— Ты ўсё роўна не паверыш, падумаеш, што я зманіў.
— Ну?
— Шпіёны на мяне ноччу нападалі. От табе й ну! Біўся я. Так біўся, як ніколі ў жыцці. Думаў, што загіну. Вось бачыш, — ён ткнуў пальцам у падзёртую шчаку, тады задраў сарочку і паказаў сіняк на рэбрах.
— Ну? Ну? — нецярпліва запытаў я. — Як жа яно было?
— Чакай. Я ўсё па парадку. — І Кукуруза пачаў расказваць мне ўсё тое, пра што вы ўжо ведаеце.
Калі ён дайшоў да апісання бойкі з незнаёмым — як ён убрыкнуў нагамі, як незнаёмы ўпаў на яго і пачаў драпацца, — у мяне ў жываце раптам нешта засмяялася, прабулькала ў горле і вырвалася кароткім гікам.
Кукуруза ад абразы толькі хмыкнуў.
— Ты што — дурны? Табе, вядома, смех. Паспрабаваў бы ты.
— Ану, паўтары яшчэ раз, як яно ўсё было, — папрасіў я.
Кукуруза паўтарыў. Я пахітаў галавой, уздыхнуў і сказаў:
— Гэта быў я.
Кукуруза вылупіў на мяне вочы, потым моўчкі скруціў дулю і паднёс да майго носа:
— На!
Я адвёў яго дулю сваёй дуляй і паўтарыў:
— Гэта точна быў я... Глядзі, — я закасаў калашыну і паказаў на назе вялізны сіняк. — Твая работа.
І расказаў усё, што здарылася са мной гэтай ноччу. Кукуруза толькі лыпаў вачамі.
— Дык выходзіць, што гэта... што гэта... біліся мы з табой? А мне ж здавалася, што быў нехта такі вялізны...
— А мне, думаеш, не? Проста волат.
Мы пераглянуліся і раптам як зарагаталі.
— Вось здорава!
— Вось гэта штука!
— І як я мог цябе не пазнаць?
— А я?
— Хоць бы слова сказаў.
— А ты чаго ж — як вады ў рот набраў?
— З перапуду.
— З перапуду!
— А незнаёмы, значыць, і не вылазіў з чоўна?
— Не вылазіў.
— А куды ж потым падзеўся?
— Знік недзе. Паехаў. Я на дрэва з перапалоху залез — усю ноч на галіне, як малпа, прасядзеў, аж да світання. І вачэй не звёў. Толькі як развіднела, уніз спусціўся і задрамаў трохі.
— А чаго ён прыязджаў, як ты думаеш?
— А я ведаю? Не ў госці ж да мяне, напэўна.
— А ты чуў, як нешта ў ваду боўтнула?
— Чуў, вядома. У мяне аж у жываце нешта здрыганулася.
— Можа, кагосьці ўтапілі? Га?
— Хто яго ведае.
— Дык, можа...
— Цыць! — Кукуруза раптам схапіў мяне за руку. — Прыгніся.
Яшчэ не ведаючы, у чым справа, я паслухмяна прыгнуўся.
— Глянь! — прашаптаў Кукуруза.
На плёс выплыў човен. У ім сядзеў Кныш.
Човен плыў тым самым «курсам», што і ноччу. Каля вострава. Потым знік за карчамі. Мы кінуліся ў траву і паўзком — туды.
За тымі карчамі востраў канчаўся. Там нікога не было.
— У човен!
Мы кінуліся да пласкадонкі.
Кукуруза спыніўся.
— Узяць ружжо?
— Не трэба! — запярэчыў я, потым дадаў: — Няма калі.
Мы селі ў човен і пачалі набліжацца да таго месца, дзе ноччу знік незнаёмы. І хоць была раніца, свяціла сонца, сэрцы ў нас біліся трывожна — мы не ведалі, што нас чакае там, за карчамі. А што, калі сапраўды нешта жахлівае...
За карчамі пачыналася струга. А навокал — густыя чараты. Шлях быў адзін. Мы ўплылі ў стругу. Яна была вузенькая, але роўная і амаль што нікуды не паварочвала.
Неўзабаве мы выплылі на невялікі плёс і ўбачылі востраў. Я здзіўлена глянуў на Кукурузу. Гэта быў Высокі востраў. Вунь і Бурмілаў будан — «прэзідэнцыя» — якраз каля берага. Я і не ведаў, што па гэтай струзе можна трапіць на Высокі востраў.
Мы асцярожна падплывалі да берага. Каля яго стаялі два чоўны.
З будана даносіліся галасы Бурмілы і Кныша. Іх не было відаць. Мабыць, сядзелі каля вогнішча — курыўся сіні дымок.
— Нядобра гэта... — дакараў Бурміла. — Нядобра.
— Хопіць ужо — «нядобра»! Маральны кодэкс мне знайшоўся. А жакі ноччу хто ставіць?
— Ды што ты! Пару паставіў, гнілых нейкіх, маленькіх. Туды і рыба не ідзе. Каб я так бога бачыў!
— Нічога-нічога. За гэта Савецкая ўлада таксама па галоўцы не пагладзіць.
— Але ж... Дык гэта ж зусім іншая справа.
— Ну, калі ты такая цаца, дык і каціся адсюль, не ўмешвайся. Каб я цябе тут і не бачыў. Сёння ноччу сам усё зраблю — і ўсё тут! І глядзі мне!
— Ды добра ўжо! Толькі хоць цяпер ідзі адсюль, бо як прыедуць тыя юннаты... Каму гэта трэба!..
Я схапіўся за вясло.
— Давай адсюль, ён зараз паплыве.
Добра, што чоўны ў нас такія, што можна і носам і кармою (яна таксама вострая) плысці. А то не развярнуліся б — вузка. Ды і не паспелі б. А так мы як узяліся — заднім ходам у стругу, да вострава Пераэкзаменоўкі.
І толькі калі добра замаскіравалі човен у чаратах каля свайго вострава — аддыхаліся.
Дык вось яно што! Значыцца, ноччу Бурміла жакі ставіў. А мы ледзь не пазабівалі адзін аднаго.
Але што сёння ноччу Кныш будзе рабіць на Высокім востраве?! Нават Бурміла яго адгаворваў. Пэўна ж, не ў цуркі-палкі гуляць!
— А можа, ён хоча глабулус украсці і за мяжу перадаць? — кажа Кукуруза.
— А ён хіба сакрэтны?
— А што ты думаеш, можа, і сакрэтны. Ва ўсякім выпадку, акрамя глабулуса, на гэтым востраве няма што красці. Не жаб жа.
Няўжо глабулус?
І раптам я ўспомніў.
Гэта было месяца паўтара таму. Я паехаў з мамай на рынак. Яна папрасіла дапамагчы падвезці ёй кошыкі.
Рынак у нас у райцэнтры, дванаццаць кіламетраў ад вёскі. Раней туды на чоўнах ездзілі. А цяпер часцей на роварах. Хутчэй.
Паехалі мы. Мама на «Украіне», я на сваім «Арлёнку». Не люблю я рынкаў, ды што ж зробіш.