Крэмль разам з навакольнымi будоўлямi становiць як-бы мястэчка на самазабясьпечаньнi, у якiм ёсьць розныя патрэбныя дзеля вялiкшага згуртаваньня людзей установы. Дык ёсьць тутака гарбарня, закладзеная шчэ тады, як на абтоку жылi манахi, ёсьць фабрыка, якая вырабляе патрэбныя для салавецкiх параплаваў мэталёвыя часткi, ёсьць электрастанцыя, цагельня, кравецкiя й шавецкiя варштаты, пiльня, млын, ганчарня; тутака-ж здабываецца торф i вядзецца сельская гаспадарка, якая - з прычыны лiшне кароткага лета - разводзiць адно толькi бульбу, капусту, рэпу ды моркву. Збожжа не дасьпявае. На морскiм узбярэжжы ў бараках жывуць рыбакi, якiя дастачаюць вастрожнай адмiнiстрацыi сьвежую рыбу, а што шчэ важней - выяжджаюць на ловы славутых салавецкiх селядцоў, якiя тут-жа й соляць, запакоўваюць у бочкi ды высылаюць. Бо салавецкiя селядцы прызначаныя на экспарт. Толькi вышэйшая адмiнiстрацыя на Салоўках мае права на гэтыя "ласоткi": вязьням iх не даюць.
Ува ўсiх гэтых установах i прадпрыёмствах працуюць толькi вязьнi: яны тутака i за iнжынэраў, i за аграномаў, кiраўнiкоў, кнiгаводаў, майстроў, работнiкаў. Бо тут сустракаюцца прадстаўнiкi самых разнастайных прафэсiяў: прафэсары, артыстыя, iнжынэры, музыкi, лекары, акрабаты, земляробы, танцоўнiцы, работнiкi, ксяндзы, папы, афiцэры старое расейскай армii, судзьдзi з царскiх часоў, a побач iзь iмi зладзеi, бандыты, усялякiя афэрыстыя, прастытуткi, чэкiстыя, хабарнiкi й iнш.
Мала гэтага: большую частку наглядачоў набiраюць пасярод вязьняў. Гэтак званы вольны нагляд (зь нявязьняў) становiць ледзь колькi дзесяткаў асобаў. Рэшта - гэта былыя чэкiстыя цi бальшавiцкiя вайсковыя, якiх выслалi ў лягер за розныя праступкi ды якiя выконваюць адпаведныя зь iхнай спэцыяльнасьцяй абавязкi. Як i вольныя наглядачы, яны маюць стрэльбы й даўгiя савецкiя шынэлi, з таею толькi розьнiцай, што на каўняры замiж чырвонай адзнакi носяць чорную. I трэба сьцьвердзiць, што гэтыя зьняволеныя наглядачы былi шмат стражэйшымi, шмат больш вымагальнымi i шмат менш гуманiтарнымi ў дачыненьнi да сваiх таварышоў-вязьняў, чымся наглядачы вольныя. Бо на Салоўках заведзеная такая сыстэма, што кажны, хто меў нейкую ўладу, прыгнятаў тых, хто яму падлягаў: дзесятнiк бязьлiтасна прыганяў звычайнага работнiка, кiраўнiк прадпрыёмства быў пострахам для ўсiх нiжэйшых працаўнiкоў. Кажны стараўся выслужыцца, падлабунiцца начальству, дастаць нейкую палёгку - цi то дазвол жыць у васобнай каморцы пры прадпрыёмстве замiж агульнай, поўнай блышыцаў роты, цi дазвол купляць якiя-небудзь прадукты, цi - i гэта было найважней! - трапiць у сьпiс тых, якiм зьмяншалi час адбываньня кары.
Зьменшваньне кары
Раз на год, увосенi, прыяжджала на Салоўкi камiсiя з Масквы, якая складалася з вышэйшых агентаў ГПУ з Глебам Бокiм, апякуном салавецкага лягеру, на чале. Камiсiя пару дзён палявала ў салавецкiх лясох, вечарамi банкетавала, а ўрэшце падпiсвала сьпiс вязьняў, якiм зьмяншалася кара на паўгоду, на год, а часамi й на два гады. Сьпiс быў ужо загадзя нарыхтаваны тутэйшым начальствам, дык ня дзiва, што кажны стараўся нечым выбiцца ўваччу гэтага начальства, здабыць ягоную ласку ды такiм парадкам трапiць у гэны сьпiс, аб якiм усе лятуцелi.
Аднак дарма, што гэтая сыстэма прыгону да працы й эксплёатацыi людзкое сiлы да апошнiх межаў,- работа не давала пажаданых вынiкаў. Заўсёды нешта неўдавалася. Цi то шавецкiя варштаты ня выканалi заказаў, прадугледжаных у пляне работаў, цi цагельня "падвяла", цi iзноў пiльня зацягвала выкананьне дадзенага ёй заданьня, цi нешта iншае "кульгала". Ведама, у такiх выпадках за невыкананьне пляну адказваюць вязьнi, якiя займаюць адказныя становiшчы, i той, хто ўчора пачуваўся панам, сяньня варочаецца да палажэньня звычайнага работнiка, або - яшчэ горш! - трапляе ў карную роту.
У 1928 годзе на Салавецкiм абтоку было звыш 10 000 вязьняў. Сярод гэтакае вялiкае грамады сустракалi мы прадстаўнiкоў самых рознастайных нацыянальнасьцяў, якiя ўваходзяць або й не ўваходзяць у склад СССР. Ад якутаў з прыплясканымi тварамi да сыноў Каўказу з арлiнымi насамi, ад фiнаў да ўзбэкаў, ад немцаў да кiтайцаў. Бачыў я даволi багата вугорцаў. Пасьля рэвалюцыi ў Вугоршчыне камсамольская моладзь, якая брала ўдзел у рэвалюцыйным руху, масава ўцякала ў Расею. Аднак, пажыўшы тутака колькi год, яна захацела зьвярнуцца на бацькаўшчыну, гатовая лепш адбыць пару гадоў кары ў сваёй "капiталiстычнай" дзяржаве, чымся жыць далей на "волi" ў краi "сацыялiстычнага будаўнiцтва"... Вось-жа iм ня толькi не далi дазволу зьвярнуцца на бацькаўшчыну, але заарыштавалi й саслалi на 10 год на Салоўкi. Бо яны залiшне ведалi аб савецкiм гаспадарсьцьве, мелi павагу сярод работнiцкiх масаў свае бацькаўшчыны й маглi-б пашкодзiць камунiстычнай акцыi ў Вугоршчыне.
Жанчыны на Салоўках