Але той, хто ня меў нiякiх вестак,- запраўды варты спогаду. Вусны ў яго зацiскаюцца, каб мускуламi твару ўстрымаць сьлязу, якая блiснула на ваччу... Нiчога! Нiякае весткi! Што зь iмi?.. Лепш ужо благая вестка, чымся гэтая праклятая няпэўнасьць...
Што зь iмi сталася? Чаму ня пiшуць?..
Лятуценьнi й кашмары
А пасьля - калi прыйдзе ночка, калi пачынаюць вылазiць iз сваiх тайнiкоў клапы, калi цiшыня запануе на нарах,- вязень аддаецца лятуценьням.
Усе лятуценьнi кiруюцца перад усiм да волi. Бачыш сябе вольным - сярод сваiх блiзкiх, якiх ты шмат гадоў назад пакiнуў. Даўно ўжо гэта было, а ўсё-ж бачыш твары такiмi, якiмi яны былi тады, калi прыйшлi людзi ў сьпiчастых шапках i сказалi табе: "калi ласка, з намi на часiнку..."
А пасьля нiтка лятуценьняў снуецца далей. Лятуцiш аб жыцьцi спакойным, без заўсёднага страху, што ўначы пад дзьверы твае хаты пад'едзець аўто з агентамi ГПУ i пачуецца стук: "адамкнеце!" Лятуцiш аб нейкiм iншым жыцьцi - мо недзе замежамi, а мо i ў сваёй Бацькаўшчыне, але вольнай ад гэных трох ненавiсных лiтараў... Лятуцiш трох ненавiсных лiтараў... жыцьцi сытым, вольным ад трывогаў...
А пасьля - лятуценьнi закалыхваюць цябе i... зноў паўтараецца, як ужо шмат разоў, гэты страшны кашмар!..
Здаецца табе, што ты - вольны. Але. Вольны. Iдзеш вулiцамi роднага гораду. Але! Нiхто-ж цябе не сачыць, нiхто назiркам ня йдзе...
Усё гэта дужа рэальна. I ў тваёй соннай сьведамасьцi раптам зьяўляецца калючае пытаньне: але мо гэта сон?..
Не! Навакол усё гэткае запраўднае... Ха, ха, дык вось-жа-ж iдзеш, варушышся, усё адчуваеш, бачыш, чуеш...
А ўсё-ж... Дык-жа гэтулькi разоў ты ўжо сьнiў тое самае, а пасьля выйшла, што ўсё было соннай маной... Гэтулькi ўжо разоў, прачнуўшыся, ты скрыгатаў зубамi ад злосьцi, што паверыў сонным уявам...
Дык i цяпер - сон?!
Не! Дык-жа-ж жывеш, гаворыш, кратаешся, датыкаешся да розных рэчаў...
Раздваеньне асобы.
Што сон, што - ява?!.
Але калi ты запраўды на волi, дык чаму-ж не памятаеш тае вялiкае часiны, калi выйшаў iз вастрогу? Чаму тут у памяцi - прорва?
I аднак-жа - усё гэткае праўдзiвае, гэткае рэальнае! Усе навакол гэтак шчыра сьмяюцца з твае трывогi, i ўрэшце, змучаны нутраным змаганьнем, паддаешся манлiвай уяве...
- "Ну, добра... я ўжо веру... Ну, няхай... толькi скажэце, даражэнькiя, калi гэта я вярнуўся да вас i чаму я не памятаю гэтае багаслаўленыя часiны?!"
А дарагiя людзi цябе супакойваюць...
- "Ну, цiха ўжо... ну супакойся, наш бедны, змучаны брат! Ты ўжо з намi цяпер, ужо разам... Больш ня пытайся... Ужо ўсё добра... Жуда скончылася..."
Раптам настае мамэнт праясьненьня, i ты з жахам пытаешся сваiх сяброў:
-"Стойце!.. Ведаю!,, Ужо ўцямiў!.. Я, значыцца... звар'яцеў!.. Вось дзеля чаго нiчога не памятаю! Вызваленьне надыйшло ў мамэнт мае хваробы, калi я страцiў пачуцьцё запраўднасьцi... Цяпер у мяне проблiск сьведамасьцi! Скажэце: я здурнеў? я хворы? кажэце, што са мной?!"
I ў гэты мамэнт стаецца нешта яшчэ больш жахлiвае: ты прачынаешся!..
Глядзiш няпрытомна навакол... Iзноў вастрожныя нары, iзноў духота ад спацелых целаў. Iзноў побач храпеньне цi стогны змучаных таксама, як ты, тваiх вастрожных таварышоў, суседзяў на нарах, якiя гэтым часам, можа, таксама сьняць свой кашмарны сон...
Нехта закратаўся. Палiць сернiка i б'ець клапоў, якiя напалi на яго. Другi зьняў кашулю й шукае вошы. Недзе ў цёмным куце, седзячы на нарах з падкурчанымi паводле ўсходняга звычаю нагамi, кiваецца ўзбэк, якi шлець свае малiтвы Аллаху - iз просьбай аб палёгку ў цяжкой долi...
У iншым месцы з грудзей нейкага ўкраiнскага земляроба вырываецца маленьне: "Господы, помылуй!.. Ох, Господы!.."
Чытаюць загад
Нядзелi скасаваныя. Дзён не памятаем. Жывём толькi паводле датаў. Нашае сьвята - "выходной день" або "день отдыха". Але ня надта "аддыхнеш" у гэты дзень "отдыха", бо, прынамсi, паўдня займае "сан-обработка". Выносiм на падворак нашую маемасьць, праветраваем пасьцелi, мыем нары й падлогi.
Заўтра - "выходной дзень".
"Сан-обработка" не вымагае раньняга ўставаньня. Дык думалi, што высьпiмся як мае быць.
Неўспадзеўкi - а 5 гадзiне ранiцы - пачалiся па ўсiх ротах званкi: гэта днявальныя давалi сыгнал, каб уставаць.
- Уставаць! Уставаць! Хутчэй! Жыва! Сьпяшайся! Пробкай вылятай!
Зьявiўся камандант роты i, прыаздобiўшы сваю гутарку сакавiтай лаянкай, падганяў:
- Што? Прасiць вас буду? Выходзь на паверку... Раз-два...
На паверку? Дзеля чаго й чаму гэтак рана? То-ж сяньня дзень адпачынку. Але пратэставаць у нас моды ня было, i праз колькi часiнаў заспаныя пастацi ў шэрых бушлатах выходзiлi з будынку на панадворак.
На плошчы перад б. Прэабражэнскай царквой паставiлi нас, разам зь iншымi ротамi, чатырохкутнiкам.
Радамi пралятаюць шэпты - здагадкi. Дзеля чаго нас у гэтую зiмовую ночку, гэтак рана - далёка перад сьвiтаньнем, пагналi на падворак i паставiлi на сьнезе.
Амнiстыя...
Камусьцi прыйшла ў галаву думка, што радыё, мабыць, падало вестку аб амнiстыi. Дык сабралi нас тутака, каб прачытаць манiфэст...
Новы кодэкс?..