У цэнтрале я бачу сяржанта. Зьвяртаюся да яго і прашу аддаць вязьню з «шосткі» ўкручаныя ў ручнік пачкі з тытунём. Гэта тычыцца вязьня А., побач зь якім сядзеў раней. Сяржант хутка праглядае пакункі, рухам рукі кліча «калефактара» і загадвае яму занесьці ўсё ў шостую. А., ві даць, здагадаецца, што гэта ад мяне. Шкада, што я не магу зь ім разьвітацца. У канцылярыі атрымліваю свой дэпазыт: гадзіньнік, партманэт, шлейкі, рэмень ад портак і сем тысяч марак. Але мяне чакае паліцыянт, зь якім я іду ў Сьледчую службу. За турэмнымі мурамі я пачуваюся п’яным. Прыжмурваю вочы ад сонечнага сьвятла. Мяне агортвае цяпло. «Хто зрабіў за мяне заклад? Якуб і Сабада, відавочна, гэтага не зрабілі. Таму… толькі Алена. Але гэткая сума! А можа, яна здолела знайсьці грошы, якія я схаваў у бібліятэцы?»
Нарэшце ўсе фармальнасьці скончаныя. Але куды ісьці? Відавочна, пайду ў свой пакой у Жубжынскай. Нават чыноўнік зь Сьледчага аддзяленьня больш сьцьвярджаў, чым запытаў:
— Вы будзеце жыць… — вымавіў ён мой ранейшы адрас.
— Так.
За пакой жа было заплачана. Алена ці Рэванскі выканалі маю просьбу, а Жубжынская не супраціўлялася. Яна ведала пра ператрус у мяне, але, відаць, Рэванскі неяк яе супакоіў. Мне няёмка ісьці дадому, будучы так страшэнна брудным. Заходжу ў краму на вуліцы Нямецкай і купляю танную бялізну і шкарпэткі. Кашулю я выбраў з адкладным каўперам, каб не купляць гальштука. Пасьля іду ў лазьню. З асалодаю купаюся ў велічэзнай ваньне. Два разы зьмяняю ваду. Прыгадваю сабе, што тут купаўся летась, пасьля доўгага бадзяньня, бяздомнасьці і галаданьня. Пасьля купаньня пачуваюся пасьвяжэлым. Сплыў зь мяне турэмны бруд. Іду завулкамі жыдоўскага кварталу. Знаходжу малую кравецкую майстэрню. Праз гадзіну маю вычышчаную і выпрасаваную адзежу і восеньскае паліто. Капялюш пачысьціў я сам. Восеньскае паліто перакінуў праз руку. Нарэшце іду да цырульніка, які стрыжэ мяне і голіць… Належала гэта зрабіць перад купаньнем, але я пасаромеўся, бо галава была вельмі брудная.
Была трэцяя гадзіна. Толькі цяпер я адчуў голад. Даўно ня еў добрага абеду. Уваходжу ў кавярню і выпіваю некалькі шклянак гарачага малака. Да гэтага зьядаю некалькі булак з маслам. Пасьля іду дадому. Прагну зайсьці да Алены, але найперш хачу пакінуць капялюш і восеньскае паліто ў сваім пакоі. Іду сходамі ўверх. Раптам у кватэры Жубжынскай адчыняюцца дзьверы. Старая падае мне знакі рукою.
— Зайдзіце да мяне, — кажа ціха яна.
Трохі зьбянтэжаны і нават занепакоены, уваходжу ў сенцы, а пасьля ў сталовы пакой. «Чаго яна хоча? Можа, адмовіць мне ў пакоі? Яна мела клопаты з паліцыяй, быў ператрус». Я пачуваюся няпэўна.
— Сядайце, пане Лубень.
Кладу восеньскае паліто на ручкі крэсла, а капялюш трымаю ў руках. Старая ўсё паглядае на мяне і зьлёгку ківае галавою. Напэўна, адмовіць мне ў пакоі.
— Вас пакрыўдзілі, сьвінтусы! — кажа нарэшце Жубжынская. — Далі фальшывы чэк для продажу. Вось, подлыя людзі!
Я не адчуваю сябе вельмі пакрыўджаным, але прытакваю рухам галавы, каб нічога не казаць.
— Мне пан Гіпаліт усё расказаў, — працягвае старая. — Выкарысталі тое, што вы недасьведчаны. Ці будзеце надалей тут жыць?
— Калі вы ня супраць…
— Не, канечне. Жывіце сабе шчасьліва. Мне пан Гіпаліт даў шэсьць, тысяч. Плата за цэлы год. Але калі будзе патрэба, я аддам вам тры тысячы. Пасьля мне вернеце. Бо, можа, вы галодны?
Я ўзрушаны. Гляджу на гэтую не зусім нармальную старую, якую ненавідзіць шмат кватарантаў, і адчуваю да яе ўдзячнасьць.
— Вялікі дзякуй. Маю яшчэ трохі грошай на жыцьцё.
— Гэта добра, гэта добра… А як вы не дасьце рады, я вам вярну тры тысячы. Толькі скажаце.
— Добра.
Разьвітваюся са старой і іду ў свой пакой. Мне здаецца, што калі я адчыню дзьверы, убачу Алену… зразумела, ля каміну. Яна альбо будзе панура пазіраць, альбо сардэчна пасьміхацца. Можа, ізноў пачне кпіць з «народнага героя». Але бібліятэка пустая. Пасьля цесных турэмных камэр яна падаецца мне велічэзнай. Панура пазіраюць партрэты са сьценаў. Зьвініць ціша. Пячэ мяне нецярпеньне. Кідаю на ложак капялюш і восеньскае паліто, пасьля выходжу з пакою, зачыняю дзьверы і бакавым калідорам іду ў кватэру Рэванскага. «Зараз пабачу Алену!» Я ўсхваляваны. Званю. Дзьверы адчыняюцца. Бачу Рэванскага. Мне здаецца, што яго позірк іншы, чым раней — халодны, незычлівы.
— Заходзьце, калі ласка! — кажа ён. — Я чакаў сёньня вас.
— Ведалі, што я буду вызвалены?
— Ведаў. Прашу ў залю.
Бачу паўсюль скрынкі, валізкі, кашы, пакункі. Стары заўважае мой позірк і кажа:
— Пакуюся. Заўтра зьяжджаю…
— Заўтра?
— Так. Прысядзьце. Зараз пап’ём гарбаты.
Выходзіць з залі. Мяне пачынае калаціць. Я адчуваю, што Алены няма. І толькі цяпер разумею: як хацелася мне сустрэцца зь ёю. Толькі зь ёю!
Пасьля мы доўга п’ём гарбату. Час ад часу кажам нейкія банальныя фразы пра справы, абыякавыя мне. Бачу, што твар Рэванскага засяроджаны і халодны. Нарэшце адважваюся спытаць:
— Ваша дачка зьехала?
— Так. Алена зьехала ўчора. Гэта была ўмова, пры якой я пагадзіўся заплаціць за вас заклад.
— Вы заплацілі заклад? Ня ведаю, як вам дзякаваць!
— Ня трэба дзякаваць. Гэта вашы грошы.
— Вы знайшлі іх?