Пасля кароткага збору, на якім Халматаў загадаў жаўнерам рыхтавацца да заўтрашняй выправы, Агінскі выказаў жаданне застацца ў гарнізоне і прапанаваў паслугі правадніка па землях Маладэчаншчыны. Капітан падзякаваў графу і ў сваю чаргу ветліва прапанаваў Міхалу месца ў афіцэрскім намёце.
— Умовы спартанскія, але гэта не надоўга, — усміхнуўся Халматаў. — Нам, ваенным людзям, не прывыкаць. Вы ж ваявалі, граф, ці я памыляюся?
Міхал з сумессю здзіўлення і недаверу паглядзеў на капітана.
— Так, ваяваў, — адказаў Агінскі і пасля доўгай паўзы дадаў. — Якраз у гэтых мясцінах.
— Зразумела, — адрэзаў Халматаў і змоўк.
***
Таго вечара Міхал запісаў у сваім дзённіку: «Я моцна хвалююся за лёс дзядзькі і ягоных людзей. Мінуў дзень з таго моманту, як я пакінуў іх сам-насам з мярцвячай навалай. І цяпер мне застаецца толькі спадзявацца на трываласць замкавых муроў і чакаць раніцы, калі мы з атрадам Халматава выступім на дапамогу.
Капітан мне спадабаўся. Ён дзейсны і адказны вайсковец, не пазбаўлены пачуцця такту. Не выказаўшы асабіста мне недаверу, Халматаў, тым не менш, адправіў конную выведку ў кірунку Маладэчна. Перад самай вячэрай у афіцэрскі намёт, дзе быў і я, убеглі два жаўнеры з дакладам капітану.
— Французы ёсць, і іх шмат, — пачаў першы выведнік і запнуўся, пабачыўшы мяне. Капітан паглядзеў у мой бок і кіўнуў жаўнеру.
— Працягвай.
— Калі мы пад’язджалі да мястэчка, то ўчулі паасобныя стрэлы ўдалечыні. Але мы не змаглі праехаць праз паселішча незаўважанымі, бо ў Маладэчне ўжо былі французы. Мы натыкнуліся на аднаго з іх адразу на ўездзе. Ён быў, пэўна, п’яны і не пабачыў нас. Мы зарубілі яго і паскакалі назад. Вось, — жаўнер паклаў на афіцэрскі стол трафейную шаблю французскага ўзору.
Словы пра гукі стрэлаў сагрэлі мне душу. Значыць, замак яшчэ трымаецца. Халматаў жэстам выправадзіў жаўнераў з намёта і звярнуўся да мяне: — Не крыўдуйце, граф, я веру вашаму слову, але дакладныя звесткі яшчэ нікому не зашкодзілі, — капітан усміхнуўся.
— Я разумею, — адказаў я. Мне было трохі няёмка ад таго, што я не паведаміў афіцэру сапраўды дакладных звестак аб тым, што напраўду французы — не жывыя жаўнеры. Але я шчыра не ведаў, як падступіцца да гэтага пытання, не выклікаўшы ў суразмоўцы непаразумення ці нават смеху. Магчыма, я зрабіў маладушна, але я пастанавіў не казаць пра мерцвякоў. Тым больш, я спадзяюся, што сілы рускіх стане на тое, каб агнём сваіх стрэльбаў знішчыць любую цэль, як жывую, так і мёртвую.
— Граф, я даўно хацеў у вас спытаць, — пад’еўшы, Халматаў перабраўся на свой ложак, і, закінуўшы нагу за нагу, узяўся вазіцца з зашчэпкамі пратэза. — Ці вы не той самы Агінскі, які напісаў гэтую цудоўную мазурку?
— Так, гэта мой твор, — сапраўды, некалькі маіх мазурак карысталіся вялікай папулярнасцю на балях у Пецярбургу.
— Я свайго часу добра паскакаў пад яе, — капітан летуценна падняў вочы ў гору. — Яшчэ да таго, як страціў нагу, — адшпіліўшы пратэз, афіцэр паклаў яго на крэсла перад з сабой.
Халматаў раздзеўся і лёг спаць. Капітан заснуў адразу, як толькі ягоная галава апусцілася на падушку. Зайздрошчу такой здольнасці. Бо да мяне сон не ішоў. Я вырашыў скарыстацца афіцэрскай лямпай і зрабіць гэты запіс. Цяпер час позні, і я таксама думаю класціся. Магчыма, мне ўдасца заснуць. Толькі спачатку я прачытаю малітву за дзядзьку і ягоных хлопцаў. Спадзяюся, што пабачу іх заўтра жывымі».
***
Яшчэ да світання гарнізон быў гатовы да выправы. Дзве сотні жаўнераў у поўнай экіпіроўцы стаялі шыхтамі на пляцы перад афіцэрскім намётам. Было цёмна. Святло нешматлікіх паходняў выхоплівала з перадсвітальнай цемры толькі агульныя рысы прадметаў і чалавечых фігур.
— У калону па чатыры шыхтуйся, — пачуўся гучны загад шыхтавога камандзіра, і жаўнеры заварушыліся. Паветра напоўнілася шумам перамяшчэння соцень людзей.
Невялікі конны атрад пад кіраўніцтвам капітана Халматава першым выехаў за агароджу і стаў у галаве калоны. Агінскі на Бакасе быў разам з рускімі вершнікамі. Неўзабаве чарада жаўнераў выбралася на маладэчанскі гасцінец і паходным крокам накіравалася ў бок мястэчка. У хвасце за шэрагамі вайскоўцаў цягнуліся чатыры фурманкі з правізіяй і дадатковымі боепрыпасамі. Цяжкія стрэльбы кожны жаўнер нёс сам. Зброя была набітая на выпадак, калі давядзецца з ходу ўступаць у бой. Праз гэта ў дарозе здарыўся непрыемны выпадак. Малады рэкрут, стаміўшыся, выпусціў з рук ружжо, і тое, ударыўшыся аб зямлю, стрэльнула. Балазе ніхто не пацярпеў — куля пайшла ў неба, — толькі вось небараку жаўнера чакаў па вяртанні тыдзень пазачарговай працы на вайсковай кухні.
Міхал узгадаў, што ў часы паўстання, такое здаралася і з жаўнерамі аддзела, якім кіраваў ён. І не заўжды так удала, як цяпер. Шмат хто з добраахвотнікаў быў проста не прызначаны для вайсковай справы.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы