Мелася ў гэтай сталоўцы і баковачка, у якую вялі дзверы з вялікай, агульнай залі. Там на вокнах віселі белыя марлевыя фіранкі, сталы засцілаліся абрусамі, падлога была не затупаная, бо туды хадзіла менш людзей — у баковачцы абедала начальства.
Разносілі яду ў сталоўцы дзве дзяўчыны — адна высокая, з доўгімі светлымз валасамі, якія падалі ёй на плечы і знізу падкручваліся валікам. У дзяўчыны быў хоць і велікаваты, але зграбны нос і звонка-сінія вочы, яна заўсёды вельмі акуратна апраналася. Звалі яе Ванда. Па залі яна хадзіла, як каралева, адчуваючы на сабе прыхільныя позіркі мужчын.
Другую дзяўчыну звалі Таня. Яна была невысокая, з пастрыжанымі да вуха цёмнымі валасамі, у якіх заўсёды тырчаў алюмініевы грабянец, губы ў Тані былі залішне поўныя, асабліва верхняя, дзяўчынка хадзіла заўсёды ў адной і той жа карычневай сукенцы і ў чорных чаравіках са шнуркамі, па залі бегала неяк бачком, прыціскаючы да грудзей паднос, застаўлены талеркамі, з заклапочаным тварам, быццам баючыся, што недзе нешта зрабіла не так і зараз на яе пачнуць сварыцца.
Калі ў баковачку прыходзіла начальства, яду туды насіла Ванда, Таню туды ніколі не пасылалі, затое ў агульнай залі Таня бегала за дзвюх. Ванда хадзіла павольна, не спяшаючыся, ніхто ніколі не падганяў яе, нецярплівыя кліенты заўсёды клікалі Таню, і яна бегала ад століка да століка, стараючыся ўсім дагадзіць і часта прыгаворваючы:
— Зараз, зараз, зараз...
Здаецца, і кліенты, і работнікі сталоўкі, і самі дзяўчаты раз назаўсёды ўстанавілі, якое месца павінна займаць кожная з іх. Быццам усе разумелі, што за Ванду служыць яшчэ і яе прыгажосць, кліенты цешацца, гледзячы на яе, начальства цэніць, і калі яна вельмі будзе насіцца з падносамі, то і прыгажосць сваю растрэсці можа, так што няхай Таня носіцца, ёй няма чаго растрасаць. I Таня з гэтым пагадзілася таксама, Павел ніколі не бачыў, каб яна паказала чым-небудзь сваё нездавальненне, каб хоць раз коса глянула на Ванду — Таня прызнавала Вандзіну вышэйшасць, тым больш, што Ванда была і старэйшая за Таню — Вандзе было дваццаць, а Тані — семнаццаць.
Павел разумеў, што Ванда — нашмат прыгажэйшая за Таню, што Ванда наогул прыгожая дзяўчына, нават без усялякага параўнання, каб Тані тут і зусім не было, і менавіта таму, што Ванда была прыгожая, Паўлу і ў галаву не прыйшло пачаць да яе заляцацца. Ён лічыў, што сам ён не прыгожы, ды яшчэ кульгавы пасля ранення, што такая Ванда на яго і глядзець не захоча, у яе хапае прыгожых ухажораў.
Калі ўспамінаць усё, як было, то ён можа пабажыцца, што і да Тані ён не збіраўся падступацца з залётамі, проста так неяк выйшла, так атрымалася.
Ён добра помніць той вечар.
У сталоўцы было накурана і дымна — нешта на кухні падгарэла, і адтуль у залю наплыло чаду. У кутку, каля двух вокнаў, шыбы ў якіх блішчэлі чорным, сядзела падвыпіўшая кампанія. Святло электрычнай лямпачкі адбівалася на бутэльках, на шклянках, што стаялі перад імі, пасярод стала ляжала разгорнутая газета, а ў ёй скрылікі сала, пустыя ўсярэдзіне салёныя агуркі, кавалак сялянскага хлеба — закуску мужчыны прынеелі ў сталоўку з сабою.
Мужчыны курылі і голасна гаварылі. I за другімі столікамі сядзелі людзі — адны сёрбалі той боршч, які кожны дзень варылі ў сталоўцы, другія пілі піва, якое сёння акурат прывезлі ў буфет, вялі размовы.
Павел павячэраў, ды разам і паабедаў, бо сёння друкавалася газета, і ён цэлы дзень не мог адлучыцца з рэдакцыі, выпіў куфаль піва і цяпер сядзеў, прыхіліўшы да крэсла свой кіёк, думаў, ці не паклікаць Таню ды не папрасіць, каб прынесла яшчэ адзін. Спяшацца яму не было куды, чатыры сцяны пакоя не вельмі цягнулі яго дадому, а тут усётакі былі людзі, хоць і самі па сабе, а ён сам па сабе. Стрымлівала толькі тое, што ў кішэні заставалася мала грошай, калі ён сёння возьме яшчэ адзін куфаль піва, а заўтра ж таксама захочацца ўзяць, то да палучкі не дацягне, не будзе за што і баршчу купіць, прыйдзецца кланяцца рэдактаршы, каб дала напавер якую сотню.
Разумней за ўсё было б сёння больш не піць піва, але нешта Паўла як падмывала, быццам на злосць каму хацелася зрабіць.
У гэты час адзін мужчына з кампаніі, якая сядзела ў куце пад вокнамі, павярнуўся разам з крэслам на залю і крыкнуў хрыплым голасам:
— Таня!
Таня, якая ў гэты час стаяла каля буфета, азірнулася, убачыла, што яе клічуць, кінула сваё:
— Зараз, зараз...
Яна занесла піва двум чыгуначнікам, што сядзелі недалёка ад буфета, і падбегла да кампаніі.
— Нам... піва,— сказаў мужчына. Рукою, у якой трымаў скручаную з газеты цыгарку, ён пачаў лічыць тых, што сядзелі за сталом,— раз, два, тры... Пяць! Во! — выставіў ён руку і растапырыў пальцы. Цыгарка, якую ён трымаў, губляючы іскры, паляцела на падлогу. Мужчына, нязграбна згінаючыся, пачаў лапаць рукою вакол сябе, шукаючы цыгарку. Залітыя гарэлкаю вочы нічога не бачылі, і ён грэбаўся туды і сюды, ківаўся ў крэсле, пакуль Таня не падняла тую цыгарку і не падала яе мужчыне. Тоў узяў яе непаслухмянымі пальцамі, паклаў у левую руку, а правую зноў выставіў з растапыранымі пальцамі.— Пяць! Панімаеш?