Марсiяне спынiлiся i пачалi аб нечым раiцца. Разведчыкi, якiя назiралi за iмi, данеслi, што яны стаялi нерухома каля паўгадзiны. Падбiты марсiянiн няўклюдна выпаўз з-пад свайго каўпака - невялiкая бурая туша, здалёк падобная на грыбную нарасць, - i пачаў рамантаваць трыножак. А дзевятай гадзiне ён скончыў работу, i яго каўпак зноў паказаўся над лесам.
У пачатку дзесятай гадзiны да гэтых трох вартавых далучылiся яшчэ чатыры марсiянiны, узброеныя вялiкiмi чорнымi трубамi. Гэткiя ж трубы былi ўручаны кожнаму з трох першых. Пасля гэтага ўсе сем марсiянаў расцягнулiся ланцугом на роўнай адлегласцi адзiн ад аднаго, па крывой мiж Сент-Джордж-Хiлам, Уэйбрыджам i Сэндам, на паўднёвым захадзе ад Рыплi.
Як толькi яны рушылi з месца, з пагоркаў узвiлiся сiгнальныя ракеты, папярэджваючы батарэi каля Дзiтана i Эшэра. У той жа час чатыры баявыя машыны з чорнымi трубамi пераправiлiся цераз раку; дзве з iх паявiлiся перад мною i святаром, выразна вырысоўваючыся на фоне неба пасля заходу сонца. Мы, стомленыя i знясiленыя, iмклiва iшлi па дарозе на поўнач ад Галiфорда. Нам здавалася, што яны рухаюцца па аблоках, бо малочны туман ахiнуў палi i ўзнiмаўся да трэцi iх росту.
Убачыўшы iх, святар ускрыкнуў здушаным голасам i кiнуўся бегчы. Ведаючы, што не ўцяку, я збочыў крыху i папоўз сярод мокрага ад расы цярноўнiку i крапiвы ў шырокую канаву ўзбоч дарогi. Святар азiрнуўся, убачыў, што я раблю, i падбег да мяне.
Два марсiянiны спынiлiся; першы ад нас стаяў, павярнуўшыся да Санбэры; другi маячыў сiвой бясформенай масай пад вячэрняй зоркай над Стэйнсам.
Выццё марсiянаў зацiхла, i кожны з iх моўчкi заняў сваё месца на агромнiстай падкове, якая ахоплiвала ямы з цылiндрамi. Адлегласць памiж канцамi падковы была каля дванаццацi мiляў. Нiводнага разу яшчэ з часоў вынаходнiцтва пораху пабоiшча не пачыналася сярод такой цiшынi. З Рыплi было вiдаць тое ж, што бачылi мы: марсiяне адны ўзвышалiся ў густым змроку, асветленыя бледным месяцам, зорамi, водблiскам заходу сонца i чырванаватым зарывам над Сент-Джордж-Хiлам i лясамi Пэйн-Хiла.
Але супраць наступаючых марсiянаў паўсюдна - каля Стэйнса, Хаўнслоў, Дзiтана, Эшэра, Окхема, за пагоркамi i лясамi на поўдзень ад ракi i за роўнымi сакаўнымi лугамi на поўнач ад яе, прыхаваныя дрэвамi i дамамi, былi выстаўлены гарматы. Сiгнальныя ракеты ўзвiвалiся i рассыпалiся iскрамi ў змроку; батарэi лiхаманкава рыхтавалiся да бою. Варта было марсiянам толькi ступiць за лiнiю агню, як усе гэтыя нерухомыя людзi, i ўсе гэтыя пушкi, паблiскваючы ў ранiшнiх прыцемках, выбухнулi б навальнiчнай раз'юшанасцю.
Тысячы людзей, якiя прагульвалiся гэтай ноччу гэтак жа як я, несумненна, ламалi галовы над тым, цi разумеюць нас марсiяне. Цi зразумелi яны, што нас мiльёны i што мы арганiзаваныя, дысцыплiнаваныя i дзейнiчаем згодна? Цi для iх нашы выстрэлы, нечаканыя выбухi снарадаў, настойлiвая асада iх умацаванняў тое ж самае, што для нас нападзенне патрывожанага, разварушанага вулея? А можа, яны думаюць, што нас усiх можна знiшчыць? (У той час яшчэ нiхто не ведаў, чым харчуюцца марсiяне.) Сотнi такiх пытанняў непакоiлi мяне, пакуль я назiраў за вартавымi марсiянамi. Разам з тым я думаў аб супрацiўленнi, якое сустрэне iх на шляху ў Лондан. Цi выкапаны ямы-пасткi? Цi пашанцуе завабiць iх да парахавых заводаў у Хаўнслоў? Цi хопiць у лонданцаў мужнасцi ператварыць у новую полымнеючую Маскву свой агромнiсты горад?
Нам падалося, што мы бясконца доўга паўзлi па зямлi паўз плот, час ад часу цiкуючы з-за яго; нарэшце пачуўся гул аддаленага гарматнага выстрэлу. Затым другi - крыху блiжэй - i трэцi. Тады першы ад нас марсiянiн высока падняў сваю трубу i выстралiў з яе, як з пушкi, аж задрыжала ад грукату зямля. Марсiянiн каля Стэйнса паўтарыў тое самае. Пры гэтым пачуўся толькi гул выбуху: нi ўспышкi, нi дыму.
Гэтыя паслядоўныя выбухi настолькi мяне ўразiлi, што я, забыўшыся пра небяспеку, палез на плот паглядзець, што адбываецца каля Санбэры. Зноў раздаўся выстрэл, i вялiзны снарад праляцеў высока нада мною ў бок Хаўнслоў. Я хацеў убачыць цi дым, цi агонь, цi якую-небудзь iншую прымету яго разбуральнага дзеяння, але ўбачыў толькi цёмна-сiняе неба з адзiнокай зоркаю i белы туман, якi слаўся па зямлi. I нiводнага выбуху з таго боку, нiводнага выстрэлу ў адказ. Усё сцiхла. Прайшла пакутлiвая хвiлiна.
- Што здарылася? - спытаў святар, стоячы побач са мною.
- Адзiн бог ведае! - адказаў я.
Праляцеў i знiк кажан. Здалёк данёсся i замёр шум галасоў. Я глянуў на марсiянiна; ён хутка рухаўся на ўсход паўз бераг рэчкi.
Я чакаў, што вось-вось на яго накiруюць агонь якой-небудзь прыхаванай батарэi, але начная цiша не парушалася. Фiгура марсiянiна памяншалася i неўзабаве яна знiкла ў тумане ў густой цемнаце. Падагрэтыя цiкаўнасцю, мы ўзабралiся яшчэ вышэй. Каля Санбэры, засланяючы гарызонт, вiднелася нейкая цёмная пляма накшталт свежанасыпанага канiчнага пагорка. Над Уолтанам, за ракою, мы заўважылi гэткае ж узвышэнне. Гэтыя дзве плямы, падобныя на пагоркi, на нашых вачах цямнелi i распаўзалiся.