Я вымак да нiткi, зверху - град, знiзу - лужа. Прайшоў нейкi час, пакуль я ачуняў, выбраўся з лужы на сухое месца i пачаў думаць, куды мне схавацца.
Непадалёку, на бульбяным полi, стаяла вясковая вартоўня. Я падняўся i, прыгнуўшыся, скарыстоўваючы ўсякiя прыкрыццi, пабег да вартоўнi. Дарэмна я стукаўся ў дзверы, нiхто не абазваўся (можа, там нiкога i не было). Тады, хаваючыся ў канаве, паўзком я дабраўся, не заўважаны пачварнымi машынамi, да сасновага лесу каля Мэйбэры.
Тут, пад сховай дрэваў, мокры i прамерзлы, я стаў прабiрацца да свайго дома. Дарэмна стараўся я адшукаць знаёмую сцежку. У лесе было вельмi цёмна, таму што маланка цяпер блiскала зрэдку, а град падаў з патокам лiўня, запаўняючы прасветлiны ў густой хвоi.
Калi я зразумеў, што адбываецца, то неадкладна павярнуў бы назад i вярнуўся праз Байфлiт i Стрыт-Кобхем да жонкi ў Лезерхэд. Але загадкавасць усяго, што акружала, начная цемра, фiзiчная знямога пазбавiлi мяне здольнасцi разважаць; я стамiўся, вымак да касцей, быў аслеплены i аглушаны навальнiцай.
Я думаў толькi аб адным: як дабрацца дамоў; другiх жаданняў у мяне не было. Я блукаў памiж дрэваў, упаў у яму, моцна выцяў каленi i вынырнуў на дарогу, якая вяла да ваеннага каледжа. Я гавару "вынырнуў", таму што па пясчаным пагорку нёсся бурны мутны паток. Тут у цемры на мяне наляцеў нейкi чалавек i ледзь не збiў мяне з ног.
Ён выкрыкнуў, палахлiва адскочыў убок i знiк, перш чым я паспеў апамятацца i загаварыць з iм. Парывы навальнiцы былi настолькi моцныя, што я з вялiкай цяжкасцю ўскарабкаўся на пагорак. Я iшоў левым бокам, трымаючыся блiжэй да плота.
Непадалёк ад вяршынi я наткнуўся на штосьцi мяккае i пры святле маланкi ўбачыў пад нагамi кучу цёмнага адзення i пару ботаў. Я не паспеў разгледзець ляжачага: пагасла святло. Я нагнуўся над iм, чакаючы наступнай успышкi. Гэта быў каржакаваты чалавек у танным, але яшчэ добрым гарнiтуры; ён ляжаў нiцма, прыцiснуўшыся к плоту, як быццам з разгону наляцеў на яго.
Асiльваючы агiду, зусiм натуральную, бо мне нiколi не даводзiлася дакранацца да мёртвага цела, я нахiлiўся i перавярнуў ляжачага, каб даведацца, цi б'ецца яшчэ сэрца. Чалавек быў мёртвы. Магчыма, ён зламаў сабе шыю. Маланка блiснула трэцi раз, i я ўбачыў твар нябожчыка. Я адхiснуўся. Гэта быў карчмар, гаспадар "Плямiстага сабакi", у яго я наняў каня.
Я асцярожна пераступiў труп i стаў прабiрацца далей. Я мiнуў палiцэйскi пастарунак i ваенны каледж. Пажар на схiле гары патух, хоць з боку пусткi ўсё яшчэ вiднелася чырвонае зарыва i клубы чырванаватага дыму прарэзалi навалу граду. Большасць дамоў, наколькi я паспеў разгледзець пры ўспышцы маланкi, уцалела. Каля ваеннага каледжа на дарозе ляжала нейкая цёмная куча.
Паперадзе, на дарозе, у бок моста, чуваць былi чыесьцi галасы i крокi, але ў мяне не хапiла сiлы крыкнуць цi падысцi да людзей. Я ўвайшоў у свой дом, запёр даверы, замкнуў iх на ключ, павесiў засаўку i стомлены апусцiўся на падлогу каля лесвiцы. Перад маiмi вачыма крочылi металiчныя пачвары i мiльгала постаць нябожчыка каля плота.
Я прыхiлiўся спiной да сцяны i, дрыжучы, так i застаўся сядзець каля лесвiцы.
XI
КАЛЯ АКНА
Я ўжо гаварыў пра тое, што вельмi паддаўся хуткай перамене настрою. Неўзабаве я адчуў, што вымак i мне холадна. На дыване каля маiх ног сабралася цэлая лужа. Я амаль машынальна падняўся, прайшоўся ў сталовую i выпiў крыху вiскi, потым вырашыў пераапрануцца.
Змянiўшы адзенне, я падняўся ў свой кабiнет, а чаму менавiта туды, я i сам не ведаю. З вакна былi вiдаць дрэвы i чыгуначная станцыя каля Хорселскай пусткi. У мiтуснi ад'езду мы забылiся зачынiць гэта акно. У калiдоры было цёмна, i пакой таксама здаваўся цёмным паводле кантрасту з пейзажам у ваконнай рамцы. Я спынiўся ў дзвярах як укопаны.
Навальнiца прайшла. Вежы Ўсходняга каледжа i сосны вакол яго знiклi; удалечынi ў чырвоным святле была бачна пустка i пясчаны кар'ер. На фоне зарыва мiльгалi гiганцкiя вычварныя ценi.
Здавалася, уся акруга была ахоплена агнём: шырокiм схiлам пагорка прабягалi языкi полымя, дрыжучы i вывiваючыся ў парывах ацiхлай навальнiцы, i адкiдвалi чырвоны водсвет на iмклiвыя аблокi. Час ад часу дым блiзкага пажарышча зацягваў акно i паглынаў ценi марсiянаў. Я не мог разгледзець, што яны рабiлi; iх абрысы акрэслiвалiся няясна, яны кешкалiся над цёмнай кучай, якую я мог разгледзець. Я не бачыў i блiжэйшага пажару, хоць водблiск яго гуляў на сценах i на стале кабiнета. Чуцён быў моцны пах гарэлай смалы.
Я цiха прычынiў дзверы i падкраўся да акна. Перада мною адкрылася больш шырокая прастора для агляду - ад дамоў вакол станцыi Ўокiнг да абвугленых, пачарнелых сасновых лясоў Байфлiта. Блiз аркi, ля падножжа гары нешта ярка гарэла; многiя дамы паўз дарогу к Мэйбэры i на вулiцах блiзка ля станцыi тлелi ў кучах развалiнаў. Спярша я не мог разабрацца, што гарэла на лiнii чыгуначнай дарогi; агонь прабягаў па нейкай чорнай кучы, направа вiднелiся жоўтыя прадаўгаватыя прадметы. Потым я разгледзеў, што гэта быў пацярпеўшы ад крушэння цягнiк; пярэднiя вагоны былi разбiтыя i гарэлi, а заднiя яшчэ стаялi на рэйках.