– Ну а як інакш? Нельга ж пакідаць іх абаіх жывымі. Гэта ж, прашу прабачэння, самая сапраўдная хеўра! І, па-мойму, давяраць ім нельга, вы самі нядаўна мелі шчасце ўпэўніцца ў гэтым.
– Мне здаецца, вы надта паспешлівы ў сваіх высновах, – спакойна сказаў пан Альбрыхт, хаця яго пальцы пачалі падрыгваць і ён схаваў рукі пад стол.
– Хіба? – нудным тонам прамовіў швейцарац, падліваючы сабе яшчэ гарбаты.
– Менавіта так. Вы ж не ведаеце, што паміж гэтымі дваімі існуе незвычайная сувязь?
– Што вы маеце на ўвазе? – акругліў вочы Эль-Анабі. – Вы мяне выбачайце, але пасля тых гадзін, якія мы мелі шчасце прабавіць з вамі разам, Штоф, я ўжо не магу адрозніць, калі вы хлусіце, а калі не. Што за чарговае глупства вы прыдумалі?
– Гэта не глупства, – стомлена прамовіў пан Альбрыхт.
Швейцарац з чаканнем глядзеў на яго. У кабінет увайшла Бася разам з бялявым наймітам, што перагарадзіў дзверы, адціснуўшы дзяўчынку ўбок. Эль-Анабі з цікаўнасцю агледзеў яе і зноў звярнуўся да пана Альбрыхта.
– Мабыць, вы будзеце ласкавы ў такім выпадку падзяліцца са мной сваімі патаемнымі ведамі?
– Годзе ўжо здзекавацца, – стары адкінуўся на спінку крэсла. – Гэта сапраўды надта рэдкая з’ява, я сам не так даўно даведаўся пра яе, але яна насамрэч існуе.
– Штоф, не марудзьце! – усклікнуў Эль-Анабі. – Давайце канкрэтна: што за з’ява і ў чым яе сутнасць?
Пан Альбрыхт з асуджэннем паглядзеў на саперніка з-пад акуляраў і, усё ж вытрымаўшы невялікую паўзу, працягнуў:
– Разам гэтыя двое здольныя перасягнуць Ключ. Ім адчыняюцца амаль любыя люстры.
– Скажам так, мне таксама пры пэўных умовах адчыняюцца амаль любыя люстры, – Эль-Анабі кпліва пазіраў на пана Альбрыхта.
– Вы не зразумелі, дружа мой, – адказаў той. – Здольнасці гэтых маладых людзей не залежаць ад якіх-небудзь умоў, неабходных для адчынення праходу паміж двух часавых вымярэнняў. Удваіх яны валодаюць такой сілай, якая дазваляе ім зладзіць з любым люстрам без папярэдніх разлікаў.
Бася здзіўлена ўскінула бровы і ўтаропілася ў старога: пра тое, што ім з Міхалам было прасцей адчыняць люстры разам, пан Альбрыхт казаў, але каб яшчэ і не залежыць ні ад якіх умоў – пра гэта ён адкуль даведаўся? Дзяўчынка паглядзела на Міхала. Юнак хмурыўся і не зводзіў вачэй са швейцарца.
– Гэта лухта нейкая, – крыху збянтэжана сказаў Эль-Анабі, страсянуўшы галавой. – Такога не бывае.
– Думаю, валодаючы рамяством, падобным да нашага, бязглузда сцвярджаць, што чагосьці не бывае, – пан Альбрыхт паблажліва ўсміхнуўся. – Пры пэўных абставінах можа здарыцца ўсё, што заўгодна, нават самае неверагоднае.
– Філасафуеце? – Швейцарац быў яўна ўпікнуты і зласліва прыжмурыўся. – Я цалкам упэўнены ў тым, што гэта нейкі чарговы выкрут.
– Ваша права, – спакойна прамовіў пан Альбрыхт, паціснуўшы плячыма.
Эль-Анабі быў відавочна збянтэжаны. Ён з недаверам глядзеў на свайго апанента, намагаючыся выявіць, ці той кажа праўду, ці ўсё ж такі блефуе. Ён пацягнуўся да кубка з гарбатай і, адпіўшы крыху, з сумневам спытаў:
– І вы хочаце сказаць, што маеце доказы?
– Так. І, як вы маглі заўважыць, яны абое знаходзяцца ў гэтым пакоі, – пан Альбрыхт павёў рукою ў бок Міхала і Басі.
– Значыцца, вы маеце на ўвазе, што нават зараз здолееце прадэманстраваць, як вашы юныя сябры адчыняць любое з люстраў, якія тут маюцца? – швейцарац усміхнуўся, відаць, чакаючы, што здолее гэтым пытаннем сумець пана Альбрыхта і той нарэшце прызнаецца, быццам сказанае ім – хітрая прыдумка, разлічаная збіць з панталыку самога Эль-Анабі.
– Зразумела, – па-ранейшаму не страчваў самавалодання пан Альбрыхт.
Не чакаўшы такога адказу, швейцарац закашляўся. Ён дастаў з кішэні пінжака насоўку і выцер спатнелы ад напружання лоб.
– Вельмі цікава, – працягнуў ён. – Тым не менш мне здаецца, што ў вашых словах, Штоф, усё ж ёсць нейкае ашуканства. Я з асалодай паназіраў бы за эксперыментам, але спярша мне карціць паслухаць пра Ключ.
– Мадэмуазэль Барбара, ці не падзеліцеся вы з маім шаноўным госцем тым, што высветлілі апошнім часам пра Ключ? – звярнуўся пан Альбрыхт да дзяўчынкі.
Бася крыху павагалася. Яна ўважліва зірнула старому ў вочы, намагаючыся даведацца, ці ёй сапраўды трэ распавесці ўсё, што яна цяпер ведае, ці ж неабходна паспрабаваць на хаду прыдумаць нешта для блізіру. Аднак пан Альбрыхт не падаў ёй аніякіх патаемных знакаў, а толькі пытальна прыўзняў бровы ў чаканні яе расповеду. Дарэшты заблытаўшыся, дзяўчынка пачула, як ёй робіцца горача, і, расшпіліўшы паліто, палезла ў торбу па раздрукоўкі.
– А на якой мове мне расказваць? – спытала яна. – А то вы бясконца пераходзіце з адной на другую, я збіваюся.
– Я так думаю, што на англійскай, бо спадар Эль-Анабі нервуецца, калі яго памагатыя разумеюць, пра што ідзе гаворка, – саркастычна сказаў стары.
Бася кіўнула і ўжо падрыхтавалася распавядаць, як швейцарац знянацку, з’едліва пасміхаючыся, нібы між іншым прамовіў: