— Развярнуцца направа! Стрэльбы ўзняць! — загад капітана ўвёў у дзеянне адладжаную ваенную машыну.
Жаўнеры, як стаялі ў калоне, так разам і павярнуліся, утвараючы чатыры шэрагі, ашчаціненыя голкамі стрэльбаў. Туман вісеў над полем непрагляднай заслонай, але паводле тупату соцень ног можна было вызначыць, што французы ўжо блізка. Раптам у імгле паказаўся першы размазаны сілуэт, а за ім яшчэ і яшчэ. Цёмныя шынэлі, рэзкія рухі, крывавыя падцёкі — мерцвякі набліжаліся хваляй.
— Агонь, — закрычаў капітан. Грукат залпу ўдарыў па вушах графа кавальскай кувалдай. Скрозь смугу парахавой смалі, што дадалася да туману, Міхал бачыў, як рэзка спыняюцца і зарываюцца ў зямлю зрашэчаныя кулямі жаўнеры-нябожчыкі. І як на іх месца з імглы выходзяць новыя мерцвякі.
— Агонь, — другі залп накрыў французаў свінцовым дажджом. Лопаліся галовы, адляталі ў бруд адарваныя канечнасці, хлюпалі кішкамі прабітыя жываты. Поле напоўнілася варушэннем знявечаных целаў. Мерцвякі з адарванымі нагамі коўзаліся ў брудзе, сярод парэштак знішчаных суродзічаў, і цягнулі акрываўленыя рукі да шэрагу людзей. Па ляжачых нябожчыках, не зважаючы на перашкоды, беглі далей ацалелыя пачвары.
Міхалу на імгненне падалося, што яшчэ трошкі, і з мярцвячай навалай будзе скончана, але туман хаваў у сваіх нетрах, здавалася, бясконцую раць мерцвякоў. Зноў і зноў на месцы палеглых з’яўляліся новыя пачвары. Да таго ж, не ўсе кулі знаходзілі свае цэлі, і некаторыя з французаў, што пратрывалі два першыя залпы, амаль ушчыльную наблізіліся да шэрагаў рускіх. Агінскі бачыў, як адзін жаўнер цяжкім прыкладам адштурхоўвае мерцвяка ад сябе, а другі працінае нябожчыка штыхом. Міхал мімаволі выцягнуў з-за паса пістолю.
— Агонь! — трэці залп, не такі ладны, як першыя два, страціў былую сілу. Тузін мерцвякоў паваліўся на акрываўленае поле, некалькі дзясяткаў прарваліся бліжэй да стралкоў.
Граф бачыў, як хваля памерлых французаў ударылася ў сцяну рускіх жаўнераў. Сціхлі стрэлы, крывавую працу распачаў метал. Разгарнулася страшная сеча. Рускія біліся ўрукапашную стрэльбамі, калолі штыхамі, секлі мёртвае мяса цесакамі. Французы ў адказ навальваліся гуртам, вырывалі жаўнераў з шыхта, угрызаліся ў выцягнутыя рукі, тапталі ахвяр нагамі. Калі ў першых шэрагах жаўнеры біліся зацята, не зважаючы на тое, што вораг, які выступіў супраць іх, амаль не адчувальны да удараў і ўколаў, то тыя, хто стаяў ззаду, скора зразумелі, з кім маюць справу. Агінскі заўважыў, як некалькі рэкрутаў кінулі свае цяжкія стрэльбы на зямлю і зніклі ў тумане за спінамі таварышаў. Сілы рускіх імкліва раставалі.
Скрозь грукат і рык данеслася конскае ржанне — да бойкі далучыліся вершнікі. Агінскі з Халматавым таксама зрушыліся з месца. Міхал на скаку разрадзіў пістолю ў мерцвяка, які выбег з туману напярэймы Бакасу. Капітан узняў шпагу і з разгону ўварваўся ў найбліжэйшую купу, раскідваючы супернікаў у бакі. Ён шалёна размахваў клінком, засыпаючы ўдарамі некалькіх мерцвякоў адразу. Французы валіліся на зямлю крывавым шмаццём. Проста пад капытамі капітанскага каня дзве пачвары раздзіралі цела непрытомнага жаўнера, заграбаючы кавалкі мяса ў свае акрываўленыя пашчы. Агінскі выпусціў апошнюю кулю ў аднаго з французаў, прабіўшы таму патыліцу. Капітан апусціў клінок на галаву другога. Лязо захрасла ў костках чэрапа. Пакуль Халматаў стараўся выдраць зброю назад, Міхал мімаходзь агледзеў поле бітвы. Тое, што ён пабачыў, было канцом рускага гарнізона. Купкі жаўнераў яшчэ працягвалі адбівацца, але большасць стралкоў схавалася пад покрывам мерцвякоў, якія схіляліся над зрынутымі, каб наталіць свой голад.
— Трэба адступаць! — крыкнуў граф. Халматаў, узняў галаву і азірнуўся. Ад таго, што ён пабачыў, твар капітана сказіўся жахам: поле бітвы ператварылася ў вусцішнае месца, дзе пераможцы жэрлі пераможаных.
— Сыходзім, — Халматаў рыўком выцягнуў шпагу з галавы знішчанага мерцвяка і развярнуў каня.
Некалькі мерцвякоў, якім не хапіла месца ля целаў забітых жаўнераў, заўважылі вершнікаў і кінуліся ў іх бок. Міхал запхнуў за пас бескарысную разраджаную пістолю і выцягнуў з ножнаў цясак.
— Да замка, хутчэй, мы павінны паспець, — крыкнуў ён Халматаву. Капітан кіўнуў, але перш чым кінуцца наўцёкі, ён развярнуў каня насустрач французам і ўзмахнуў шпагай.
Удар пакінуў глыбокі парэз на шыі аднаго з нападнікаў. Другога афіцэр адштурхнуў ад сябе правай нагой. Трэці паднырнуў пад удар і ўгрызся зубамі ў бот капітана. Халматаў вылаяўся і моцна прылажыў мерцвяку эфесам у цемечка, так што ў чэрапе француза ўтварылася ўвагнутасць. Сківіцы разамкнуліся, і пачвара павалілася ў бруд пад капыты каня. Міхал пад’ехаў да афіцэра якраз у час, каб адсекчы галаву нябожчыку, які падымаўся пасля ўдару ботам.
— Усё добра? — спытаў Агінскі, гледзячы на параненую нагу Халматава. Холад закраўся ў душу графа. Ён добра ведаў, што адбываецца з тымі, каго ўкусіў мярцвяк.
— Гэтая мярзота пашкодзіла мне пратэз, — гыркнуў капітан і стукнуў клінком па назе. Азваўся глухі драўляны стук.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы