Зьявiўся чырвонаармеец. Павялi мяне iзноў у падвал. "На якога чорта я выехаў з гэтай "прафэсiянальнай хваробай"! Толькi без патрэбы раззлаваў гэтага гада. Ну, але ерунда! Добра, што ўдалося напiсаць лiст да маткi. Старая напiша пра ўсё ў Вiльню, даведаецца "Грамада", i вызваленьне раней цi пазьней - прыйдзе!.."
Адна надзея адпала
- Ну, што там было? Як? Аб чым пытаўся? Хто вас дапытваў? Як выглядае?
- Нават ведаю ягонае прозьвiшча. Пятроў.
- Пятроў? Гм. Ён звычайна вядзе справы больш паважныя. Якую даў вам стацьцю? Шпiянаж?
- Шпiянаж? Мне? Хiба што не. § 58, пункт 5.
- Зараз пабачым.
Камрат папоркаўся ў сваёй пасьцелi i выцягнуў нейкую пацёртую кнiжачку.
Гэта быў савецкi кодэкс.
Я нецярплiва хапiў з ягоных рук.
Перакiдаю бачыны. Шукаю. Ёсьць!
"Участие в организации или содействие организации, действующей в направлении помощи международной буржуазии".
У першую часiну нiчога не разумею. Нейкi набор словаў. Чытаю яшчэ раз. Ага! "в направлении помощи"... Цяжкаваты стыль! Цiкавасьць, што мне пагражае за гэта "участие ...в направлении"? Зараз пабачым. Тут нiжэй. Вось!
Расстрэл!
Пры нейкiх асаблiвых "смягчающих вину обстоятельствах" - тры гады вастрогу.
Зрабiлася... невясёла.
- Слухайце,- пытаюся ў свайго дасьведчанага таварыша,- як гэта там будзе? Будзе суд, цi што?
- Якi там суд! Вас судзiць ня будуць. "Уполномоченный", гэты самы ваш Пятроў, а ад яго найбольш залежыць ваш лёс, напiша свае "заключение", справу пашлюць у Маскву, i там калегiя ГПУ скажа свой прысуд.
- Як так? Ня бачыўшы мяне, не пытаючыся, засудзяць мяне... можа на расстрэл?
- Але. На падставе выснаваў Пятрова.
- О, Божа мой! Значыцца, я ў ягоных руках... А я так сяньня раззлаваў яго! I на якое лiха я выскачыў з гэтай "прафэсiянальнай хваробай"!..
* * *
Заскрыгатаў ключ у дзьверах.
Гэта чырвонаармеец кiнуў у камару газэту "Савецкая Беларусь".
Нам было дазволена чытаць газэты.
Заняты сваймi думкамi, без асаблiвай цiкавасьцi я ўзяў у рукi газэту, як раптам астаўпеў.
На першай бачыне вялiкiмi лiтарамi было надрукавана:
Вось табе раз! Рукi дрыжаць. Не чытаю, а глытаю словы... Тарашкевiча арыштавалi! Рака арыштавалi! i таго, i другога, i трэйцяга - усiх, на каго я спадзяваўся, усiх, хто мог-бы за мяне заступiцца, паручыцца, вызвалiць. Усе мае прыяцелi ў вастрозе, няма нiякае магчымасьцi паведамiць iх аб маiм няшчасьцi, ды й нiчога гэта не памагло-б, бо яны таксама папалi ў бяду...
Цяпер толькi адзiная надзея на Ульянава.
Апанасiк
У вапошнiм сваiм лiсьце да жонкi я пiсаў, каб яна лiквiдавала кватэру i прыяжджала да мяне. Што будзе, калi яна ўжо выехала!
Калi выводзiлi "на прагулку" жанчын, я неспакойна кiдаўся да вакна, паглядаючы, цi сярод арыштаваных не пабачу жонкi свае з дзеткамi. Я меў падставы гэтага баяцца. У "сацыялiстычнай дзяржаве" ня важна, цi хто мае за сабой нейкую вiну; важна тое, што ён радня iншага арыштаванага.
Аднак днi плылi шчасьлiва.
Раптам адзiн раз уначы я пачуў на калiдоры жаночы крык i плач дзяцей. "Ужо",- падумаў я. I нецярплiва чакаў заўтрашняй жаноцкай "прагулкi".
- Ужо iдуць! - клiкнуў мяне мой камрат, якi стаяў ля вакна.
Я кiнуўся да вакна i, ня гледзячы на тое, што магу зьвярнуць на сябе ўвагу вартавога, прытулiўся да ваконных кратаў...
I ўздыхнуў з палёгкай: жонкi мае там яшчэ ня было. Тая жанчына, што крычала ўначы на калiдоры, была нейкая вясковая кабецiна, мусiць, з пагранiчча. Мужа, мабыць, арыштавалi раней, цяпер сьледам за iм - жонку з дзецьмi.
Самае малодшае ня мела яшчэ двох год. Гэта быў хлопчык.
Уважаючы маладога "праступнiка" не асаблiва небясьпечным, яму дазволiлi бегаць у калiдоры. Клiкалi яго Апанас. Памятаю, адзiн раз, як адчынiлiся дзьверы мае камары, я ўбачыў перад дзьвярыма дзiцячыя вочы, якiя паглядалi з цiкавасцяй на мяне. Я ўзяў на рукi маладога таварыша-вязьня i, прытулiўшы дзiця да сябе, у глыбiнi душы цешыўся ў сваiм бацькаўскiм эгаiзьме, што гэта ня мой Казюк праводзiць свае дзiцячыя гады на вастрожным хлебе, але чужы для мяне, бедны Апанасiк...
Матчына роспач
Мацi мая, хаця ня мела ад мяне лiстоў, была спакойна.
Думала, што я жыву ў Вiцебску i, маючы шмат працы, ня маю часу на лiставаньне.
Дык калi атрымала мой кароткi вастрожны лiст, упала ў роспач. Старалася разабраць замазаны Пятровам працяг лiста, але нiчога ня выйшла. Гэтая чорная пятроўская замазка на лiсьце яшчэ болей узмагала яе неспакой.
I пачалося абiваньне парогаў розных савецкiх установаў - то сюды, то туды, усюды нi с чым. Бяз вынiкаў. Сама ведала, што трэба пагутарыць з Ульянавым. Апрача таго, трэба пабачыцца з сынам.
Неўзабаве даведалася, што дыплёмат затрымаўся праездам у Менску. Дык пайшла да яго ў гасьцiнiцу.
Ён зьдзiвiўся, пабачыўшы сярод сваiх звычайных iнтэрэсантаў - маладых жыдкоў i жыдовачак - нейкую старую са сьлязьмi на ваччу.
- У чым справа, грамадзянка? Чаго вы да мяне прыйшлi?
- Паночку?.. Таварыш... Грамадзянiн... Я мацi Аляхновiча...
- Ааа...