– Заўважу, што ў вас, мой дарагі дружа, у дачыненні да гэтага ўсё ж маецца значная перавага, бо ў маім распараджэнні няма ніякіх пісьмовых крыніц. Вераломны захоп крыжакамі зямлі маіх продкаў не дазволіў захаваць якія-небудзь пісьмовыя сведчанні, што апісвалі б гэтае найвялікшае, на мой погляд, дасягненне Усходу.
– Ды годзе, – шчыра здзівіўся пан Альбрыхт. – Мне заўжды здавалася, што Ключ – гэта спрадвечна еўрапейскае вынаходства.
– Як бачыце, нашы погляды на гэты конт разыходзяцца, але спяшаюся нагадаць вам пра старадаўні сімвал Ключа…
– Наколькі я памятаю, гэта алхімічны сімвал Месяца, – з непрыемнай усмешкай парыраваў стары.
– Думаю, мне не трэ нагадваць вам, хто стаяў каля вытокаў алхіміі, – у тон яму адказаў Эль-Анабі.
– Вы яшчэ егіпцян з іх люстэркамі прыгадайце, – абарваў суразмоўцу пан Альбрыхт.
– Егіпецкія люстэркі – дзіцячыя казкі! – буркнуў швейцарац і працягнуў: – Паверце, таямніцай люстраў, з якімі працуем мы з вамі, шматпаважаны спадар Штоф, мае продкі займаліся спрадвеку.
– Прабачце, што перапыняю вас, высокашаноўны дружа, але я скарыстаў рэсурсы сеціва і даведаўся, што вашыя продкі, мяркуючы па соладка-аграрным прозвішчы, былі хутчэй земляробамі, чым навукоўцамі-даследчыкамі.
– Ды і ў вас прозвішча не шляхетнае, – пакрыўдзіўся Эль-Анабі. – Таму давайце пагодзімся на тым, што абодва нашыя роды мелі дачыненне да гандлю.
– Да рамёстваў, – паспяшаўся пакінуць апошняе слова за сабою пан Альбрыхт.
Размаўлялі старыя па-англійску. Міхал пачаў раздражняцца, бо сутнасць іх размовы з-за кароткага часу вывучэння гэтай мовы ён разумеў кепска, але яму пачало здавацца, што паджылыя людзі нібы знарок не заўважаюць яго і перакідваюцца бясконцымі з’едлівымі кампліментамі.
– Бачу, я вам не патрэбны. Можа, я пайду? – гучна прамовіў юнак, укліньваючыся ў перапынку паміж чарговым абменам рэплікамі.
Эль-Анабі павярнуўся і выгнуў брыво, відавочна здзіўляючыся дзёрзкасці Міхала.
– Ні ў якім выпадку, – сказаў ён, зноў пераходзячы на нямецкую мову. – Як я разумею, вы абяцалі нам нешта прывезці сюды. Такім чынам?..
Міхал не адказаў.
– Ну? Прынеслі ці не? – нецярпліва спытаў швейцарац.
– Не, – смела адказаў юнак.
– І навошта вы тады прыйшлі сюды? – лісліва спытаў Эль-Анабі.
– Я мусіў упэўніцца, што з герам Альбрыхтам усё добра.
– От ужо мне гэтыя вашы сантыменты! – саркастычна сказаў швейцарац. – Вы толькі час марнуеце, свой і мой. Ідзіце па Ключ, зараз жа!
Міхал пытальна паглядзеў на пана Альбрыхта.
– Ідзіце па Ключ, – паўтарыў той словы Эль-Анабі. – Будзе значна лепш, калі вы прынесяце яго сюды.
Абураючыся ў душы, юнак ліха павярнуўся і пайшоў з кабінета. Да яго тут жа падскочыў бялявы найміт.
– Што? – сцісла спытаў ён.
– Паехалі на вакзал, – адказаў Міхал і рашуча накіраваўся да выйсця.
Найміт разгублена ўтаропіўся ў Міхала, які так фамільярна пачаў сябе паводзіць, але пярэчыць не стаў і пайшоў за ім.
– А навошта на вакзал? – ён насцярожана паглядзеў на юнака ў люстэрка задняга бачання, калі яны зноў апынуліся ў машыне.
– Забіраць ваша «нешта», навошта ж яшчэ! – прабурчаў Міхал і звярнуўся да Басі: – Ты як?
– Змерзла, – бязрадасна працягнула яна. – Гэты агіда наадрэз адмаўляецца печку ўключаць! Бы яму самому не холадна.
Даехаўшы да вакзала, Міхал поруч з наймітам скіраваўся да камер хавання і забраў адтуль усе элементы Ключа, а таксама дзённік бацькі пана Альбрыхта. Калі яны вярнуліся на Сціклю, юнак моўчкі вытрас змесціва заплечніка на пісьмовы стол. У Эль-Анабі азартна запаліліся вочы, і ён сквапна пацягнуўся да зваленых у кучу элементаў.
– Што ж вы, хлопча, так неахайна абыходзіцеся са старадаўнімі артэфактамі? – не забыўся ён пажурыць Міхала.
– Лухта вашыя артэфакты, – той злаваў адначасова і на швейцарца, і на пана Альбрыхта.
– Што вы можаце разумець у свае гады… – Эль-Анабі ўзяўся перагортваць старонкі ў старым сшытку.
– Цяпер усё? Вы нас адпускаеце? – не зважаючы на яго словы, спытаў Міхал.
– Вас, бадай што, не, – сказаў швейцарац. – А вось ад дзяўчынкі, думаю, трэ пазбавіцца. Яна мяне яшчэ ў Рэймсе…
Стары не паспеў скончыць, як Міхал люта кінуўся да яго, але здаравенныя хлопцы паспелі заступіць юнаку дарогу.
– …раз’юшвала, – скончыў Эль-Анабі, паглядзеўшы на Міхала поўнымі непрыязнасці вачыма.
– Мой дружа, ад дзяўчынкі ні ў якім выпадку нельга пазбаўляцца, – паспрабаваў пераканаць швейцарца пан Альбрыхт.
– Штоф, вы ўжо стамілі мяне сваімі недарэчнымі спробамі хітрыць! – капрызна ўсклікнуў Эль-Анабі.
– Тут няма чаго хітрыць, – усміхнуўся пан Альбрыхт. – Толькі яна ведае, як сабраць Ключ.
Раздзел 17
– Ды няўжо? – Эль-Анабі ашаломлена ўтаропіўся ў пана Альбрыхта. – Што ж вы раней маўчалі? Ці вы гэта толькі зараз прыдумалі?
– Ані, – пакруціў галавой гаспадар крамы. – Якраз учора яна прыходзіла да мяне, каб распавесці пра гэта.
– Сапраўды? – прызадумаўся швейцарац і звярнуўся да сваіх памагатых: – Прывядзіце мне сюды дзяўчо.
Міхал з палёгкай уздыхнуў і застаўся стаяць побач са сталом. Эль-Анабі ўзяўся разглядаць юнака, а потым добразычлівым тонам прамовіў:
– Тады ад яго трэ пазбавіцца.
– Навошта, дазвольце спытаць? – прыўзняў бровы пан Альбрыхт.