3 таго вечара нешта змянілася ў адносінах Паўла да Тані, ды і ў адносінах дзяўчыны да яго. Цяпер Паўлу прыемна было ўспамінаць Таню, прыемна было думаць, што вось ён прыйдзе ў сталоўку і ўбачыць яе.
I дзяўчына, ці гэта ўжо здавалася Паўлу, таксама пачала вылучаць яго з іншых. Як толькі Павел прыходзіў у сталоўку, Таня бегла ўжо да яго, брала яго картачкі-талончыкі і цягнула яму на падносе нязменныя боршч і кашу, часам усміхалася яму, і тады Павел бачыў, што за яе поўнымі губамі хаваліся дробныя густыя зубкі. Павел пачаў прыглядацца да яе і ўбачыў, што яна зусім не брыдкая, што ў яе свежыя тугія шчокі, жывыя вочы, хоць наіўныя і крыху насцярожаныя, як у зайца, які пачуў брэх сабакі. Калі ён даведаўся, што Таніна прозвішча Зайчык, то ажно зарагатаў — прозвішча здалося яму смешнае, як і сама Таня, яе прозвішча, здалося яму, вельмі Тані падыходзіла.
Стаяла ўжо восень, вечарамі на мястэчка апускаліся халодныя сырыя туманы, з ліп на скверыку ападала жоўтае лісце і клалася пад ногі склізкім дываном. Людзі зашываліся ў хаты, зачынялі аканіцы, і вуліцы вечарамі рабіліся зусім цёмныя і пустыя, толькі часам дзе праз шчыліну аканіцы цадзілася святло, і тады здавалася, што там, у хаце, за тым вакном, закрытым аканіцаю, некаму цёпла, некаму не адзінока, некаму спакойна. Успіраючыся на свой кіёк, Павел часам хадзіў па мястэчку, паглядаючы на зачыненыя аканіцы, за якімі ішло чужое жыццё, і думаў аб сваім, аб тым, што яму рабіць, як жыць далей. Ён не збіраўся нздоўга заседжвацца ў гэтым мястэчку — хацелася ў вялікі горад, з якога яго вырвала вайна — да вайны ён жыў у Мінску,— хацелася вучыцца, хоць ён цяпер і сам не ведаў, вучыцца на каго. Да вайны ён скончыў дзевяць класаў і збіраўся паступіць у вайсковае вучылішча, вельмі хацеў стаць лётчыкам. Вайну, пра якую так шмат гаварылася да вайны, ён маляваў сабе як пераможны поступ герояў, сярод якіх не апошняе месца адводзіў і сваёй асобе. Цяпер ён ведае, што такое вайна, сёрбаў яе з салдацкага, потым з партызанскага кацялка вялізнаю лыжкаю. Вайна забрала ў яго бацьку, маці і сястру, бацька загінуў на чацвёрты дзень вайны — трапіў пад бамбёжку, матку з сястрою немцы вывезлі ў Германію, і дзе цяпер яны, ці жывыя — невядома. Сам ён у партызанах і балота нагамі памясіў, і папух з голаду, і людской смерці нагледзеўся, і сам ледзь канцы не аддаў, а потым ледзь нагу не страціў, дактары ўратавалі. Калі яго цяпер не ўзялі ў армію, то і ў вайсковае вучылішча не прымуць, так што пра неба думаць больш не варта, трэба знаходзіць нейкую работу на зямлі. Канечне, можна застацца і тут, працаваць у рэдакцыі, набіраць і друкаваць газету, гэта таксама няблага, але надта адзінока адчуваў ён сябе ў гэтым мястэчку, а ў Мінску ў яго жыў стрыечны брат, сын матчынай сястры. Цяпер і стрыечны брат здаваўся Паўлу вялікаю раднёю.
Ён гаварыў рэдактаршы, што не збіраецца векаваць у рэдакцыі, гаварыў, што хоча вучыцца, але рэдактарша заявіла, што пакуль не будзе ў рэдакцыі чалавека, які мог бы замяніць Паўла, яна яго нікуды не пусціць. Пакуль такога чалавека не было, але з рэдакцыі, можна сказаць, не вылазіў Казік, мясцовы хлопец гадоў васемнаццаці, худы, даўганосы, са светлымі, рэдка стрыжанымі валасамі, з лёгкім светлым пушком над верхняю губою і на прышчаватых шчоках. Казіку надта цікава было глядзець, як Павел набірае з літараў словы і сказы, прасіўся даць яму пакруціць «амерыканку», на якой друкавалася газета. Павел вучыў Казіка рабіць набор, і той, як некалі і сам Павел, скора налаўчыўся трымаць вярстатку і выбіраць літары з кас, адно, чаго бракавала Казіку, гэта граматы, за кожным словам трэба было сачыць па напісаным, сам не ведаў, як правільна набраць.
Павел меркаваў, што некалі Казіка можна будзе пакінуць замест сябе ў рэдакцыі, і рэдактарша, мусіць, пагодзіцца, бо Казік неблагі хлопец, старэнны.
А пакуль Павел сумаваў у мястэчку без сяброў, без кампаніі, і асабліва маркотна рабілася яму вечарамі, аднаму ў пакоі, дзе пад столлю гарэла запыленая электрычная лямпачка, кідаючы святло на абыяк засланы коўдраю ложак, на аблуплены, падрапаны, як цвікамі, пісьмовы стол з адною тумбачкаю, на абцягненае плюшам сіняе крэсла на спружынах. Усё ў пакоі ў яго было збор-дружына, купленае некалі людзьмі для свайго карыстання, параскіданае вайною, як і людзі, і сабралася тут, у Паўла, выпадкова — мусіць, каб кожная рэч магла апавядаць, то расказала б пра свае прыгоды не адну цікавую гісторыю.
Павел браў свой кіёк, замыкаў пакой доўгім ключом, клаў ключ у кішэню штаноў і ішоў блукаць па вуліцах ці пасядзець у цяпле ў сталоўцы. Апошнім часам яму нават прыемна было заходзіць туды, прыемна было, што Таня, убачыўшы яго, адразу бегла з падносам да яго століка, радавалася, што ён прыйшоў.