Паяўленне другога баявога трыножка загнала нас у пасудамыйку, бо мы баялiся, што са сваёй вышкi марсiянiн убачыць нас. Пазней мы зразумелi, што наша схоўка павiнна здавацца марсiянам, якiя знаходзiлiся на яркiм святле, цёмнаю плямаю. Мы перасталi баяцца, але спачатку пры кожным наблiжэннi марсiянаў мы ў панiцы кiдалiся ў пасудамыйку. Нягледзячы на небяспеку, нас нястрымна цягнула да шчылiны. Цяпер я са здзiўленнем успамiнаю, што нягледзячы на бязвыхаднасць нашага становiшча (нам пагражала альбо галодная, альбо яшчэ больш страшная смерць), мы нават пачыналi бойку з-за таго, каму глядзець першаму. Мы беглi на кухню, згараючы ад нецярпення i баючыся нарабiць шуму, адчайна штурхаючыся, знаходзячыся на валаску ад гiбелi.
Мы былi зусiм рознымi людзьмi паводле характару, па манеры мыслiць i дзейнiчаць; небяспека i зняволенне яшчэ больш выявiлi гэта адрозненне. Ужо ў Галiфордзе я злаваўся на бездапаможнасць i напышлiвую абмежаванасць святара. Яго бясконцыя незразумелыя маналогi не давалi мне засяродзiцца абдумаць сiтуацыю i даводзiлi мяне, i без таго крайне ўзбуджанага, ледзь не да прыпадку. У яго было не болей вытрымкi, чым у дурненькай жанчыны. Ён гатовы быў плакаць гадзiнамi, i я ўпэўнены, што ён, як дзiця, думаў, што слёзы памогуць яму. Нават у цемнаце ён штохвiлiнна дакучаў мне. Акрамя таго, ён еў больш за мяне, i я дарэмна напамiнаў яму, што нам дзеля нашага выратавання трэба заставацца дома да таго часу, пакуль марсiяне не скончаць работу ў яме, i таму нам трэба эканомiць харчы. Ён еў i пiў адразу памногу пасля кароткiх перапынкаў. Спаў мала.
Iшлi днi за днямi; яго гранiчная бяспечнасць i неразважлiвасць пагаршалi наша i без таго адчайнае становiшча i павялiчвалi небяспеку, так што я воляй-няволяй павiнен быў яго палохаць, стрымлiваць, нават пагражаць пабоямi. Ён крыху паразумнеў, але не надоўга. Ён належаў да лiку тых слабых, вялых, пазбаўленых самалюбства, баязлiвых i ў той жа час хiтрых стварэнняў, якiя не адважваюцца глядзець прама ў вочы нi богу, нi людзям, нi нават самiм сабе.
Мне непрыемна ўспамiнаць i пiсаць пра гэта, але я абавязаны расказаць усё. Тыя, каму пашанцавала пазбегнуць цёмных i страшных хвiлiнаў жыцця, не задумваючыся, асудзяць маю жорсткасць, маю ўспышку гневу ў апошнiм акце нашай драмы; яны выдатна ведаюць, што добра, што дрэнна, але, мяркую, не ведаюць, да чаго мукi могуць давесцi чалавека. Але той, хто сам прайшоў праз гэты змрок да самых нiзоў прымiтыўнага жыцця, зразумее мяне i паспачувае мне.
I вось, пакуль мы з святаром у цiшынi i змроку шэптам перамаўлялiся, вырывалi адзiн у аднаго яду i пiццё, штурхалiся i валтузiлiся, у яме звонку пад няшчадным чэрвеньскiм сонцам марсiяне ўладкоўвалi сваё незразумелае для нас жыццё. Я вярнуся да аповеду пра тое, што бачыў. Пасля працяглага перапынку я нарэшце рызыкнуў падпаўзцi да шчылiны i ўбачыў, што паявiлiся яшчэ тры трыножкi, якiя прывалаклi нейкiя новыя прыстасаваннi, расстаўленыя цяпер у стройным парадку вакол цылiндра. Другая мнагарукая машына, цяпер закапцелая, абслугоўвала новы механiзм, прынесены баявым трыножкам. Корпус гэтага новага апарата па форме быў падобны на малочны бiтон, на версе якога вярцелася грушападобная лейка, з якой сыпаўся ў падстаўлены знiзу круглы кацёл белы парашок.
Вярчэнне чынiлася адным з шчупальцаў мнагарукай машыны. Дзве лапатападобныя рукi капалi глiну i кiдалi яе ў грушападобны прыёмнiк, у той час як трэцяя рука перыядычна адчыняла дзверкi, выдаляла з сярэдняй часткi прылады абгарэлы шлак. Чацвёртым шчупальцам накiроўваўся парашок з катла па каленчатай трубе ў нейкi новы прыёмнiк, закрыты ад мяне кучай блакiтнаватага пылу. З гэтага нябачнага прыёмнiка падымаўся ўверх струменьчык зялёнага дыму. Мнагарукая машына з нягучным музычным звонам раптам выцягнула, як падзорную трубу, шчупальца, якое хвiлiну назад здавалася тупым адросткам, i закiнула яго за кучу глiны. Праз секунду шчупальца падвяло ўверх паласу белага алюмiнiю, яшчэ неастылага, блiскотнага i кiнула яе на клетку з такiх жа палосаў складзеную каля ямы. Ад заходу сонца да паяўлення зорак гэта лоўкая машына нарыхтавала не менш за сотню такiх палосаў прама з глiны, i куча блакiтнаватага пылу стала падымацца над краем ямы.
Кантраст памiж хуткiмi i складанымi рухамi ўсiх гэтых машын i павольнымi, няўклюднымi рухамi iх гаспадароў быў настолькi вiдавочны, што мне давялося доўга пераконваць сябе, маўляў, марсiяне, а не iх прылады, з'яўляюцца жывымi iстотамi.