Я міжвольна ўспамінаў першую касмічную экспедыцыю на Малы Месяц. Палёты з Хлебнікавай вакол металічнага вострава, яе расказ пра дзівосную энергію «халоднага» святла, загадкавае знікненне фотаэлементаў... Ёй не верылі тады. А я цэлую ноч не спаў, думаў, пакутаваў, рашаў. Мне не верылася, што Хлебнікава была на спадарожніку чужым чалавекам.
Назараў... Хітра ён сплёў павуцінне інтрыгі. Але нічога не дапамагло. Ракета была выратавана, а вораг стаў перад суровым судом совецкіх людзей.
Мінула толькі сем год. Хлебнікава стала адным з відных вучоных краiны. Шкада, што яна не ляціць з намі, гэтая жанчына з добрым, чулым сэрцам i вострым, дапытлівым розумам. Але мы будзем помшць аб ёй. Хлебнікава разам з другімі вучонымі адкрыла новы від энергіі. У гэтым палёце мы праверым створаныя згодна яе ідэі новыя рухавікі.
На нашым караблі ёсць невялікая аранжарэя. У любы дзень палёту мы будзем на снеданне мець свежыя агуркі, радыску, памідоры. На ўсіх штучных спадарожніках Зямлі вырошчваюць гародніну. 3 кожнай градкі можна сабраць ураджай амаль у дзесяць разоў большы, чым на звычайнай глебе дзе-небудзь пад Масквой. Тут няма нічога дзіўнага і нечаканага. Усё залежыць ад догляду гародніны, размеркавання цяпла i сонца.
Толькі ў поўдзень мы закончылі агляд ракеты. Усё зроблена моцна, надзейна. Нябесны падарожнік тут будзе адчуваць сябе, як у купэ камфартабельнага экспрэса.
Іван Іванавіч застаўся таксама вельмі задаволены. Ён падпісаў акт прыёму ракеты, запламбіраваў уваходы ў каюты i машыннае аддзяленне.
Цяпер усё залежыць ад таго, калі будзе атрыманы дазвол на палёт. У душы разам з радасцю жыве нецярплівасць. Хочацца хутчэй дачакацца таго дня, калі будзе загадана сесці ў штурманскай рубцы за пульт кіравання.
Калі мы вярталіся ў Галактыку, усю дарогу толькі і гаварылі аб ракеце.
Успаміналі амерыканцаў.
— Я таксама думаю пра іх,— сказаў Дзянісаў.— Вы не ведаеце, калі яны робяць пасадку?
— Сёння раніцай, Іван Іванавіч,— адказаў я.
— Эх, як нядобра атрымалася,— пашкадаваў ён. Потым паглядзеў на гадзіннік і сказаў: — Уключы, калі ласка, радыёпрыёмнік. Якраз чатыры гадзіны. Паслухаем апошнія навіны.
Я павярнуў ручкі настройкі. У радыёпрыёмніку пачуўся трэск, шум. Потым загучаў голас дыктара:
— Слухайце экстранае паведамленне Белага дома. Ракета «Анаконда», якая сёння ў 10.00 раніцы пачала рабіць пасадку на Месяцы, пацярпела аварыю. Сувязі з экіпажам няма. Прычыны аварыі невядомыя.
— Ну вось, тое страшнае, чаго я чакаў, адбылося, — сказаў Дзянісаў ціхім голасам. Адкінуўшыся на спінку сядзення, ён журботна заплюшчыў вочы.
Прызнацца, і мяне гэта вестка засмуціла. Ну, вось табе і касмічныя дарогі. Першы палёт — і катастрофа...
Да самай Галактыкі ехалі маўклівыя, панурыя. Збіраемся ў космас, а ён так няветліва сустракае людзей.
Нарэшце, удалечыні з-за лесу паказаўся шэры купал абсерваторыі. Там — пільныя вочы тэлескопаў, якія неаслабна сочаць за вялікім сонечным прасторам. Непадалёку ад абсерваторыі ў выглядзе аграмадных чашаў, сплеценых з жалеза, стаяць магутныя накіравальныя антаны радыёлакацыйных установак, радыёстанцый, касмічных тэлеперадатчыкаў.
Так, гэта Галактыка! Шырокае шасэ крута павярнула ў бок. Рэактыўны «ЗІЛ» спыніўся.
— Іван Іванавіч, прыехалі!—напомніў я Дзянісаву. Ён расплюшчыў вочы, здзіўлена азірнуўся. Вядома, ён не спаў, а нешта пакутліва абдумваў. Выйшаўшы з кабіны, Дзянісаў паспешна пайшоў па алеі. Я — за ім следам.
I вось мы сядзім у круглай зале, у якой пануе поўзмрок. Уздоўж сцен — шчыты кіравання, аграмадныя матавыя экраны. Яны пульсуюць безліччу рознакаляровых кропак.
Дзянісаў кіўком галавы прывітаўся з аператарамі радыёлакатараў, сеў ля экрана, на якім адразу ўбачыў сілуэт ракеты «Анаконда».
— Сігналаў няма? — спытаўся ён.
— Няма, Іван Іванавіч.
Да самага вечара прасядзеў Дзянісаў ля апарата, запісваў даныя палёту ракеты, вызначаў яе арбіту. Потым падняўся, з горыччу сказаў:
— Заўтра ракета разаб’ецца аб скалы. Трэба дапамагчы людзям! Праверце яшчэ раз і паведаміце мне...
І толькі ен падышоў да дзвярэй, як на сценах раптам загарэлюя чырвоныя агеньчыкі лямп. У зале пачуўся нізкі гудок, збоку ўспыхнуў невялікі экран тэлевізафона.
Я ледзь не аслупянеў ад нечаканасці. Мне проста ў вочы глядзела Наташа. Твар яе быў усхваляваны, трывожна гарэлі вочы.
— Начальнік аператарскай! Таварыш начальнік, — гаварыла яна з нейкай роспаччу ў голасе. — 3 ракеты «Алмаз» ідуць дзіўныя сігналы. Уключаю центральную залу. Слухайце!
Дзянісаў крута павярнуўся, ускінуў галаву. Аднекуль, як быццам з-пад столі, даляцеў ледзь чутны шэпт на англійскай мове:
— Адчыніце дзверы «Алмаза». Адчыніце... задыхаюся!..
Раздзел дзевятнаццаты
— Роб, я звар’яцеў ці мне прыснілася? Што гэта Макс нарабіў? Ён-жа загубіў сябе! — гаварыў разгублена Поль Арноль.
Роб стаяў ля ілюмінатара, прыціхлы, задумлівы. Праз зорную мітуеню чорнага неба прад ім паўставала постаць хворай, зняможанай жонкі. Ці не яна гэта гаворыць, шэпча пасінелымі вуснаімі:
— Роб, ты загубіў сябе...