Памiж гэтымi трыма ачагамi святла - дамамi, цягнiком i ахопленымi полымем ваколiцамi Чобхема - цягнулiся чорныя палосы зямлi, дзе-нiдзе перасечаныя палоскамi тлеючай i задымленай глебы. Гэта дзiўнае вiдовiшча чорная прастора, усеяная агнямi - напамiнала мне начныя ганчарныя заводы. Спачатку я не заўважаў людзей, хоць i глядзеў вельмi пiльна. Потым я ўбачыў каля станцыi Ўокiнг, на лiнii чыгуначнай дарогi, некалькi мiтуслiвых чорных фiгурак.
I гэтым вогненным хаосам быў той маленькi свет, у якiм я цiхамiрна жыў столькi гадоў! Я не ведаў, што адбылося на працягу апошнiх сямi гадзiнаў; я толькi пачынаў цьмяна здагадвацца, што ёсць нейкая сувязь памiж гэтымi механiчнымi калосамi i тымi непаваротлiвымi пачварамi, якiя на маiх вачах выпаўзалi з цылiндра. З якойсьцi дзiўнай цiкаўнасцю я падсунуў сваё рабочае крэсла да вакна, усеўся i пачаў назiраць; асаблiва зацiкавiлi мяне тры чорныя гiганты, якiя расхаджвалi ў святле пажарышча каля пясчанага кар'ера.
Яны, вiдаць, былi вельмi занятыя. Я стараўся здагадацца, што яны там робяць. Няўжо гэта адухаўлёныя механiзмы? Але ж гэта немагчыма. Можа быць, у кожным з iх сядзiць марсiянiн i рухае, загадвае, кiруе iм гэтак жа, як чалавечы мозг кiруе целам. Я пачаў параўноваць iх з нашымi машынамi i ўпершыню ў жыццi задаў сабе пытанне: якiмi павiнны здавацца разумнай, але менш развiтай, чым мы, iстоце браняносцы цi паравыя машыны?
Навальнiца пранеслася, неба ачысцiлася. Над дымам пажарышчаў блiскучы, маленькi, як шпiлькавая галоўка, Марс схiляўся да захаду. Нейкi салдат палез у мой сад. Я пачуў лёгкае драпаценне i, як бы апрытомнеўшы, убачыў чалавека, якi пералазiў цераз плот. Маё аслупяненне адразу прайшло, i я хутка высунуўся ў акно.
- Тс... - прашаптаў я.
Ён у нерашучасцi ўсеўся верхам на плоце. Потым саскочыў у сад i, сагнуўшыся, бясшумна ступаючы, пракраўся лужком да вугла дома.
- Хто там? - шэптам спытаў ён, стоячы пад акном i гледзячы ўверх.
- Куды вы iдзяце? - запытаў я.
- Я i сам не ведаю.
- Вы шукаеце, дзе б схавацца?
- Так.
- Зайдзiце ў дом, - сказаў я.
Я сышоў унiз, адчынiў дзверы, потым зноў запёр iх. Я не мог разгледзець салдацкага твару. Ён быў без фуражкi, мундзiр быў расшпiлены.
- О божа! - сказаў ён, калi я яго ўпусцiў.
- Што здарылася? - спытаў я.
- Не пытайцеся. - Нягледзячы на цемру, я ўбачыў, што ён безнадзейна махнуў рукою. - Яны змялi нас, проста змялi, - паўтарыў ён.
Амаль машынальна ён увайшоў за мною ў сталовую.
- Выпiце вiскi, - прапанаваў я, налiваючы яму добрую порцыю.
Ён выпiў. Потым сеў у крэсла ля стала, схiлiў на рукi галаву i расплакаўся, як дзiця. Забыўшы пра свой нядаўнi прыступ адчаю, я здзiўлена глядзеў на яго.
Прайшло даволi часу, пакуль ён супакоiўся i змог адказваць на мае пытаннi. Ён гаварыў адрывiста i блытана. Ён быў ездавым у артылерыi i прыняў удзел у баi толькi каля сямi гадзiнаў вечара. У гэты час стралянiна на пустцы была ў поўным разгары; гаварылi, што першая партыя марсiянаў паволi паўзе да другога цылiндра пад прыкрыццем металiчнай бранi.
Потым гэта металiчная браня ператварылася ў трыножак, вiдаць, у тую першую ваенную машыну, якую я ўбачыў. Зброя, пры якой знаходзiўся мой госць, была ўстаноўлена блiз Хорсела для абстрэлу пясчанага кар'ера, i гэта паскорыла падзеi. Калi ездавыя з лафетам ад'язджалi ўбок, яго конь спатыкнуўся i ўпаў, скiнуўшы яго. У тую ж хвiлiну пушка ўзляцела ў паветра разам са снарадамi; усё было ахоплена агнём, i ён апынуўся пад кучай абгарэлых трупаў людзей i коней.
- Я ляжаў цiха, - расказваў ён, - ледзь не мёртвы ад страху. На мяне навалiлася пярэдняя частка каня. Яны нас змялi. А пах, божа мой! Як прыгарэлая смажанiна. Я выцяў спiну пры падзеннi. Так я ляжаў, пакуль мне не стала крыху лепш. Толькi хвiлiну назад мы ехалi, як на парад, - i раптам разбiтыя, змеценыя, знiшчаныя.
- Нас змялi! - паўтарыў ён.
Ён доўга хаваўся пад тушай каня, крадком паглядваючы на пустку. Кардыганскi полк спрабаваў кiнуцца ў штыкi - яго мiгам знiшчылi. Пасля пачвара паднялася на ногi i пачала расхаджваць па пустцы, праследуючы некаторых з тых, хто ўцякаў. Каўпак, якi круцiўся на ёй, напамiнаў галаву чалавека ў капюшоне. Нешта падобнае на руку трымала вельмi мудрагелiстую металiчную скрынку, з якой выляталi зялёныя iскры i бiў цеплавы прамень.
Праз некалькi хвiлiнаў на пустцы, наколькi ён мог бачыць, не засталося нiводнай жывой iстоты; кусты i дрэвы гарэлi. Гусары стаялi пры дарозе ў лагчынцы, i ён iх бачыў. Ён чуў, як застракаталi кулямёты, затым усё сцiхла. Гiгант доўгi час не чапаў станцыю Ўокiнг i вакольныя дамы. Потым слiзгануў цеплавы прамень, i гарадок ператварыўся ў кучу палымнеючых развалiнаў. Пасля гэтага пачвара выключыла цеплавы прамень i, павярнуўшыся спiною да артылерыста, пакрочыла ў бок дымнага сасновага лесу, дзе ўпаў другi цылiндр. У наступны момант з ямы падняўся другi зiхатлiвы тытан.