— Аднак ня кожная выходзіць на залю. Есьць такія, якія прыходзяць у пакоі і тамака чакаюць адпаведнага госьця. Туды таксама падаюць ім пірожныя, віно, садавіну. Зараз прынясу табе фатаздымкі.
Колька выйшаў. Ён вярнуўся за пяць хвілін і сказаў:
— Хутка Мама завітае да нас. Іх яна нікому не дае. Справа сакрэтная.
Прыйшла Грачанка. Ева ўсхапілася зь месца і скіравалася вайсковым крокам да сваёй шэфіні. Стала на зважай і засалютавала:
— Пане генэрале, рапартую: у залі двое ўланаў і дзьве кабылкі. Рыхтуемся да маршу! Вольна!
— А хто паркет падрапаў? — паказала пальцам Грачанка.
— Мамуся, даражэнькая, зараз ён будзе ў парадку.
Яна падбегла да зіхоткага квадрату паркету, выняла з кішэні ў спадніцы папяровую сурвэтку, прысела і пачала націраць падлогу.
— Еўця, супакойся! І не паказвай усіх сваіх вабнотаў.
Грачанка села да нашага століка і пазваніла. Калі прыйшла пакаёўка, сказала ёй:
— Прынясі мне малую філіжанку чорнай кавы. А дзяўчатам, — кіўнула галавою ў кірунку Евы і Наташы, — падай гарбаты.
Пакаёўка сышла з залі. Тады Грачанка падала мне малы альбом.
— Прагледзьце гэтыя галерэі.
Яна пачала гутарыць з Колькам. Я разгарнуў альбомік і ўбачыў партрэтны здымак маладой, прыгожа прычасанай дзяўчыны. Яна пасьміхалася. Фатаздымкаў было няшмат, можа толькі дзесяць, але калі дайшоў да шостага, я з жахам убачыў партрэт Алены. Я ня даў веры сваім вачам. «Ці гэта магчыма?» Пасьля прыйшоў да высновы, што гэта так. Яна ж паводзіла сябе надзіва сьмела. Заходзіла ўвечары ў мой пакой. Яе згадка пра Сабіну таксама не была заўвагаю наіўнай дзяўчыны. Апроч таго, занятак яе бацькі! А можа, і яна пазавала яму з мужчынамі? Гэткія думкі роіліся ў маёй галаве. Каб не прыцягнуць увагу да маёй зьбянтэжанасьці, я праглядаў альбом далей, амаль ня бачачы наступных здымкаў. Грачанка тым часам піла чорную каву і ціха гутарыла з Колькам. Калі я скончыў праглядаць здымкі, спыталася мяне:
— Зацікавіла вас якаясь з гэтых жанчын?
— Але. Мяркую, што ўсе прыгожыя.
— Але ніводная не прыпала да сэрца?
— Ці я ведаю… — нерашуча перагортваў я старонкі альбому. — Мо, гэтая… Надта мілы твар.
— Дзіўна! — сказала Грачанка. — Акурат яна найменні падабаецца мужчынам. У яе халодныя вочы. Без усьмешкі. Задуменная. Сумная.
— Як яе зваць?
— Алена. Жыве недалёка, але тэлефону ня мае. Калі хочаце, пашлю па яе пакаёўку. Яна павінна цяпер быць дома.
— Быў бы вам удзячны, — сказаў я, бо пастыдаўся адмаўляцца.
— Але, — мовіла Грачанка, — яна і яшчэ тры іншыя да гасьцей не выходзяць. Яна будзе чакаць вас у асобным пакоі. Вы хочаце, каб яна пабыла з вамі ўсю ноч, ці коратка? Бо калі яна будзе тут спаць, можа захоча ўзяць нешта з хаты. Я заўсёды інфармую пра гэта дзяўчат. Некаторыя зь іх ідуць удзень на працу.
— Няхай яна прыйдзе толькі на вечар.
— Добра. Зараз я гэта ўладжу.
Грачанка выйшла з салёну, забраўшы здымкі. Колька сказаў:
— Гэты альбомік мала каму даступны.
— Скажы, — пытаў я сябра, — ці мяне да яе паклічуць?
— Так. Мама пакажа табе яе пакой. Пойдзеш туды як да сваёй каханкі. І не саромейся.
— А як ёй плаціць?
— Ну, за пару гадзін дасі ёй некалькі тысяч. Чатыры, пяць. Уцісьнеш грошы ў яе сумачку альбо кішэню. Яна ня будзе ні пра што й пытаць. Гэта так тут вырашаецца. І замоў што-небудзь. Напрыклад, бутэльку шампанскага.
Ева і Наташа завялі патэфон і пачалі танчыць вальс.
— Дзяўчаты нудзяцца, — мовіў Колька. — Сёньня пусты вечар.
— Чаму Мама ня дасьць ім вячэры? Можа, яны галодныя? Я заплачу.
— Не. Мама есьці не шкадуе. Атрымаюць добрую ежу, але толькі калі па дванаццатай ня будзе гасьцей. Цяпер захоўваюць апэтыты для абдурваньня аматараў іх кампаніі. Тут усё пралічана. А іх страўнікі — гэта залатыя руднікі для Мамы. Яны павінны добра есьці й піць. Асабліва піць і выбіраць найдаражэйшыя напоі.
— Можа, вып’ем яшчэ?
— Можа. Што замовіць?
Я задумаўся. Узгадаўся мне Рэванскі й яго каньяк з чорнаю каваю.
— Мо, каньяку і чорнай кавы.
— Шыкоўна! Бо я трохі сонны.
Колька зазваніў. Прыйшла Ганка.
— Падай нам, золатка, чорнай кавы і каньяку.
— Можа, «Martell»[16]
? Есьць таксама польскія гатункі.— Дай чвэрць бутэлькі «Martell»’у.
Пакаёўка сышла. Ева і Наташа танчылі танга. Колька ціха пасьвістваў мэлёдыю танцу. А я няспынна думаў пра Алену і быў расхваляваны. «Папраўдзе ня маю падставы зьдзіўляцца. Ёсьць прастытуткі й маладзейшыя за яе. Нават дзеці. Але мае нахабства! Любоўны ліст — гэта для пакаёўкі. А для яе мусіць быць паэма… З пэрламі, рубінамі…»
— Якія рубіны? — спытаў Колька, бо я вымавіў уголас апошняе слова сваіх думак.
— Ніякіх… Задумаўся і прыпамінаў сабе вершы.
Увайшла Грачанка, яна была вясёлаю. Падышла да нашага століка і сказала:
— Хлопцы, зараз будзе кава. Сама напарыла. Цуд! — пацалавала коньчыкі пальцаў. Пасьля зьвярнулася да мяне:
— Па Лену Янка ўжо пайшла.
— Дзякую.
Грачанка падышла да дзяўчат, якія танчылі. Дала ім знак рукою, і яны сышлі разам у кабінэт.
— Мне падаецца, госьці будуць, — сказаў Колька. — Адбываецца вайсковая нарада. А я думаў, што сёньня ніхто ня прыйдзе.