Хадасевіч быў яго даўні знаёмы, яны некалі разам вучыліся ў аспірантуры і нават сябравалі, але Павел Іванавіч абараніў дысертацыю і цяпер чытае лекцыі ў інстытуце, а Хадасевіч не абараніў і вось ужо некалькі гадоў працуе ў выдавецтве звычайным рэдактарам. Хто яго ведае, чаму Хадасевіч не абараніў дысертацыі, у інстытуце ж вучыўся на выдатна, меў павышаную стыпендыю, і студэнты, і выкладчыкі прарочылі яму вялікую будучыню, прарочылі, што з яго выйдзе добры вучоны, а гэты «вучоны» нават кандыдацкай дысертацыі не абараніў і жыве цяпер куды больш сціпла, як тыя, што ў інстытуце ледзь перапаўзалі з курса на курс.
Праўда, вінаваты тут быў і нораў Хадасевіча, гэты хлопец ніколі не ўмеў лавіраваць, заўсёды ішоў напралом, не ведаў, як гэта кажуць, дзе трэба лізнуць, а дзе гаўкнуць, лізаць то ён наогул, здаецца, нікога не лізаў, а гаўкаў часта, ды не на таго, на каго трэба.
Як бы там ні было, дысертацыю Хадасевіча на вучоным савеце забракавалі, на абарону не паставілі, тэрмін аспірантуры скончыўся, і яму прыйшлося шукаць работы. Каб ён пайшоў да дырэктара інстытута ды хораша папрасіў, каб яго пакінулі ў інстытуце, то, можа, дырэктар і згадзіўся б, і пакінуў бы, а там, памаленьку, ён давёў бы да ладу дысертацыю і абараніўся б, так шмат хто рабіў, але Хадасевіч да дырэктара не пайшоў, не захацеў нікому пакланіцца, а ўладзіўся працаваць рэдактарам у выдавецтве і там, кажуць, часта бунтуе.
Павел Іванавіч лічыў Хадасевіча няўдачнікам і, як да ўсякага няўдачніка, адчуваў да яго крышку пагарды, крышку спачування, аднак адносін з ім не парываў. Глыбока ў душы жыла ў ім быццам і павага да Хадасевіча, які, здавалася яму, пагарджае тым, чым вельмі даражыць ён, Павел Іванавіч. У душы ён мусіў сабе прызнацца, што спалохаўся сённяшняга суда, спалохаўся Зайчыка не толькі таму, што ўся гэта гісторыя клалася чорнаю плямаю на яго сумленне, але і таму, што гэта гісторыя, калі б пра яе даведаліся, магла выбіць яго з ладу прывычнага жыцця, пазбавіць таго, што з такою цяжкасцю набывалася і чым ён так даражыў — службаю, аўтарытэтам і, урэшце, дабрабытам, дастаткам. I цяпер, калі жонка ўспомніла Хадасевіча, ён упершыню таму пазайздросціў, пазайздросціў яго прынцыповасці, яго сіле і цвёрдасці. I яшчэ ён падумаў, што ўвесь гэты час не толькі ён, Павел Іванавіч, мог паціху пагарджаць Хадасевічам, але і той мог пагарджаць Паўлам Іванавічам. Хадасевіч разумны, ён не мог не бачыць гэтых днёў нараджэння, распісаных, як па нотах, калі запрашаюцца ў асноўным патрэбныя людзі, і, напэўна, ён часта ў сваім, быццам няўдачлівым, жыцці адчуваў сябе больш упэўнена і незалежна, чым Павел Іванавіч са сваімі ўдачамі і поспехам.
I наогул гэты дзень нараджэння, якому сёлета жонка аддавала так шмат увагі, здаўся Паўлу Іванавічу непатрэбным. Ці такая вялікая радасць, што табе прыбавіўся яшчэ адзін год, асабліва жонцы, якая гэтых гадоў баіцца, як чорт ладану? I ў адказ на жончыну турботу, што трэба яшчэ раз перагледзець спісачак, каго запрашаць на дзень нараджэння, ён адказаў хмура:
— Запрашай, каго хочаш, твой дзень нараджэння.
Жонка паглядзела на яго здзіўлена, спыталася:
— У цябе непрыемнасці на рабоце?
Павел Іванавіч паклаў на стол відэлец, адсунуў талерку з недаедзенай вячэрай.
— Няма ніякіх непрыемнасцяў. Проста нага нешта разбалелася,— пацёр ён далоняй калена.
У Паўла Іванавіча была прастрэлена нага — паранілі ў час вайны ў партызанах. Часам, на кепскую пагоду, старая рана пачынала ныць. Ці балела нага сёння — Павел Іванавіч і не ведае, здаецца, не, але трэба было неяк растлумачыць жонцы кепскі настрой, і ён спаслаўся на нагу. Але як толькі сказаў, што нага забалела, пачуў, быццам яна і сапраўды ные, вярэдзіць калена.
Жонка загаварыла са спачуваннем:
— То вячэрай і ляж, паляжы, я натру табе нагу.
Павел Іванавіч ужо сам прыслухоўваўся — баліць нага ці не. Хвілінамі здавалася, што баліць, а потым болю не чулася.
— Не, не трэба націраць,— сказаў ён жонцы.— Само пройдзе.
Пасля вячэры, крыху накульгваючы, ён пайшоў у залю, узяў са століка свежыя газеты, пакіраваўся з імі ў спальню, лёг на свой ложак, запаліў лямпу, што стаяла на тумбачцы паміж ложкаў. Ён гартаў газеты, прабягаў вачыма загалоўкі, але не разумеў нават загалоўкаў. Перашкаджала музыка дачкі, якая сёння зноў іграла ў сваім пакоі. Вельмі захацелася закурыць, але ён ужо тры гады як кінуў курыць, ганарыўся сваёю вытрымкаю, у хаце не было цыгарэт, ды і наогул, каб ён закурыў, жонка спалохалася б, што ў яго нешта здарылася, пачала б пытацца. А пра тое, што здарылася, ён не мог расказаць нікому, трэба было самому ўсё перажыць, самому ўсё абдумаць і, калі можна, прыдумаць нешта такое, каб і самога не выдаць, і дапамагчы таму чалавеку, Зайчыку.
Ён глянуў на будзільнік — было толькі восем гадзін вечара, спаць так рана ён не клаўся, працаваць у такім настроі таксама не мог — а ён пачаў пісаць доктарскую дысертацыю,— і ён ляжаў, глядзеў у столь, думаў.
У спальню ўвайшла жонка — ужо без фартуха, праходзячы міма люстэрка, паглядзелася на сябе, паправіла валасы, падышла да ложка, на якім ляжаў муж, прысела каля яго.