У кухнi штосьцi паволi рухалася, чаплялася за сцены, выдаючы лёгкi металiчны звон, нiбы звязка ключоў на колцы. Затым якоесьцi цяжкае цела - я добра ведаю якое, - павалаклося па падлозе кухнi да адтулiны. Я не стрымаўся, падышоў да дзвярэй i зiрнуў у кухню. У трохвугольнай, асветленай сонцам адтулiне я ўбачыў марсiянiна ў мнагарукай машыне, якi напамiнаў Брыярэя; ён уважлiва разглядваў галаву святара. Я адразу ж падумаў, што ён здагадаецца аб маёй прысутнасцi па глыбокай ране.
Я папоўз у вугальны падвал, зачынiў дзверы i ў цемры, стараючыся не шумець, пачаў закопвацца ў вугаль i навальваць на сябе дровы. Кожную хвiлiну я сцiшваўся i прыслухоўваўся, каб пачуць наверсе рух шчупальца марсiянiна.
Нечакана лёгкае металiчнае пастукванне зноў аднавiлася. Шчупальца паволi рухалася па кухнi. Усё блiжэй i блiжэй - яно ўжо ў пасудамыйцы. Я спадзяваўся, што мяне не кране. Я пачаў малiцца. Шчупальца шкрабанула па дзвярах склепа. Настала цэлая вечнасць амаль невыноснага чакання; я пачуў, як стукнула клямка. Ён знайшоў дзверы! Марсiяне разумеюць, што такое дзверы!
Шчупальца праваждалася з клямкай каля хвiлiны; потым дзверы адчынiлiся.
У цемры я ледзь бачыў гэты гнуткi адростак, якi больш за ўсё напамiнаў слановы хобат; шчупальца наблiжалася да мяне, мацала сцяну, кускi вугалю, дровы i столь. Гэта быў нiбы чорны чарвяк, якi паварочваў сваю сляпую галаву.
Шчупальца кранула абцас майго чаравiка. Я ледзь не закрычаў, але стрымаўся, учапiўшыся зубамi ў руку. З хвiлiну ўсё было цiха. Раптам, нечакана шчоўкнуўшы, яно схапiла нешта, - мне падалося, што мяне! - i нiбы стала аддаляцца ад склепа. Але я не быў у гэтым упэўнены. Вiдаць, яно захапiла кусок вугалю.
Выкарыстаўшы выпадак, я выпрастаў здранцвелыя ногi i рукi i прыслухаўся. Я старанна малiўся - хоць бы выратавацца.
Я не ведаў, цi дацягнецца яно да мяне. Раптам моцным кароткiм ударам яно зачынiла дзверы склепа. Я чуў, як яно зашуршэла па кладоўцы, як перамяшчалiся бляшанкi з бiсквiтамi, як разбiлася бутэлька. Потым новы стук у дзверы склепа. Потым цiшыня i бясконца пакутлiвае чаканне.
Пайшло цi не?
Нарэшце я вырашыў, што пайшло.
Шчупальца больш не вярталася ў вугальны склеп; але я праляжаў увесь дзесяты дзень у цемнаце, закапаўшыся ў вугаль, не рызыкуючы вылезцi нават, каб напiцца: мне страшэнна хацелася пiць. Толькi на адзiнаццаты дзень я адважыўся выйсцi са свайго сховiшча.
V
ЦIШЫНЯ
Перш чым пайсцi ў кладоўку, я запёр дзверы з кухнi ў пасудамыйку. Але кладоўка была пустая; правiзiя ўся знiкла - да апошняй крошкi. Вiдаць, марсiянiн усё забраў. Упершыню за гэтыя дзесяць дзён мяне ахапiў адчай. Не толькi ў гэты дзень, але i ў два наступныя я нiчога не еў.
Рот i горла перасохлi, я моцна аслабеў. Я сядзеў у пасудамыйцы ў цемнаце, страцiўшы ўсялякую надзею. Мне мiрсцiлiся ўсякiя стравы i здавалася, што я аглух, так як гукi, якiя я прывык чуць з боку ямы, абсалютна зацiхлi. У мяне нават не хапiла сiлы, каб бясшумна падпаўзцi да шчылiны ў кухнi, а я б гэта зрабiў.
На дванаццаты дзень горла так перасохла, што я, рызыкуючы паявiцца перад марсiянамi, пачаў круцiць скрыпучую помпу каля ракавiны i здабыў каля дзвюх шклянак цёмнай мутнай вадкасцi. Вада асвяжыла мяне, i я крыху павесялеў, бачачы, што на шум ад помпы не паявiлася нiводнага шчупальца.
На працягу гэтых дзён я многа думаў пра святара i яго смерць, але думкi мае блыталiся i разбягалiся.
На трынаццаты дзень я выпiў яшчэ крыху вады i ў дрымоце думаў пра ежу, выношвачы фантастычныя, нерэальныя планы ўцёку. Як толькi я пачынаў драмаць, мяне мучылi кашмары: то смерць святара, то раскошныя пiры. Але i ў сне i на самой справе я адчуваў страшэнны боль у горле i, прачынаючыся, пiў i пiў бясконца. Святло, якое пранiкла ў пасудамыйку, было цяпер не шэраватым, а чырванаватым. Нервы ў мяне былi так разладжаны, што гэта святло здавалася мне крывавым.
На чатырнаццаты дзень я пайшоў у кухню i вельмi здзiвiўся, убачыўшы, што трэшчына ў сцяне зарасла чырвонай травою i паўзмрок набыў чырванаватае адценне.
Ранiцаю на пятнаццаты дзень я пачуў у кухнi нейкiя дзiўныя, вельмi знаёмыя гукi. Я прыслухаўся i вырашыў, што гэта, вiдаць, скавыча i драпаецца сабака. Увайшоўшы ў кухню, я ўбачыў сабачую морду, прасунутую ў шчылiну праз зараслi чырвонай травы. Я вельмi здзiвiўся. Пачуўшы мяне, сабака адрывiста забрахаў.
Я падумаў, што калi ўдасца заманiць яго ў кухню без шуму, то я заб'ю яго i з'ем; ва ўсякiм выпадку, лепш яго забiць, каб не выдацца марсiянам.
Я папоўз да яго, ласкава паклiкаў шэптам:
- Пёсiк! Пёсiк!
Але сабака знiк.
Я прыслухаўся - не, я не аглух: у яме на самай справе цiха. Чуўся толькi нейкi гук, падобны на лопат крылаў, ды яшчэ рэзкае карканне - i больш нiчога.
Я доўга ляжаў каля шчылiны, не адважваючыся рассунуць чырвоны зараснiк. Раз цi два я чуў лёгкi шорах - быццам сабака дзесьцi ўнiзе бегаў па пяску. Чуў, як мне здавалася, шастанне крылаў, i толькi. Нарэшце, асмелiўшыся, я выглянуў вонкi.
У яме нiкога. Толькi ў адным вугле зграя варон змагалася за астанкi мерцвякоў, выссаных марсiянамi.