Калi я ўжо пачаў гэта апiсанне, то дадам тут пэўныя падрабязнасцi, што ў той час не былi вядомыя для нас i якiя памогуць нашаму чытачу мець больш яснае ўяўленне пра гэтых грозных марсiянаў.
У трох адносiнах iх фiзiялогiя рэзка адрознiвалася ад нашай. Iх арганiзм быў пастаянна бадзёры, як людское сэрца, не ведаў сну. Iм не трэба было адпачываць пасля мускульнага напружання, яны перыядычна дзейнiчалi, без спачыну. Яны нiколi не стамлялiся. На Зямлi яны перамяшчалiся з вялiкiмi намаганнямi, але нават i тут яны пастаянна дзейнiчалi. Як мурашкi, яны працавалi ўсе дваццаць чатыры гадзiны ў суткi.
Па-другое, марсiяне былi бясполымi i таму не ведалi тых бурных эмоцый, якiя ўзнiкаюць у людзей з прычыны розных полаў. Дакладна ўстаноўлена, што на Зямлi ў час вайны нарадзiўся адзiн марсiянiн; ён быў знойдзены на целе свайго продка - адпачкаваўся, як маладыя лiлii з цыбулiнаў цi маладыя арганiзмы прэснаводнага палiпа.
Чалавек i ўсе вышэйшыя вiды зямных жывёлiнаў так не размнажаюцца, гэты спосаб размнажэння лiчыцца самым прымiтыўным. У нiжэйшых, канчаючы абалонкавымi, якiя стаяць блiжэй да пазваночных, iснуюць абодва спосабы размнажэння, але на вышэйшых ступенях развiцця палавы спосаб размнажэння поўнасцю выцясняе пачкаванне. На Марсе, вiдаць, развiццё iшло ў адваротным кiрунку.
Цiкава, што адзiн пiсьменнiк, схiльны да абстрактных разважанняў, яшчэ задоўга да нашэсця марсiянаў прадказваў чалавеку будучага якраз такую будову, якая аказалася ў iх. Яго прадсказанне, калi не памыляюся, паявiлася ў 1893 годзе ў лiстападаўскiм цi снежаньскiм нумары "Пэл-Мэл баджыт", якi даўно ўжо не выходзiць. Я прыпамiнаю карыкатуру на гэту тэму, змешчаную ў вядомым гумарыстычным часопiсе дамарсiянскай эпохi "Панч". Аўтар артыкула даказваў, выкладваючы сваю думку ў вясёлым, забаўным тоне, што развiццё механiчных прыстасаванняў павiнна ў рэшце рэшт затрымаць развiццё чалавечага цела, а хiмiчная страва лiквiдуе страваванне; ён сцвярджаў, што валасы, нос, зубы, вушы, падбародак паступова страцяць сваё значэнне для чалавека i натуральны адбор на працягу будучых вякоў iх лiквiдуе. Будзе развiвацца адзiн толькi мозг. Яшчэ адна частка цела перажыве астатнiя - гэта рукi, "настаўнiк i слуга мозга". Усе часткi цела будуць атрафiравацца, рукi будуць усё больш i больш развiвацца.
Iсцiна нярэдка выказваецца ў форме жарту. У марсiянаў мы, несумненна, бачым падобнае падпарадкаванне жывёльнага боку арганiзма iнтылекту. Мне здаецца ўпаўне верагодным, што ў марсiянаў, якiя паходзяць ад iстотаў, увогуле падобных на нас, мозг i рукi (апошнiя ў рэшце замянiлiся двума пучкамi шчупальцаў) паступова развiвалiся за кошт астатняга арганiзма. Мозг без цела павiнен быў стварыць, канешне, больш эгаiстычны iнтэлект, без усякiх чалавечых эмоцый.
Трэцяе адрозненне марсiянаў ад нас з першага погляду можа падацца неiстотным. Мiкраарганiзмы, узбуджальнiкi столькiх хвароб i мучэнняў на Зямлi або нiколi не паяўлялiся на Марсе, або санiтарыя марсiянаў знiшчыла iх многа стагоддзяў таму назад. Сотнi заразных хвароб - лiхаманка i запаленне, сухоты, рак, пухлiны i iншыя хваробы, якiя паражалi чалавека, былi iм зусiм невядомы.
Гаворачы аб адрозненнi памiж жыццём на Зямлi i на Марсе, я павiнен успомнiць пра дзiўнае паяўленне чырвонай травы.
Вiдавочна, раслiннае царства Марса ў адрозненне ад зямнога, дзе пераважае зялёны колер, мае крывава-чырвоную афарбоўку. Ва ўсякiм выпадку тое насенне, якое марсiяне (спецыяльна цi выпадкова) прывезлi з сабою, давала парасткi чырвонага колеру. Мiж iншым, у барацьбе з зямнымi вiдамi раслiн толькi адна ўсiм вядомая чырвоная трава дасягнула некаторага развiцця. Чырвоны ўюн хутка завяў, i толькi нямногiя яго бачылi. Што да чырвонай травы, то нейкi час яна расла надзiва хутка. Яна паявiлася на баках ямы на трэцi цi на чацвёрты дзень нашага зняволення, i яе парасткi, падобныя на парасткi кактуса, утварылi кармiнавыя махры вакол нашага трохвугольнага акна. Пасля я сустракаў яе ў вялiкай колькасцi па ўсёй краiне, асаблiва там, дзе была вада.