— Вітаю, добры чалавек, — Міхал падняў руку.
Стары нічога не адказаў. Ён моўчкі праводзіў Агінскага вачыма, пакуль той не схаваўся за стваламі дрэваў. Граф заўважыў, што вознік увесь гэты час не выпускаў з рукі сякеры. Агінскі здагадваўся, чым мог напалохаць старога. Перадусім колькасцю зброі: дзве пістолі, вайсковы рыштунак, цясак на тальмаху — граф меў такі сабе разбойніцкі выгляд. Але, магчыма, возніка спужала тое, што Міхал ехаў з боку земляў, запоўненых мерцвякамі, і сам мог быць адным з іх.
Пакінуўшы воз за спінай, Міхал паскорыў ход. Ён быў рады, што цёмныя думкі не знайшлі пацвержання і насуперак прадчуванням ён спаткаў жывога чалавека. Сонца пачало апускацца да захаду, калі Міхал уехаў у Краснае. Вялікая вёска, амаль мястэчка, са сваім касцёлам і царквой, пацярпела ад вайны значна менш за Маладэчна. Большая частка двароў была не кранутая агнём і разбурэннем. Па вуліцы ў сваіх справах хадзілі людзі, цягнуліся конныя запрэжкі. Мясцовыя жыхары глядзелі на вайсковае ўбранне графа хутчэй абыякава, чым са страхам. Жыццё ў Красным ішло сваім парадкам і, здавалася, што тут ніхто не ведае пра бяду, якая захапіла Маладэчна.
Агінскі спыніў каня ля жанчыны, якая несла ваду ад студні, і спытаў, дзе месціцца рускі гарнізон. Жыхарка паказала графу дарогу, і Міхал хутка апынуўся перад распалажэннем імператарскіх войскаў. Гэта быў хутчэй паходны лагер, чым доўгатэрміновае ўмацаванне. Некалькі шэрагаў вялікіх намётаў, аточаныя невысокім частаколам. Міхал пад’ехаў да найбліжэйшага ўезду і спыніўся каля перагародкі з драўляных козлаў. Да вершніка адразу падышоў вартавы. Другі жаўнер, пабачыўшы ўзбраенне графа, узняў стрэльбу.
— Я граф Агінскі з-пад Маладэчна, сёння з раніцы каля маёй сядзібы быў заўважаны вялікі атрад французаў. Я думаю, гэтыя сілы могуць быць небяспечныя для насельніцтва і вайсковых шляхоў забеспячэння ў нашым тыле, — словы Міхала пра французскі атрад не дужа разыходзіліся з праўдай, ён толькі не стаў удакладняць, што тыя французы былі не зусім жывыя. Граф палічыў, што, калі ён раскажа пра хадзячых мерцвякоў, яго могуць прыняць за вар’ята. — Правядзіце мяне да афіцэра, якому я магу перадаць дакладныя звесткі.
Вартавы агледзеў Міхала з ног да галавы.
— Вядома, Грышка правядзе вас да капітана. Толькі вось гэта трэба пакінуць тут, — жаўнер паказаў на Міхалаў тальмах са зброяй.
Агінскі саскочыў з каня, скінуў рыштунак і пайшоў следам за вартавым. Той правёў графа ў сярэдзіну гарнізона да афіцэрскага намёта. Падняўшы полаг, жаўнер жэстам запрасіў Міхала ўвайсці. У намёце было светла, сонечныя промні праходзілі ўнутр праз шматлікія акенцы, прарэзаныя ў тканіне. Увайшоўшы, Міхал адразу пабачыў афіцэра, які сядзеў за вялікім сталом, занятым паперамі.
— Капітан Халматаў Аляксандр Уладзіміравіч, — вайсковец падняўся з месца і працягнуў госцю руку. Міхал заўважыў, што боты на нагах афіцэра не аднолькавыя. Угледзеўшыся, Агінскі зразумеў, што Халматаў карыстаецца пратэзам, які цалкам замяняе ніжнюю частку правай нагі.
— Сенатар Расійскай Імперыі, граф Міхал Клеафас Агінскі, — адрапартаваў Міхал і паціснуў працягнутую руку.
— Сенатар, — вочы Халматава акругліліся ад здзіўлення. — Чым магу быць карысны? — нешта ў голасе і выглядзе Агінскага не дало капітану падставаў засумнявацца ў тым, што перад ім стаіць значная асоба.
— Капітан, — пачаў Агінскі. — Сёння пад Маладэчнам, дзе месціцца замак майго роду, быў заўважаны вялікі атрад французскіх войскаў. Ён размясціўся на полі непадалёк ад ракі. Не ведаю дакладна, якую мэту пераследуюць гэтыя французы, але, на маю думку, яны могуць уяўляць небяспеку для шляхоў забеспячэння нашых войскаў на захадзе. Прашу вылучыць сілы для выведкі і знішчэння праціўніка.
— Цікава. Я спадзяваўся, што на гэтай зямлі засталіся толькі мёртвыя французы, — прамовіў Халматаў. Міхал ледзь стрымаўся, каб не сказаць, што капітан мае рацыю.
— Тым не менш, я на ўласныя вочы бачыў французскі атрад за вярсту ад муроў замка, — працягнуў хлусіць Агінскі. Ён памятаў, наколькі вар’яцкімі яму падаваліся словы плябана пра ажылых мерцвякоў, да таго моманту, пакуль сам не пабачыў нябожчыкаў у полі перад замкам.
— Дзякуй вам за важныя звесткі, граф, — Халматаў абапёрся дзвюма рукамі на стальніцу і задуменна паглядзеў на адну з мапаў, што там ляжалі. — Толькі я не змагу хутка арганізаваць дапамогу. На жаль, у мяне тут далёка не такія баяздольныя хлопцы, як тыя, што былі са мной пад Барадзіном, — афіцэр уздыхнуў, затым адышоў ад стала, наблізіўся да акенца і выглянуў на двор. — Тым больш, нават калі б мы выступілі цяпер, то да Маладэчна мы б дабраліся толькі перад заходам сонца. Такая паспешлівасць нам не дала б нічога акрамя таго, што вораг ведаў бы нашыя пазіцыі і нашую колькасць.
Капітан шырокім крокам, з ледзь заўважнай кульгавасцю, падышоў да выхаду і паклікаў таго жаўнера, які прывёў у намёт Агінскага: — Лепей выступім на досвітку, — сказаў ён Міхалу і павярнуўся да вартавога: — Грышка, трубі агульнае шыхтаванне, будзем ваяваць.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы