Читаем Тарэадоры з Васюкоўкі полностью

— Глабулус — аднаклетачная мікраскапічная водарасць, — захоплена гаворыць Фарадзеевіч, — і няўзброеным вокам вы яго, вядома, не пабачыце...

«Ой, здаецца, і ўзброеным таксама...» — трымціць маё сэрца.

— Сягоння мы яго, так сказаць, пасеем, потым пачнём падкормліваць... Ён пачне хутка размнажацца, і тады вы пабачыце...

«Пабачыце-пабачыце... калі будзе што сеяць... Ой, бяда, навошта мы палезлі, навошта чапалі гэты тэрмас?»

Зараз Фарадзеевіч адкруціць вечка і... І будзе жахлівы «пшык», як гаворыць дзед Салівон. Тая драбіна Бардадзім першы захіхікае — я яго ведаю.

І каго, каго мы падводзім! Чалавека, перад якім мы («гангстэры!») нямеем ад захаплення і робімся паслухмянымі, як авечкі, чалавека, які, калі запытаць: «Каго ты болей за ўсіх любіш?», стаіць у нас на трэцім прызавым месцы (пасля мамы і таты), а часам выходзіць на другое і нават першае (калі тата: «Ану, скідай штаны, гультаіна!», а мама: «Вось пачакай-пачакай, я табе вушы паабдзіраю!»). Праўда, наша любоў была платанічнай, схаванай ад чужых вачэй; Фарадзеевіч пра яе, магчыма, нават не здагадваўся, бо справу меў найчасцей з тымі бардадзімскімі старшакласнікамі, якія нас («Акыш, маляўкі!») на гарматны стрэл да яго не падпускалі. Але тым больш...

Фарадзеевіч адкручвае вечка і ўрачыста гаворыць:

— Увага, таварышы-грамадзяне, вы-лі...

Мы з Явам маланкава пераглянуліся:

— Гой!

— Вой!

Спачатку з кустоў вылецела наша войканне, а за ім — мы.

— Стойце! Не ліце!

Вы памятаеце, у спектаклі «Рэвізор» Гогаля ёсць у канцы нямая сцэна, калі ўсе застываюць у розных позах з разяўленымі ратамі. Дык вось, зусім такая ж сцэна паўтарылася і зараз. На нейкае імгненне, вядома. Першы апамятаўся Фарадзеевіч.

— Што? — здзіўлена запытаў ён.

— Мы... — сказаў Ява і глянуў на мяне.

— Мы... — сказаў я і глянуў на Бардадзіма.

— Мы... — паўтарыў Ява і таксама глянуў на Бардадзіма. — Мы... толькі вам можам... па сакрэту...

Фарадзеевіч усміхнуўся.

— Па сакрэту дык па сакрэту. Я люблю сакрэты.

Ён адышоўся з намі ўбок і схіліўся, наставіўшы вуха. І мы, перабіваючы адзін аднаго, шэптам расказалі ў тое вуха чыста ўсё. У канцы Ява сказаў:

— А цяпер скажыце ўсім... Няхай нам надаюць... па заходнім паўшар'і... Мы згодны.

Фарадзеевіч неяк дзіўна скрывіўся і працягнуў:

— Вунь яно што... Добра...

Потым рашуча накіраваўся да юннатаў. Мы, заклаўшы рукі за спіну, як арыштанты, папляліся за ім.

— Дык вось, таварышы-грамадзяне, — сказаў Фарадзеевіч. — Гэтыя маладыя людзі (мы апусцілі галовы) прапануюць спачатку добра ўзмацніць грэблю, ачысціць плёс, а тады ўжо...

Мы ўстрапянуліся, не верачы сваім вушам. Фарадзеевіч нахіліўся і шапнуў:

— Думаю, таго, што засталося, хопіць...

Потым выпрастаўся і голасна прамовіў:

— Правільна яны прапануюць, га?

— Правільна! Правільна!

— Ачысціць! Вядома! — пачуліся галасы.

— Сакрэт, — праз зубы працадзіў Грышка Бардадзім і ляснуў сваімі граблямі па патыліцы спачатку мяне, потым Яву.

А мы нават не адчулі. Мы пераглянуліся і засмяяліся.

А калі юннаты палезлі ўмацоўваць грэблю і ачышчаць азярцо ад раскі, мы з такім азартам узяліся дапамагаць, што вада ажно завірылася, закіпела навокал. Раз-пораз мы кідалі на Фарадзеевіча палкія ад захаплення позіркі. Вось гэта чалавек! Вось чалавек! Калі б ён нам сказаў цяпер: «Піце, хлопцы, возера!» — далібог, выхлебталі б усё да дна.

Неўзабаве возера было чыстае — ні расачкі. Усе вылезлі на бераг.

Фарадзеевіч нахіляе тэрмас, і тоненькім струменьчыкам ільецца ў возера празрыстая вадкасць (якая, выяўляецца потым, была «спажыўным асяроддзем» глабулуса). Ільецца і дзюрчыць. Ільецца і дзюрчыць. Гэтае дзюрчанне здалося нам чароўнай музыкай.

— Скажыце, калі ласка, — нясмела пытае Ява, — а які ён будзе? Калі прыжывецца?

— Які? Бачыце гэты плёс? Ён будзе смарагдавым, як... Як шоўк. Уяўляеце?

Мы заківалі галовамі, хоць я, па праўдзе кажучы, не вельмі гэта ўяўляў.

— А які ён на смак? — пачуўся за намі голас Бурмілы (мы яшчэ раней заўважылі яго ўскудлачаную галаву, якая выглядвала з «прэзідэнцыі», але нам не да яго было).

— Як вам сказаць, — павярнуўся да Бурмілы Фарадзеевіч. — Асабіста я не каштаваў. Але думаю, што падобнае на салату...

— На салату... Скажыце! Выходзіць, пад «Сталічную» ў самы раз. Люблю салацікі... Дасце хоць пакаштаваць з першага ўраджаю?

І ён хрыпла зарагатаў.

— А чаму ж, калі ласка, — так шчыра і сардэчна адказаў Фарадзеевіч, што Бурміла адразу зніякавеў.

— Ды не, я жартую... Гэта я так, пасмяяцца. Дзеля жарту.

Мне нават здалося, што ён пачырванеў. Я глянуў на яго і падумаў: «Няўжо гэта шпіён? Жывы шпіён? Цьфу! Нейкі зусім не падобны. Ні ў якім кінафільме не было шпіёнаў, якія б чырванелі. Ні ў адной кнізе дэтэктыўнай...» Але Яву я нічога не сказаў, не адважыўся.

...У той дзень у вёсцы толькі й гаворкі было, што пра глабулус.

Куды ні ткнешся:

— Чулі? Фарадзеевіч з вучнямі водарасць на Высокім востраве вырошчвае. Асаблівую нейкую.

— Кажуць, карысная — жах! Вітамінаў шмат. Адны вітаміны.

— А ты што думаў — касманаўтаў трэба макухай карміць?

— А ўжо ж, для іх найлепшае прыдумаюць.

— Там вітамін на вітаміне сядзіць і вітамінам паганяе.

— А па-мойму, найболей вітамінаў — у гарэлцы.

Перейти на страницу:

Похожие книги