Читаем Тарэадоры з Васюкоўкі полностью

РАЗДЗЕЛ VI. Выяўляецца, гэта глабулус! Касмічныя мары Фарадзеевіча. «Жыццё — заблытаная і складаная рэч!»

— «Атамная бомба»! «На транзістарах»! Барахольшчык! — пхыкаю я.

— Маўчы! «Давай злезем»! «Ногі размяць»! Герой! — пхыкае Ява.

Нам дрэнна. На душы, як кажуць, каты шкрабаюць. Гэта ж трэба так даць маху з гэтай «бомбай». Ды яшчэ й разліць тое з тэрмаса. Думка пра шкоду не давала нам спакою.

Фарадзеевіч прыехаў надвячоркам, і ў той дзень мы так нічога і не даведаліся. Не, усё ж такі даведаліся. Што Фарадзеевіч дзякаваў Кныша за вялікую «паслугу». Выяўляецца, «спецзаданне» даваў ён і Кныш па яго просьбе прывёз з аэрадрома таямнічы сіні тэрмас.

На наступны дзень з самай раніцы мы пабеглі да хаты Фарадзеевіча. Там ужо было шмат юннатаў-старшакласнікаў, з якімі Фарадзеевіч сябраваў.

Мы прыбеглі ўчасна — Фарадзеевіч якраз выйшаў на ганак з сінім тэрмасам у руках. Яго адразу абступілі юннаты.

— Антон Фадзеевіч, ну, скажыце! Антон Фадзеевіч, ну, калі ласка! Антон Фадзеевіч, ну, хоць намякніце! — вымольвалі нецярплівыя дзяўчаты.

— Пацярпіце, таварышы-грамадзяне, пацярпіце! Пра ўсё на месцы дазнаецеся. На Высокім востраве.

І Фарадзеевіч, акружаны юннатамі, выйшаў на вуліцу.

Мы, вядома, таксама прысталі да грамады.

Але тут двухметровы здаравіла дзевяцікласнік Грышка Бардадзім спатыкнуўся аб нас і загудзеў, як з бочкі:

— Ану, кыш! Круцяцца пад нагамі. Не вашага розуму справа! Кыш!

І мазнуў сваімі граблямі мяне і Яву па патыліцы.

У-у, бегемот! Ну пачакай, мы вырасцем, мы табе дадзім!

І чаго яны так насы дзяруць, гэтыя старшакласнікі? Падумаеш, мудрацы! Таксама двойкі атрымліваюць!

А на Высокі востраў мы й самі дарогу знойдзем.

Мы прыплылі туды раней за іх. Недарэмна Ява быў унукам дзеда Варавы, а я — Явіным сябрам. Мы зналі ў плаўнях такія вузенькія пратокі сярод чаратоў, якія рэдка хто ў вёсцы ведаў.

Высокі востраў — самы большы ў плаўнях. Высокім ён называўся таму, што ў яго высокія крутыя берагі. Пасярод вострава ёсць нават невялічкае азярцо, напалову зацягнутае раскай і белымі лілеямі. Уласна, гэта не возера, а затока, аддзеленая ад плёса невялічкай грэбляй. Напрадвесні, калі была вялікая паводка, Фарадзеевіч для нечага загаціў пратоку, і цяпер узровень вады ў тым азярцы быў вышэйшы за ўзровень вады ў плаўнях.

Мы схавалі свой човен у чаратах, а самі прыселі ў кустах непадалёк ад азярца — не хацелася заводзіць сварку з тым Бардадзімам, пакуль мы яшчэ не выраслі.

На тым беразе азярца стаяла пабудова Бурмілы — гэта была яго паляўнічая база, альбо, як ён казаў, «прэзідэнцыя». Самога Бурмілы не відаць — або рыбу ловіць, або спіць пасля чаркі, або... Ды мы пра гэта ўжо не думаем (пасля «атамнай бомбы на транзістарах» неяк не думалася). Ужо чуваць пісклявыя галасы дзяўчат і ненатуральны (няйначай у яго ў роце галушка) Бардадзімаў бас.

Трое чоўнаў прыстала да вострава. Фарадзеевіч з тэрмасам у руках падыходзіць да азярца. Юннаты абступаюць яго.

Фарадзеевіч урачыста падымае тэрмас і пачынае (голас яго дрыжыць і перарываецца ад хвалявання — ён заўсёды хвалюецца, калі расказвае пра якое-небудзь адкрыццё):

— Дык вось... дарагія таварышы-грамадзяне, вось... тут... унутры... прыляцела да нас... знаеце адкуль... З Сахаліна. Так-так... сотні і сотні, як бачыце, кіламетраў. А наперадзе яшчэ мільёны ці нават мільярды мільярдаў кіламетраў... Ведаеце, што тут? Тут... тут... таварышы-грамадзяне... будучая ежа касманаўтаў... зоркавых нябесных жыхароў будучых... Вось яно што! Вы, напэўна, чулі пра цудадзейную водарасць — хларэлу... Га? Дык вось... у гэтым тэрмасе — новы від гэтай водарасці. Глабулус! Магчыма, яшчэ лепшы за хларэлу... Мой сахалінскі сябар вывеў у лабараторыі... І прыслаў, каб мы... тое самае... прадоўжылі працу. Вырасцілі глабулус у прыродных умовах. Праверылі, як ён акліматызуецца і будзе расці. Разумееце, якая адказнасць! Магчыма, уявіце сабе, касманаўты калі-небудзь будуць частаваць нашым глабулусам марсіян ці іншых якіх гаўрыкаў.

Мы з Явам слухалі не дыхаючы.

— Чуеш, ежа астраномаў, а мы... — шапчу я перасмяглымі вуснамі.

— Касманаўтаў! Астраномы — тыя, што ў трубу залазяць. Тыя сала і варэнікі ядзяць, як і мы з табою.

— Ведаю!.. Гэта я так... Які разумны! — шапчу я. І ўяўляю сабе:

...Агромністая ракета на старце... Касманаўты, якія заходзяць у ракету, людзі каля падножжа ракеты. Яны адразу расступаюцца, прапускаючы аўтавазок, на якім штабелі кардонных скрынак. На кардонках вялікімі літарамі напісана: «Глабулус», «Прывітанне з Васюкоўкі», «Глабулус «Васюкоўскі»...

А тады — Марс... У празрыстым шлеме, у скафандры стаіць касманаўт на фоне фантастычнага марсіянскага пейзажу, акружаны марсіянамі, і частуе іх глабулусам, выціскаючы яго з цюбіка, як зубную пасту. Марсіяне каштуюць, цмокаюць ад задавальнення і паказваюць вялікі палец — во!

Толькі — чым жа будуць частаваць, што ж будуць есці бедныя касманаўты, калі мы з Явам, як на тое ліха, перавярнулі гэты тэрмас?

Перейти на страницу:

Похожие книги