Франук цяжка захварэў. Нядаўна я атрымала дазвол з iм пабачыцца. Таксама дазволiлi мне раз на тыдзень прыносiць яму страву. Ляжыць у больнiцы й нямаведама, калi паздаравее. Цяжка мне, але павiнна напiсаць вам усю праўду: няма надзеi на хуткае выздараўленьне ягонае.
Няхай Бог апякуецца вамi!"
* * *
Гэты лiст звалiўся, як пярун з яснага неба.
Доўга чыталi й перачытвалi, ня могучы ўцямiць ягоны дзiўны зьмест. Якая гэта такая-нейкая неспадзяваная хвароба, якой матка ў лiсце не называе? Дык-жа-ж ён заўсёды быў здароў i дужы! Можа, сухоты? Не. На гэта ён не выглядаў. Мо нейкае няшчаснае здарэньне? Але чаму-ж матка не пiша ясна?
Нейкая дзiўная гэта савецкая больнiца, дзе цяжка хвораму дазволена атрымоўваць страву ад сваякоў.
Канец канцоў расшыфравалi: бацька сядзiць у турме. Мусiць, паважная справа, калi "няма надзеi на хуткае выздараўленьне ягонае"...
Тыя з "грамадаўцаў", што заставалiся на волi, паставiлiся скэптычна да гэткае разгадкi.
- Э, ерунда! Дык-жа-ж добра ведама, што ён у Вiцебску лiтаратурным кiраўнiком дзяржаўнага тэатру...
А хутка ГПУ пратранспартавала ў Вiльню гэткую казку:
"Аляхновiч, бач, атрымаў з Вiльнi ад Паўлюкевiча лiст. Паўлюкевiч падганяець Аляхновiча, каб хутчэй прысылаў яму дакляраваныя iнфармацыi... Больш-менш у гэткiм сэнсе: што-ж ты, браток, меўся паведамляць нас пра ўсё, а цяпер раптам спынiўся... Хутчэй адказвай! Не дзеля таго-ж ты паехаў, каб "захоплiвацца савецкiм будаўнiцтвам"...
Далей: Аляхновiч, бач, сядзеў п'яны ў нейкiм рэстаране. Гэты лiст вывалiўся ў яго з кiшэнi. Нехта знайшоў i -выкарыстаў...
I вось цяпер - вынiкi...
Усё гэта было пашыта надта белымi нiткамi. Ня гледзячы на ўсю непраўдападобнасьць гэтае весткi, "грамадаўцы" паверылi. Бо вестка была з Менску. Бо быў загад з Менску, каб паверылi. Менск загадаў - Вiльня паслухмяна паслухала...
* * *
Жонка ўпала ў роспач.
Што цяпер рабiць? 3 чаго жыць? Куды падзецца?
А яшчэ, як на бяду, у вiленскай польскай прэсе зьявiлiся некарысныя для Аляхновiча зацемкi. Тым часам, як ГПУ распаўсюджвала вестку, што ён на службе ў польскай разведцы,- у Вiльнi ў польскiх газэтах зусiм выразна пiсалi аб ягоных сувязях iз Саветамi...
Новы "лягавы"
У нашую камару далi новых вязьняў.
Разлучылi мяне з маiм першым вастрожным таварышом: перавялi яго ў iншую камару. Ягонае месца, як iнфарматара "верхнiх паверхаў" аб тым, што ў нас дзеецца i гаворыцца, заняў iншы "лягавы"
ГПУ пастанавiла выкарыстаць яго дзеля сваiх мэтаў. За паслугi дакляравалi яму... волю. У хуткiм часе. На працягу ня больш як трох месяцаў.
Перавялi яго ў Менск. Давалi яму лепшы паёк. На абед ён атрымоўваў кусочак мяса, трынаццаць папярос у дзень, большую за iншых колькасьць цукру й да г. п.
Ад часу да часу К. атрымоўваў i грошы на купляньне харчоў. Наiўны стары чалавек глыбака верыў у дакляраваную яму волю, пiльна сачыў нас, прыслухоўваўся ў камары, а калi iншыя выходзiлi "на прагулку", рэвiзаваў нашы рэчы - i страшэнна быў зьдзiўлены, калi прамiнулi тры месяцы, калi прамiнула й шмат больш, а дакляраванай яму волi ня ўбачыў.
Перад намi матываваў свае надзеi, ведама, нейкiмi новымi акалiчнасьцямi, што выясьнiлiся ў ягонай справе, i на падставе якiх ГПУ быццам мелася звольнiць яго раней.
Бедны, верыў у свой хуткi выхад на волю i ў iмя волi працаваў на загубу iншых зьняволеных.
Аднак, у 1932 г. убачыў волю, але, праўда, не дзякуючы ГПУ. Польскi ўрад абмяняў яго разам з iншымi на зьняволеных камунiстых.
Карцэр
У нашых падвалах быў карцэр для непаслухмяных, якiя працiвiлiся вастрожнаму рэжыму, або для тых, якiя не хацелi ў часе допытаў прызнавацца. Гэта быў лёх пад усходамi. Сыры, цёмны, бяз нараў. Столь была гэткая нiзкая, што тамака немагчыма было стаяць, можна было толькi сядзець або ляжаць на падлозе. Праз пару дзён перабываньня ў гэтым карцэры вязень выглядаў так, як па цяжкой хваробе.
Часьцей за ўсё ў карцэр пападалiся жанчыны. Часта было чуваць iз калiдору iхныя крыкi, як чэкiстыя кiдалi iх у гэтую нару пад усходамi.
Адзiн раз пацягнулi ў карцэр вясковую жанчыну, якую прывялi ў падвал разам iз дзецьмi. Страшэнны быў крык на калiдоры, калi адрывалi мацi ад дзяцей. Доўга было чуваць нейкую барацьбу, мабыць, жанчына старалася супрацiўляцца. Канец канцоў удалося няшчасную ўсадзiць у карцэр. Крык, аднак, трываў далей. Нейкi роўны, рытмiчны крык-енк, для мяне ўжо знаёмы; недзе я ўжо чуў нешта падобнае.
Я прытулiўся да дзьвярэй i пачаў прыслухоўвацца. У вёсцы беларускай ёсьць звычай галасьбы на хаўтурах. Чытачы! Вы лепш за мяне ведаеце гэта. Ведаеце, як, iдучы за труной, бабы галосяць...
Нешта падобнае я чуў цяпер. Толькi гэта ня былi завучаныя, паўтораныя шмат разоў словы, гэта была страшная iмправiзацыя жанчыны з народу, якая ў часiны найвялiкшага напружаньня болю выражала сваё гора скандаванымi тырадамi.