— Ну, як твая нага? — спыталася са спачуваннем.— Можа ўсётакі натру? — яна паклала мяккую, яшчэ вільготную ад вады, далонь яму на шчаку. Рука ў жонкі была мяккая і голас добры, Паўлу Іванавічу раптам захацелася ёй усё расказаць і папрасіць парады, што яму рабіць. Ён паглядзеў жонцы ў твар. Усё на гэтым твары было яму вельмі знаёмае — і зеленаватыя вочы, і зморшчынкі каля іх, і крыху пукаты лоб з пасмачкаю пафарбаваных валасоў, тонкія, без памады губы, сухаватыя і бледныя. Здаецца, усё на гэтым твары было знаёмае і сваё, але недзе глыбока ў вачах у жонкі жыло і другое — халоднае і жорсткае. Павел Іванавіч ведаў гэта, яно выплывала і надоўга заставалася ў жончыных вачах, калі яны спрачаліся, і жонка рабілася як чужая. Ён тады думаў пра жонку — калі ты за дробязь можаш так злавацца, можаш днямі не гаварыць, можаш рабіцца такая чужая, то што было б, каб я правініўся перад табою па-сапраўднаму і ты даведалася б?..
І ён адвёў вочы ад жончынага твару, сказаў:
— Не, не трэба націраць, само пройдзе.
— Ну, глядзі,— зняла жонка руку з яго лба.
2
Яго быццам штурхнуў хто, і ён расплюшчыў вочы, прачнуўся.
Стаяла глыбокая ноч, яшчэ не пайшлі па вуліцах машыны, у доме насупраць свяцілася толькі адно акно. Павел Іванавіч перавярнуўся на другі бок, заплюшчыў вочы, каб зноў заснуць, ляжаў ціха, стараючыся ні пра што не думаць, прымушаючы сябе — спаць, спаць,— але перад вачыма ўсплыла стрыжаная галава Зайчыка, ён убачыў яго ўхмылачку і скалануўся. Зразумеў, што зноў не засне, зноў прамучыцца ўсю ноч да раніцы, а ўдзень будзе хадзіць, як п’яны, як хворы.
Каторую ноч прачынаецца ён гадзіны ў тры і не спіць — думае, успамінае,
Успамінае той гарадок у Беларусі, дзе ён апынуўся пасля расфарміравання партызанскага атрада. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі, зробленымі з каменных плітак, са скверыкам у цэнтры, з чырвоным касцёлам, абгароджаным узорыстаю агароджаю, з двухпавярховым будынкам школы, дзе пры паляках была гімназія.
Яму далі пакойчык метраў на дзесяць у драўляным доміку на ўскраіне мястэчка, цяпер ён ужо не помніць, дзе ўзяў ложак, стол і крэсла, адкуль у яго з’явіліся падушка і коўдра.
Сам ён быў тады яшчэ не Павел Іванавіч, а проста Павел, ці Паўлуша, худы, высокі дваццацідвухгадовы хлопец, хоць і абстраляны, але яшчэ дурны, наіўны.
Свае хлопцы, партызаны, раз’ехаліся-разляцеліся — адных прызвалі ў армію, другіх накіравалі на службу ў іншыя гарады, і Павел застаўея тут, у гэтым мястэчку адзін, без сяброў, без добрых знаёмых.
Яго не прызвалі ў армію, бо быў ён пасля цяжкога ранення, а пакінулі тут, бо спатрэбілася яго спецыяльнасць, якую ён набыў у партызанах.
Паранены ў нагу, ён апошнім часам у атрадзе не хадзіў на баявыя заданні, а круціўся каля друкарні і скора навучыўся набіраць і друкаваць газету. Пасля расфарміравання атрада яго і пакінулі ў гэтым гарадку працаваць у рэдакцыі, якая выйшла з падполля, наборшчыкам і друкаром.
Былы рэдактар, з якім Павел у атрадзе сябраваў, таксама пайшоў у армію, цяпер рэдактарам прызначылі жанчыну, якая была партызанскай сувязной.
Павел сумаваў. Пасля партызанскага атрада, дзе ўвесь час быў у гурце, сярод сваіх хлопцаў, адчуваў сябе адзінокім, бо тут пакуль ніякіх таварышаў, ніякай кампаніі не займеў. Ды і нага яшчэ балела. Ён зрабіў сабе з вольхі кіёк, навыстругаў на ім квадрацікаў, розных узораў, а каля дзяржання яшчэ і імя сваё выразаў — «Павел». Хадзіў па мястэчку, крыху накульгваючы і ўспіраючыся на гэты кіёк.
У гарадку была сталоўка, якая месцілася ў белым мураваным будынку каля скверыка, у самым цэнтры мястэчка. Сталоўку трымаў тутэйшы ОРС, адну на ўсіх рабочых гарадка і для чыгуначнікаў — недалёка ад мястэчка праходзіла чыгунка.
Год ішоў яшчэ ваенны, цяжкі, галодны, а тут па талонах, што разам з хлебнымі і прадуктовымі картачкамі выдаваліся на рабоце, можна было з’есці талерку таго самага баршчу, порцыю кашы, катлету, і сюды сыходзіліся людзі, тут снедалі, абедалі і вячэралі, а часам і так падоўгу сядзелі, гаварылі, выпівалі.
Звонку будынак сталоўкі выглядаў нішто — цэлы, на высокім цагляным падмурку (пры паляках у ім была крама), а ўсярэдзіне запушчаны, даўно не рамантаваны, нізкая столь, сталы драўляныя, нічым не засланыя, крэслы на расхістаных ножках — садзіцца на іх трэба было з апаскаю, каб не паваліцца, падлога рассохлая і чорная ад бруду, які наносілі нагамі людзі.
У сцяне, за якою стукалі нажамі, грымелі вёдрамі кухаркі, зеўрала чорная дзюрка — акно, праз якое на залю падавалі талеркі з баршчом і кашаю. Каля гэтай жа сцяны, у кутку залі, туліўся невялікі буфецік — адгароджаны катушок, дзе на паліцах стаялі вазачкі з цукеркамі, бутэлькі з гарэлкаю, ляжалі пачкі салдацкай махоркі. Сюды ж, за гэтую загародку, часам прывозілі вялікую драўляную бочку з півам, і буфетчыца Ядзя — немаладая поўная жанчына ў жоўтай блузцы, якая туга аблягала яе грудзі, і ў чорнай спадніцы, якая напіналася на яе клубах і жываце,— цадзіла з гэтай бочкі пеністае жоўтае пітво.