Неўзабаве пасьля рэалізацыі першага чэку я ўбачыў на вуліцы Алену. Яны жвава ішла ў напрамку нашага дому. Яе твар быў задумлівы, засяроджаны, смутны. Мне хацелася надысьці да яе і паразмаўляць, але я не наважыўся нават павітацца зь ёю. Пачаў сачыць за дзяўчынаю здаля. Яна дайшла да нашай камяніцы, але не зайшла празь пярэднія дзьверы. Падалася далей. Павярнула на рагу дому і ўвайшла празь іншыя дзьверы. Толькі цяпер я зразумеў, чаму ніколі не спатыкаў на сходах ані Рэванскага, ані яго дачкі. Да іх жытла ёсьць уваход зь іншага боку камяніцы. Калі Алена ўвайшла ў камяніцу, я хапатліва накіраваўся да пярэдніх дзьвярэй. Адчыніў іх і стаў унізе лесьвічнай пляцоўкі. Я чуў крокі дзяўчыны. Затрымаліся ўверсе. Пасьля да маіх вушэй даляцела, як адчыняецца замок. Потым грукнулі дзьверы. Толькі тады ціхенька пайшоў сходамі ўверх. Уваходы да ўсіх дзьвярэй былі справа лесьвічнай клеткі. Калі я спыніўся наверсе, убачыў велічэзныя, падвойныя дзьверы, на якіх была замацаваная шыльда: «Гіпаліт Ардэна-Рэванскі». А зьнізу: «Рэтушор». Мне хацелася пазваніць у кватэру, але я збаяўся. Ну што я ёй скажу? Што часта пра яе думаю…
Назаўтра была субота. Я купіў дзьве вялікія, прыгожыя гронкі вінаграду. Былі амаль чорныя, добра высьпелыя, сакавітыя. Паклаў іх на талерцы і пакінуў побач картку: «Прыгожай Алене — замест паэмы». У той вечар не пайшоў забаўляцца, хаця меў шмат грошай на пацехі. Ад часу знаёмства з Аленаю суботнія вечары былі для мяне хвалюючыя і мілыя. У мяне цяпер была магчымасьць піць, гуляць з кабетамі. Але даражэйшымі для мяне былі некалькі словаў, напісаных на паперцы, ці цукерка, пакінутая Аленаю. У тую суботу я хадзіў па горадзе да дзясятай гадзіны. Потым вярнуўся дахаты і з радасьцю ўбачыў, што адна гронка вінаграду зьнікла з талеркі. На яе месцы ляжалі два варэнікі з сырам. А на паперцы было дапісана: «Мусіць быць і паэма».
На наступным тыдні я прадаў яшчэ два чэкі. У мяне было шмат грошай. Але і цяпер я ня бавіўся нідзе ў суботу. Удзень пайшоў у кветкавую краму і купіў вялікі, прыгожы букет. Па дарозе дадому набыў ёмістую вазу. Дома паставіў кветкі ў вазу. На стале паклаў паперку, на якой напісаў: «Паэма з кветак — для Прыгожай Алены». Потым хадзіў па горадзе і думаў, што зробіць Алена? Вырашыў нават, што калі яна возьме кветкі, я буду мець вялікі посьпех. Гэткая прастадушная варажба.
У той вечар я вярнуўся дадому позна. Кветкі былі забраныя. Засталася толькі адна, найменшая ружачка. На стале, на талерцы ляжалі колькі дзясяткаў вялікіх сьліваў. А на паперцы было дапісана: «Прыгожая Алена сярдуе за марнатраўства». Мабыць, яна думае, што я раблю растраты, каб зрабіць ёй прыемнасьць.
Цяпер я жыву ў добра абстаўленым пакоі ў цэнтры. Да яго ёсьць асобны ўваход зь лесьвічнай пляцоўкі, і я магу карыстацца ванным пакоем. Аднак я ня выпісаўся зь «бібліятэкі». Хачу мець яе ў «рэзэрве». Сплю тамака штоночы з суботы на нядзелю, і надалей доўжыцца мой дзіўны «флірт» з Аленаю.
Пасля продажу другога чэку я пачаў шукаць Кольку. Наўмысна сядзеў вечарамі да познага ў більярднай залі «Чырвонага Штрала». Але сябра недзе зьнік. Нарэшце я напісаў яму запіску, занёс яе на пададзены мне адрас і ўкінуў у паштовую скрынку. Я прасіў яго, каб ён прыйшоў заўтра ў більярдную а дванаццатай гадзіне. На наступны дзень пайшоў туды ў прызначаны мною час. Колька ўжо чакаў. Ён быў змарнелы і сумны. Мы не размаўлялі ў прысутнасьці іншых. Пайшлі ў горад.
— Што з табою здарылася? — спытаў я Кольку.
— Пачуваюся блага, бо маю шмат клопатаў. Прайграўся ў карты, завінаваціўся. Цяпер не магу даць сабе рады. Шукаў іншых магчымасьцяў, але мне ня шчасьціць. Цяпер гуляю танна ў «Зялёнага Штрала» альбо ў іншых установах.
— Слухай! — зьвярнуўся да яго зычліва і шчыра. — Я добра зарабіў і маю шмат грошай. Магу даць табе. Колькі трэба?
— Ведаеш, калі ня маеш уласнага рубля, дык і шчасьце ня будзе пасаваць. Звычайна так бывае, што грошы цягнуцца да грошай.
— Скажы, колькі патрэбна грошай, каб пазбыцца клопатаў і сплаціць пазыкі?
— Пазыкаў маю пятнаццаць тысяч. Трэба таксама заплаціць за пакой і за абеды дома. Калі б меў трыццаць тысяч, я даў бы сабе рады.
— Добра, дам табе трыццаць тысяч. Не пазычу, але дам. Калі зможаш некалі аддаць мне тыя грошы, то аддасі. Калі не — абыдуся бязь іх.
Я запрасіў Кольку на абед у рэстаран і там даў яму грошы. Ён прасіў мяне, каб прыйшоў увечары ў більярдную, бо ён зьбіраўся згуляць «на спуск». Я сказаў, што цяпер магу ісьці на вялікія закладкі, бо маю вялікія грошы. Дамовіліся, што ён выйграе першую партыю, прайграе дзьве наступныя і возьме ўсе, што будзе гуляць надалей. Аднак для пэўнасьці дамовіліся, што дасьць мне знак — як і раней.