентылятараў, якія памалу паварочвалі свае ветрадуйныя хабаткі так, каб іхні гаспадар абдзімаўся з усіх бакоў.

— А-а-а-а, дарагі, заходзь, заходзь, даўно чакаю, — абрынуў ён на Богшу вадаспад слоў, калі той, прачакаўшы ў прыёмнай гадзіны чатыры, нарэшце трапіў у кабінет. — Рад бачыць цябе, дарагі таварыш. Ды што ты стаіш? Сядай у крэсла. Хваліся, адкуль прыехаў? А-а-а, ведаю, быў там. Як тваё прозвішча, дарагі? А што рабіць хочаш, не пытаю: фільмы хочаш здымаць. Безумоўна, рэжысёр. Па вачах бачу. У цябе, дарагі, вочы галодныя: па рабоце ссумаваўся. А можа, ты аператар? — раптам з надзеяй спытаў дырэктар. — Аператары нам во як патрэбны, па самае горла...

Пра гэтага дырэктара і ягоныя дзівацтвы Богша наслухаўся баек яшчэ ў інстытуце, таму адказаў з асцярогай, падумаўшы для сябе, што, бадай, ехаў сюды дарэмна.

— Не, я не аператар, — сказаў ён. — Шкадую, але не аператар.

— Хочаш, канечне, здымаць мастацкі фільм у дзвюх серыях? Спадзяюся, што сцэнарый напісаў сам?

Сцэнарый у Богшы быў. Але ён пабаяўся, што дырэк­тар разыгрывае яго, а таму вырашыў пра сцэнарый прамаўчаць.

— Сцэнарыя няма, — сказаў Богша. — А здымаць гатовы аднасерыйны фільм, нават кароткаметражку дакументальную. Мы людзі неганарлівыя.

— Ай-вай-вай, — залямантаваў дырэктар, — навошта аднасерыйныя. Будзеш здымаць толькі двухсерыйныя. Цяпер скажы шчыра: сам здымацца хочаш?

— Хачу...

— Ай-вай-вай! Маладзец! Правільна, дарагі! Сам пішаш сцэнарый, сам здымаеш па ім фільм, сам здымаешся ў ім у галоўнай ролі. Усё правільна! Слухай, а жонку, скажы сумленна, таксама будзеш здымаць у галоўнай ролі?

— Я нежанаты, — схлусіў Богша.

— Як жа так, дарагі, хочаш здымаць фільмы, а яшчэ нежанаты? Ну, ды гэта зусім не страшна. Жэнім, дараri, хорошую актрысу знойдзем, таленавітую актрысу знойдзем...

— Чаму актрысу? — па-шчыраму здзівіўся Богша. — Можа, я з афіцыянткай жанюся...

— А ты, дарагі, на самай справе рэжысёр? — занепакоена спытаў дырэктар, уважліва да яго прыглядаючыся. — Можа, разыгрываеш мяне, старога? Ведаю я ва­шага брата кіношніка.

— Я сёлета інстытут закончыў. Хочаце магу дыплом паказаць? — хлусіў і далей Богша, бо яму не было чаго губляць.

Перейти на страницу:

Похожие книги