Пакаёўка хутка найшла ўглыб калідору. Я хацеў павесіць капялюш на вешалку каля дзьвярэй, але сябра ўстрымаў мяне.
— Лепшыя госьці не пакідаюць рэчы тут. Сталоўка для плебэяў там, — паказаў мне на прыадчыненыя дзьверы, за якімі, пры цьмяным сьвятле з вуліцы, былі відаць невыразныя абрысы крэслаў і сталоў. — Для арыстакратыі ёсьць экстрасалёны.
З глыбіні калідору да нас ішла дзябёлая жанчына з чорнымі валасамі й карымі вачыма. На ёй была добра пашытая сукенка зь вялікім дэкальтэ. Калі яна наблізілася, я адчуў моцны пах парфумы. Колька зрабіў да яе пару крокаў.
— Вітаю мамусю! — сказаў ён весела. — А гэта мой сардэчны сябра.
Я павітаўся з жанчынай, якая, хаця і не была маладою, выглядала вельмі добра. У яе была прыгожая скура і аніводнай зморшчынкі на твары. Грачанка ўзяла Кольку пад руку і фамільярна сказала:
— Чаму ж ты не прыходзіў? Забыўся пра Маму? Цёгаешся па дзяўчатах.
— Не дзяўчаты мне ў галаве. Было шмат клопату. Але сёньня хацелі мы зь сябрам добра паесьці.
— Толькі паесьці? Во халера! Але хадзем далей.
Мы ўвайшлі ў вялікі пакой, у якім я ўбачыў некалькі столікаў, засланых белымі абрусамі. Фатэлі ля іх былі вельмі нізкімі. На сьценах вісела некалькі рэпрадукцый добрых карцінаў, у багатых рамах. Пасярод столі вісела вялікая жырандоля. У адным куце стаяла піяніна і побач зь ім столік з патэфонам. Ля сьценаў залі ляжалі тоўстыя дываны, якія заглушалі водгалас крокаў. Пасярэдзіне зіхацеў, як разьлітая вада, велічэзны квадрат паркету.
Грачанка паказала далоньню наўкола.
— Выбірайце, панове, столік, які вам падабаецца. А я даведаюся на кухні, што маем добрага пад’есьці.
Яна адразу сышла. Мы селі за столікам зь левага боку залі.
— Дзіўная ўстанова, — сказаў я. — І ніштаватая.
Колька махнуў рукою.
— Гэткі самы бардэль, як любы іншы. Паўсюль адно і тое ж. Але гэты для вяршкоў. Для тых, хто мае буйныя грошы.
— Чаму тут няма дзяўчат?
— Тут з кожнай дзяўчынай, якую ўбачыш, можна пазабавіцца. Дзяўчат некалькі. Будуць падаваць ежу. Выберы, якую хочаш, і запрасі ў кампанію. Тады яна прыйдзе без фартушка. А ўжо яе абавязак нацягваць госьця на віно, садавіну, салодкае. Бо Мама нічога не бярэ ад дзяўчат, зь іх заробку ад гасьцей.
— Чыста тут, спакойна.
— А то ж. Дзеўкі тут здаровыя, добра выдрэсіраваныя. Няма ніводнага скандалу. Усё як у сям’і. Оргіі й тут бываюць. Яшчэ якія! Але ў адпаведны час і без авантур. Можаш таксама замовіць сабе дзяўчыну, якая на твой выбар прыйдзе з гораду. Грачанка мае некалькі, што падзарабляюць такім чынам. А некаторыя з таго жывуць. Пасьля возьмем фатаздымкі й пакажу табе іх. Можа, табе якая спадабаецца.
— А ты?
— Я сёньня не хачу. Досыць мне таго. Вышэй за вушы. Я ж пачаў «кахацца», калі быў хлапчуком, са служанкаю бацькі. Ёй было сорак год, а мне чатырнаццаць. Ну й пайшло: адна за другою. А цяпер мяне гэта толькі нудзіць.
— Але тут пуста. Няма гасьцей.
— Часам бывае шмат. Там, за тымі дзьвярыма, ёсьць яшчэ два кабінэты. Некаторыя прыходзяць з кабетамі з гораду альбо прызначаюць тут спатканьне. Але заўсёды трэба дамаўляцца з Грачанкаю.
Прыгадаў сабе расказы Рэванскага пра дамы спатканьняў. Зразумеў, што гэта падобная ўстанова.
— А дзе тут спальныя пакоі?
— Далей. Тут, браце, лябірынт. Ёсьць два заднія выхады. Усё прадугледжана.
У пакой увайшла паўнацелая дзяўчына, якая мела на сабе, як і Ганка, ярка-гранатавую сукенку і чорны фартушок. Яна наблізілася да нашага століка.
— Добры вечар!
— Янка цудоўна выглядае! — сказаў Колька і палашчыў яе па руцэ.
— Дзякую, — сказала яна. — Шэфіня дасылае вам гэтыя кветкі.
— Гэта значыць — цябе разам з тымі, што ў вазе.
— Эх, ня вельмі вы мною цікавіцеся.
— Бо я галодны, даражэнькая.
Дзяўчына паставіла кветкі на столік і сышла.
— Мілая дзяўчына, — зьвярнуўся я да сябра.
— Тут усе мілыя. Мамуся толькі гэткіх трымае. Гэта дамавы пэрсанал. Тут яны жывуць. Ну і кожная мае прафэсію. Тая, што адчыняла дзьверы, Ганка, нядрэнна сьпявае лёгкія куплеты.
— А Янка?
— Янка, хаця і дзябёлая, добра танчыць. А аднойчы сабралася тут вясёлая кампанія. Ува ўсіх былі купы грошай. І давай паіць дзяўчат. Шампанскае і шампанскае. Пасьля наладзілі францускія баі[15]
. Але галяком. Тая, якая выйграе, павінна была атрымаць пярсьцёнак з дыямэнцікам. Тут, пасярод залі, паклалі дыван і Янка, ды яшчэ адна, таксама дзябёлая Юля, пятнаццаць хвілін біліся, як тыгрыцы. Янка ўрэшце прайграла й пачала плакаць. Таму і ёй паабяцалі даць пярсьцёнак.— Далі?
— Не. Далі грошы, каб сама сабе купіла.
— А казаў, што тут «як у сям’і».
— Зразумела. Гэта залежыць ад гасьцей і ад дзяўчат. Як упадуць у шал, то стаяць на галаве. Але ніякага прымусу няма. Усё залежыць ад настрою.
— Адкуль ты ведаеш гэтую ўстанову?
— Мяне сюды некалі прывёў знаёмы, вялікі картачны махляр. Мы папросту прыходзілі сюды на вячэру, каб правесьці час. А пасьля я сам некалькі разоў прыводзіў Маме «цёплых» гасьцей. Цяпер я тут як свой чалавек.
У залю ўвайшла Грачанка. Дарма што яна была дзябёлая, рухалася зграбна і лёгка. Падсунула фатэль да нашага століка, села і спытала:
— Ці вы моцна галодныя?
— Я моцна, — сказаў Колька. — Ня меў часу на абед.