Хто ня мог спадзявацца пабачыцца зь блiзкiмi, таго цешыла магчымасць атрымлiваць улетку пасылкi зь емiнай. Урэшце тыя, хто нiчога ад нiкога не чакаў, цешылiся з наблiжэньня лета так, як кажны чалавек цешыцца з гэтага на далёкай поўначы, дзе зiма пануе больш за паўгоду.
Урэшце, пад ажыўчым сонцавым праменьнем лёд гэтак пацянеў, што ледакол "Нева" здолеў ужо пракласьцi дарогу "Глебу Бокаму", якi вырушыў у сваё першае сёлета падарожжа.
Апошнiмi днямi траўня, як штогод, распачалося плаваньне.
Першым параплавам прыехала на Салоўкi нейкая таемная камiсiя з Масквы. Расказвалi дзiўныя рэчы. Казалi, што камiсiя, складзеная зь пяцёх асобаў, прыехаўшы на абток, зараз-жа пачала абыходзiць роты, дзе распытвалася ў вязьняў аб дачыненьнях, якiя пануюць у лягеры, аб санiтарным стане даўней i цяпер, аб карах, накладаных за невыкананьне работы i да т. п. У часе гэтых гутарак, на загад камiсii, прадстаўнiкоў адмiнiстрацыi ня было.
Неўзабаве пачалi апавядаць яшчэ большыя дзiвы. Казалi, што шмат каго з адмiнiстрацыi спасярод вязьняў ужо арыштавалi. Казалi нават, што ёсьць арыштаваныя й спасярод вольных. Урэшце разыйшлiся чуткi, што арыштаваны й сам начальнiк лягеру, Зарын.
Гэта была праўда. Арыштавалi колькi сот душ. Iх абвiнавачвалi ў скрыўленьнi савецкае вастрожнае палiтыкi i ў нядбайнасьцi. Блiзу напалавiну арыштаваных (пераважна спасярод вязьняў) расстралялi. Рэшту - вольных саслалi на 5-10 год у розныя концэнтрацыйныя лягеры. Начальнiка лягеру, Зарына, саслалi на 10 гадоў у вадзiн зь лягераў у Туркестане.
Дзеялася гэта ў 1930 годзе.
Перамены
Ад гэтага часу на Салоўках зрабiлася шмат пераменаў. Скончылася ўрэшце панаваньне "дрына" (палкi). Пакiнулi бiць вязьняў. Скасавалi Сякiрку. Палепшылiся санiтарныя абставiны. Абавязкава вадзiлi ў лазьню раз на тыдзень. У лазьнi выдавалi чыстае нацелiва.
Што выклiкала гэтыя перамены?
Няўжо-ж цэнтральныя ўлады ў Маскве дагэтуль ня ведалi, што ў нас робiцца? Няўжо-ж весткi аб дачыненьнях, якiя панавалi на салавецкай катарзе, выпадкам дайшлi да ОГПУ ў Маскве й выклiкалi прыезд адмысловае камiсii, якая правяла "аздараўленьне" дачыненьняў?
Мы - салавецкiя вязьнi - скептычна ўглядалiся на ўсё гэта, ня веручы, каб нашыя валадары кiравалiся чалавекалюбствам. Ведаючы савецкую палiтыку, мы гатовыя былi думаць, што i ў гэтым выпадку адбываецца свайго роду "iнсцэнiзацыя", разьлiчаная на вонкавы эфэкт,- думалi нават, што мо праўда аб жыцьцi на Салоўках дайшла да замежнае прэсы, i жорсткая расправа камiсii з быццам-бы вiнаватымi мела на мэце паказаць, што Саветы рупяцца аб гуманiтарных дачыненьнях да вязьня - у мысьль абвешчанага iмi прынцыпу: "не караць, але папраўляць". Дык хто-ж найболей пацярпеў ад гэнае "санацыi"? Каэры, якiя займалi адмiнiстрацыйныя становiшчы, каэры, якiя быццам-бы дзеля падрыву даверу да савецкага ўраду выкрыўлялi ягоную лiнiю...
А ў запраўднасьцi - немагчыма дапусьцiць, каб гэнае "выкрыцьцё" ня было загадана зьверху!
Ад таго часу "сацыяльна блiзкiя" (гэта значыць: крымiналiстыя!) пачынаюць карыстацца ўсялякiмi прывiлеямi. Была нават зроблена спроба скiнуць усiх палiтычных вязьняў з займаных iмi адмiнiстрацыйна-гаспадарскiх становiшчаў, i заступiць iх зладзеямi. Але хутка спынiлi гэты экспэрымэнт, бо зладзеi з прычыны свайго нiзкога разумовага ўзроўню - былi няздольныя выконваць ускладзеныя на iх абавязкi або, займаючы адказныя становiшчы, кралi.
Экспэрымэнт адкiнулi, застаўся толькi прынцып: наколькi магчыма, выкарыстоўваць дзеля адмiнiстрацыйных становiшчаў крымiнальны элемэнт, адсоўваючы палiтычных ад кiраваньня лягернага жыцьця.
* * *
Адначасна з году ў год, пачалi пагаршацца аправiзацыйныя абставiны. Калi даўней (у 1927-28 гадах) у крамках ("ларьках") салавецкага лягеру можна было бязь нiякага абмежаваньня купляць у кажнай колькасьцi хлеб, цукар, кансэрвы, дык цяпер ужо толькi ад часу да часу прадавалi селядцы, пракiслае павiдла ("мармаляду") цi ляндрынкi ў вельмi абмежаванай колькасьцi - дый толькi ўдарнiкам, якiя працавалi панад норму.
За кароткае лета (лiпень - жнiвень) прырода крыху падкормлiвала вязьняў. У салавецкiх лясох расло багата чарнiцаў i брусьнiцаў. Гэтых ягадаў была такая маса, што, пахадзiўшы ў лесе пару гадзiнаў, можна было набраць iх поўнае вядро. Ведама, аб тым, каб iх есьцi з цукрам, не магло быць i гутаркi,- але лепш i гэта, чымся нiчога. Было таксама багата грыбоў. Дык за летнiя месяцы голад ня так дакучаў, як узiмку.
Зiма
Гэтая даўгая палярная зiма напаўняе вязьня страшэнным жахам. Чалавек хацеў-бы затрымаць зямлю ў яе кружэньнi навакол сонца.
Але няма рады!..
Ужо пад канец жнiўня пачынаюцца дажджы, дажджы бясконца, i ўдзень, i ўначы, бяз спыну, цэлымi тыднямi.
Урэшце дождж замяняецца сьнегам...
Мора доўга не дае скаваць сябе лядовымi путамi, але ўрэшце й яно, зьняможанае, паддаецца i навакол абтоку на дзесяць кiлёмэтраў залягае лёд, грубы на пару мэтраў. Далей-жа бадзяюцца ў моры крыгi цi плыве гэтак званая "шуга" - дробны лёд, зьмешаны iзь сьнегам.
Параплавы зiмуюць у доках.