Читаем Зямля пад крыламі Фенікса полностью

Та ж вы нам мерзености робыты горазды. Тильки мы помыслылы, абыхом ку вере наськой истинной ботяна повернуты, яко обачылы в сьроде обитанья оных птыц вас попов папэжских. И що жтэпэр маемо? Горэ, бида, огорченье! Ибо крычаты сталы тыя птыцы святодавныя: «Аллах акбар!», од вас одступовавшы. Що вы там робылы?23.

З азначанага часу фіксуецца сугучча (для некаторых вушэй) клёкату фэніксаў з пачаткам мусульманскіх модлаў. Зусім нядзіўна, што ў 1683 г., на аснове адмыслова заключанага «ряда», колькі фэніксаў разам з войскамі Рэчы Паспалітай пад загадам Яна Сабескага адправіліся да аўстрыйскай Вены, якая цярпела ад асманскае пагрозы. Параза турэцкіх войскаў на чале з Кара Мустафой была прадвызначаная: налёт трох фэніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у сьвятарнае трымценьне, паніку, зь якой і скарысталі нашыя войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумэнта цяжка даступіцца адказу. Але факт вымушанасьці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумэнт той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам зь беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За фэніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі й стрыжамі, дзірка між літарамі «К» ды «Ы»24. Купцы? Курвы? Крэвы? Пытаньне застаецца адкрытым.

Фэніксы ня сталіся зьявішчам штодзённым. Іх вобраз захоўваў арэол загадкавасьці і казачнасьці як для многіх абывацеляў ВКЛ, так пагатоў для жыхароў суседняй Масковіі. Дзіва-птахам уражвалі сваіх сяброў і расчульвалі сэрцы каханых жанчын. Запісы 1695 г. гавораць, што нейкі «пан Михал Богадановский оповедал и до актовых книг головных трибунальских справ вечистых уписати дал светченье, же пан Францишек на Ополю Копацькаштелянич брестянский—през ботяна-фенекса панов Миколя Кгедройтя, Криштофа Малхеровича а Бальцера Кукшу злякал до хоробливости вомитной. А имали пред тым банкет, игде тылко водку злую за колнер проливали. А Копаць оный пил мизерне, бо юж a priori постанову собе учынил: фортель який-колвек пред другове свои выкинути. Гды тыя три паны добре пьяныя уробилися а хотели кони седлати и ехати до шуканья пригод на подспинье свое, пан Копаць мовил хитре: «Рыцареве, паны-братья мои, ходемте валей цмока звальним». Панове смехом ся пробрали, але рушили веспол в показуемое Копцем мейсце»25. Захмялелая брацьця сьцяміла, хто сядзіць на ўзгорку, і стала «похвалки чынити», цьвелячы фэнікса выклікамі на бой: «Пане цмоче, растули очи. Имаем мечы готовы ку сечы». Птах тым часам драмаў і «в ленитве своей велькой» пракрумкаў: «А лоха в дар?» Гэтае пытаньне з «цмачынае» зяпы зрынула шляхцюкоў да ўцёкаў. І беглі яны так хутка, што апынуліся неўзабаве ў страшэнным для здароўя стане, калі «похмелье еще не зачалося, а глова южболестна ест». Як вынікае, праўдзівы сэнс бацяновай фразы быў інакшым, чым многім здавалася. Птах цікавіўся, ці атрымае ён у дарунак за сваю працу цмокаімітатарам лоха. Лохамі ў тыя і крыху пазьнейшыя часы называлі конскіх самцоў (прыраўн. суч. дыял.: «лошадзь», «лашак», «лашонак»).

Перейти на страницу:

Похожие книги