За царом Данат жыў у Віцебску. Працаваў на чыгуначным вакзале. Меў жонку і дваіх дзяцей. За бальшавіцкім часам тамсама жыў і працаваў. Але позьняй восеньню дваццатага году на чыгунцы адбылася нейкая растрата, у якой падазравалі Даната. Ня быў ён наогул вінным, але мог быць абвінавачаны ў сабатажы. У гэтым выпадку пагражала кара сьмерцю. Зычлівыя калегі папярэдзілі яго пра гэта і нараілі яму ўцякаць. Дапамаглі яму. Пасьля ўцёкаў, якія былі цяжкімі і небясьпечнымі, ён апынуўся зь сям'ёю ў Польшчы. Прыехалі ў Вільню. Выдаткавалі на жыцьцё ўсё, што мелі. Жонка Даната працавала ў пральні, але зарабляла мала, бо была слабая і хваравітая. Ён сам ня мог знайсьці ніякай работы. Толькі на вясну дваццаць першага году атрымаў пасаду рассыльнага у магістраце. Заробак яго быў вельмі малы, і яго не хапала на самае сьціплае ўтрыманьне сям’і. Дома пастаянна галадалі. Аднаго дня ён павінен білу разьнесьці па горадзе плацежныя ордэры. Нейкая крамніца папрасіла яго, каб не перадаваў ёй ордэр цяпер, але празь некаторы час. Ён ня ведаў, навошта гага было ёй. Яна прапанавала Данату за гэта дзьве тысячы марак. Сума была дробнаю, але ў яго хаце нічога не было паесьці, жонка ляжала хворая. Данат узяў хабар, але гэтая справа неўзабаве выявілася. Данат ня ўмеў хлусіць і адразу прызнаўся, што ўзяў грошы. Гэта палічылі за сур’ёзнае злачынства і пасадзілі яго ў турму. Пасьля прызначылі яму пяцьдзясят тысяч марак закладу. Відавочна, ён ня мог яго заплаціць. Тым часам яго сям’я апынулася ў крайняй галечы. Здароўе жонкі Даната пагоршылася, і яна памерла ў сьнежні. Дзеці засталіся адны. Цяпер дачка прыносіла яму, час ад часу, нешта паесьці. Але Данат нічога ня ведае пра іх сытуацыю, бо дзеці не прыходзяць адведаць бацьку. Можа, ня хочуць дзяліцца зь ім благімі навінамі. Цяпер Данат чакае прысуду. Хабар быў малы, ён узяў яго будучы ў галечы і не лічыў, што за гэта яго могуць пакараць. Таму вырак, відаць, будзе мяккі. Але яму даводзіцца чакаць да дня суду. Я шчыра шкадаваў Даната. Бачыў, што ён вельмі добры, сумленны, рэлігійны і сьціплы чалавек. Цяперашняя яго сытуацыя падалася мне нейкім абсурдам. Ён вар’яцее, ня можа выйсьці на волю, бо ня мае дробнай сумы на заклад. Ня можа купіць сабе свабоду, бо бедны. Я таксама сяджу, бо ня маю грошай на заклад. Але мая справа цяжкая. Я ашукваў шматразова, сьвядома і зьбіраўся рабіць гэта надалей. Але ці Якуб і Сабада вінаватыя менш? Але яны на свабодзе. З гэтага вынікае, што калі зьбіраесься ўчыніць злачынства, трэба падрыхтаваць грошы на сытае жыцьцё ў турме, на адваката, каб атрымаць меншы вырак, на заклад. Словам, злачынства акупляецца тым, хто багаты, бо за грошы можна купіць свабоду, а пакараньне зьменшыць.
21
За акном цудоўны, сонечны дзень — якія бываюць у Польшчы ў траўні. А ў нашай камэры панура і холадна. Выстылыя, тоўстыя муры выпраменьваюць вільгаць. Цэнтральнае ацяпленьне даўно адключылі, і цяпер халадней за студзень. Я хаджу цэлымі днямі. Часам забываюся пра ўсё, што мяне атачае, і пераношуся з думкамі альбо ўва ўласнае дзяцінства, альбо ў нядаўнюю цяжкую мінуўшчыну. Данат ходзіць мала. Пераважна сядзіць. У яго шэры твар, здранцьвелы, застылы ў болю. Адзежа на ім скамечаная, брудная, падзёртая. Бо ў турме ён ужо дзевяць месяцаў і нават сьпіць у адзежы. Яго чаравікі цалкам зношаныя. Ён укладае ў іх нейкія анучы, каб ступні не датыкаліся бэтоннай падлогі. Мая адзежа таксама брудная і зношаная, але выглядае добра. Толькі бялізна кепская: сатлелыя ад дэзынфэкцый брудныя шматкі, зь цяжкасьцю зацыраваныя ніткамі са шкарпэтак.
Раптам дзьверы адчыняюцца. Чую голас наглядчыка:
— Міхал Лубень…
Іду ў напрамку дзьвярэй, але наглядчык дадае:
— Зьбірацца з рэчамі… на вызваленьне.
Я зьдзіўлены, але сьпехам забіраю свае транты. Данат моўчкі назірае на мяне. Кладу на століку ўсё, што маю зь ежы: шмат хлеба, цукар, сала, цыбулю і кажу:
— Пакідаю гэта вам.
Данат уздымаецца і хапае маю далонь.
— Даражэнькі паночку, — кажа. — Схадзіце да маіх дзяцей. Скажаце ім, каб яны прыйшлі да мяне на спатканьне. Ежы ня трэба. Няхай нічога не прыносяць. Хачу толькі іх пабачыць. Няхай хаця б дачка прыйдзе. Навучыце яе, як гэта зрабіць…
Бачу, што па яго твары цякуць буйныя сьлёзы. Я ўзрушаны і ўсхваляваны. Запэўніваю Даната:
— Я схаджу да іх. Як ня сёньня, дык заўтра.
— Адрас вы ведаеце.
Забіраю тытунь, папяросную паперу, запалкі, бо Данат ня курыць. Завязваю гэта ўсё ў ручнік. Паціскаю далонь таварыша, што застаецца ў камэры ў цяжкія для яго дні. Цяпер сьлёзы цякуць у яго яшчэ больш шчодра. Мне няёмка глядзець на яго. Я адчуваю сорам, што я, сьвядомы злачынца, выходжу на волю, а ён, ахвяра нястачы, застаецца пакутаваць, хаця ж павінен быць вольны, каб заняцца лёсам сваіх дзяцей Паўтараю:
— Пане Данаце, будзьце спакойны. Я абавязкова да іх схаджу! Неўзабаве вы будзеце мець весткі.
— Дзякую! Няхай Бог апякуецца вамі! — ён робіць за мною знак крыжа.