Толькі цяпер я зразумеў, што сяржант і наглядчык пасадзілі ў маю камэру вязьня, які, відаць, дакучаў у іншых камэрах. Пасьля я даведаўся, што так і было. Я падумаў нават, што пад мундзірамі наглядчыкаў — суровых і панурых — могуць быць шляхетныя сэрцы. Яны, відаць, меркавалі, што як фальшываманэтчык (ведалі артыкул крымінальнага кодэксу з маёй карткі, а можа, і з турэмнай справы), я чалавек адукаваны і буду добра ставіцца да свайго суседа. Па вяртаньні я засьпеў вязьня на тым самым месцы. Увесь час ён трымаў на каленях торбачку.
— Вам нязручна, — сказаў я.
Я ўзяў зь яго рук торбачку і паклаў на паліцу. Пасьля спытаў вязьня, як яго завуць. Ён назваў сваё імя і прозьвішча. Яны былі літоўскія ці латыскія. З гэтага часу я зваў яго Данат. Але я ня ведаю, ці было гэта імя, ці прозьвішча. Ён выдатна гаварыў на польскай, але ведаў добра і расейскую. Я адчуваў да яго сымпатыю. Я зразумеў, што ён не звар’яцеў, але перажывае цяжкую дэпрэсію. Я намагаўся яму дапамагчы — не таму, што мяне прасілі пра гэта, але зь літасьці. Я пільнаваў, каб ён браў суп і еў яго. Ён жа, пры першым абедзе, выняў з торбачкі некалькі турэмных порцый хлеба і паклаў іх на століку.
— Ежце хлеб, — сказаў ён.
— У мяне шмат хлеба. Самі яго ежце.
Увечары пасьля пераліку трэба было ісьці спаць. Ложак у камэры быў толькі адзін — вузкае, жалезнае «карыта». Але былі два сеньнікі. Я ўзяў адзін зь іх і паклаў на падлозе, пры сьцяне. Лічыў, што як малодшы павінен саступіць Данату месца на ложку, але ён не хацеў на гэта пагадзіцца. Калі ж насуперак яго жаданню я паклаўся на сеньніку на падлозе, ён, не кладучыся на ложку, сеў на цэмэнце пры сьцяне.
— Тады будзем спаць на ложку па тыдні, — сказаў я. — Тыдзень я, тыдзень вы.
Але Данат на гэта не згадзіўся. Таму спаў я стала на ложку, хаця мне было прыкра ад гэтага. Начамі я чуў, як ён доўга маліўся. Ён прамаўляў пацеры гадзінамі, і я часта засынаў пад яго ціхі шэпт.
Хутка Данат прызвычаіўся да мяне, і я здолеў уцягнуць яго ў размовы. Я бачыў, што ён вельмі зьнясілены фізычна, і намагаўся неяк яму дапамагчы. Саладзіў яго каву сваім цукрам, даваў кавалкі сала да хлеба. Я размаўляў зь ім так спакойна і свабодна, быццам бы зусім не заўважаў яго прыгнечанасьці. Я зразумеў, што яго гняце роспач празь сьмерць жонкі і цяжкай сытуацыі дзяцей, якія засталіся без апекі.
У дзень прыёму перадач клапан у нашых дзьвярах адчыніўся, і «калефактар» падаў Данату невялікі кавалак хлеба і высыпаў з бляшанай талеркі ў яго турэмную місу некалькі дранікаў. Данат ажывіўся, але я заўважыў сьлёзы ў яго вачах. Празь нейкі час паказаў мне на місу і сказаў:
— Ежце дранікі. Яны яшчэ цёплыя. Гэта дачка мне прынесла.
— Чаму вы іх не ясьце?
— Можа, трохі пазьней.
Каб стварыць паміж намі прыязнасьць, я зьеў некалькі дранікаў, хаця яны не смакавалі мне. Пасьля я меў падставу даваць яму нешта са сваіх запасаў.
Аднаго дня Данат спытаў мяне:
— Чаму вы ніколі ня моліцеся?
— Некалі маліўся. Цяпер не.
— Чаму?
Я хацеў яму сказаць, што Бог несправядлівы, бо дапушчае, каб благія людзі перамагалі. Замест гэтага я сказаў:
— Я мяркую, што Бог робіць тое, што хоча. Таму ні пра што прасіць ня варта. А дзякаваць няма за што.
— А за тое, што вы жывяце?
— Ці гэта жыцьцё?
— Так… і за гэта трэба дзякаваць Богу. Я дзякую нават за пакуты. Бо такая Яго воля. Мы ня ведаем, што для нас патрэбна…
Я не пярэчыў Данату. Я не хацеў яго засмучаць альбо нэрваваць. Але размоў на гэтую тэму я не працягваў. Затое ахвотна гутарыў зь ім — калі была нагода — пра яго жыцьцё. І даведаўся шмат, хаця гэтая гісторыя ня была расказана лягічна. Я склаў яе з урыўкаў яго ўспамінаў і выпадковых прызнаньняў.