– Манетка ў цябе? – напаўголаса ўдакладніла Бася, калі яны ўжо амаль дабраліся да месца.
Міхал схапіўся за кішэню, намацаў там партаманэцік і праверыў элемент. Упэўніўшыся, што ўсё як мае быць, ён незадаволена скасавурыўся на Басю.
– Мог хаця б манетку мне пакінуць, – пакрыўджана прамовіла дзяўчынка.
– Вось навошта табе манетка? – пачаў страчваць цярплівасць юнак.
– Як гэта? – усклікнула Бася. – Яны, верагодна, пачнуць цябе абшукваць для пэўнасці і забяруць яе.
– Ну, я ж не дурны, каб прыцягнуць яе з сабой! – сказаў Міхал.
– А дзе ты яе схаваеш?
– Ды сюды ж, у камеру хавання, і пакладу.
– А калі табе выпадзе адчыняць яе разам з імі? – Бася хітра ўсміхнулася.
– Тады пакіну дома.
– А яны і дома ўсё правераць і знойдуць…
– Бася, кінь здзекавацца з мяне! – не вытрымаў юнак. – Знайду я, куды манетку схаваць.
– А што, калі яны пачнуць цябе катаваць і ты прызнаешся, дзе яе схаваў? – не сціхала дзяўчынка.
– З якой нагоды яны мусяць абавязкова ўзяцца катаваць мяне? – Міхал рэзка спыніўся.
– Трэ быць падрыхтаваным да ўсяго, – паціснуўшы плячыма, кінула Бася.
– Ды не будуць яны мяне катаваць, кінь, – адмахнуўся юнак, і яны рушылі далей.
– Будуць-будуць, – прабуркатала дзяўчынка. – А вось каб ты мне манетку аддаў, дык ніколі б у жыцці не прызнаўся ім.
– Бася, не будзь наіўнай! – сказаў Міхал і нахмурыўся, паглыбляючыся ва ўласныя думкі.
– Значыцца, прызнаўся б? – дзяўчынка бездапаможна паглядзела на сябра.
– Ну зразумела ж не! – спахапіўся той. – Я маю на ўвазе, што яны ўсё роўна ведаюць пра цябе і могуць здагадацца.
– Але ты ж сам не сказаў бы ім? – са спадзевам спытала Бася Міхала.
Ён адмоўна пакруціў галавой, і твар дзяўчынкі асвяціўся радаснай усмешкай.
– Няхай манетка ўсё-такі будзе пры мне, – прамовіла яна. – Так больш надзейна.
– Ну добра, – Міхал, не жадаючы таго, перадаў элемент дзяўчынцы, якая схавала яго ў торбу разам з дробяззю. – Хаця я ўсё роўна не разумею, навошта ім шукаць манетку, калі яны ўпэўнены, што маюць сапраўдную.
Бася зрабіла выгляд, быццам не чуе яго.
– Дарэчы, я думаю, што ключык ад камеры хавання таксама на ўсялякі выпадак мусіць быць пры мне, – бы між іншым заўважыла дзяўчынка.
– Ну не! – запратэставаў Міхал. – Ключык я ў любым выпадку пакіну сабе.
Бася пакрыўджана сцяла вусны, але спрачацца не ўзялася.
Калі яны ўвайшлі ў будынак вакзала, дзяўчынка затрымалася каля шапіка з разнастайнымі бранзалеткамі і каралямі, якія былі зроблены з разнамасных пацерак і пласцінак.
– Не хочаш купіць мне штосьці? – кіўнула дзяўчынка ў бок вітрыны.
Міхал збянтэжана зірнуў на прылавак, што быў спрэс усыпаны рознакаляровымі пусцяковінамі.
– Навошта? – насцярожыўся юнак.
– Трэба, – цьмяна адказала Бася.
– Зараз не лепшы час, – сувора сказаў Міхал і рашуча рушыў наперад.
– Ну і добра, я сама куплю, – прабурчала Бася, схапіўшы першыя каралі, што патрапіліся пад руку, і расплаціўшыся з прадавачкай.
Чапляючы новы набытак на шыю, дзяўчынка нагнала сябра, што якраз выбіраў адну з камер хавання і высвятляў, як яна дзейнічае. Ён са здзіўленнем агледзеў новае Басіна ўпрыгожанне.
– Не ведаў, што табе падабаецца такое, – з дакорам заўважыў ён. Дзяўчынка прапусціла словы юнака міма вушэй і ўзялася дапамагаць сябру распакоўваць заплечнік.
– Я вось толькі не разумею, дзе тут ключы выдаюць, – падзяліўся юнак, калі яны ўсё перамясцілі ў ячэйку.
– Ну, мяркуючы па ўсім, яны ўвогуле не даюць ключоў, – сказала Бася, прыкмеціўшы на дзверцах гузікі з лічбамі і невялічкае табло над імі. – Тут патрэбны код, так што ўсё справядліва: ніякіх ключоў ні табе, ні мне.
– І які прыдумаем? – спытаў Міхал.
– Не ведаю, – паціснула плячыма Бася. – Патрэбны такі, каб ніхто не здагадаўся.
Юнак на імгненне задумаўся.
– Давай «адзін, пяць, пяць, нуль»? Як год, калі мы сустрэліся. Дакладна абодва не забудземся, – прапанаваў ён.
– Не, тады лепей «адзін, пяць, пяць, адзін» – бы адлюстраванне, – Бася па-змоўніцку паглядзела на Міхала.
– Адлюстраванне, – перадражніў ён дзяўчынку. – Ты, галоўнае, не забудзься потым!
Калі Міхал замкнуў дзверцы і закінуў у шчыліну манетку, падрыхтаваўшыся набраць дамоўленую камбінацыю, выпаўзла паперка, на якой былі надрукаваны нумар ячэйкі і аўтаматычна выбраны код. Бася непахвальна фыркнула і накіравалася да выхаду. Нагнаўшы яе, Міхал зноў праверыў час: была палова на восьмую.
– Мне яшчэ ранавата ісці дадому. Наўрад ці Эва выправадзіла б мяне ў такую раннюю гадзіну, – паведаміла яму Бася. – Ды і па горадзе бадзяцца холадна.
Крыху падумаўшы, юнак прапанаваў ёй вярнуцца на вакзал і пачакаць там да дзявятай гадзіны. Калі прыйшоў час, Міхал пачаў намякаць Басі, што ёй ужо трэба збірацца дамоў. Спачатку дзяўчынка ўпарцілася і намагалася ўсё ж такі запэўніць сябра, што ёй лепей застацца дзесьці непадалёк ад яго, але юнак быў непрыхільны і нават слухаць не хацеў пра такую магчымасць.
– Ну добра, – скарыўшыся, уздыхнула Бася. – Тады я пайшла дадому.
Міхал пераможна паглядзеў на яе, задаволены тым, што ўсё-такі здолеў угаварыць дзяўчынку.
– Можаш нават не праводзіць мяне, – трагічна дадала яна.
– Не-не-не, – падазрона сказаў юнак. – Лепей я цябе праводжу.