– На жаль, не, – засмуціўся Эль-Анабі. – Шчыра прызнаюся вам, што нават не ўяўляю, чым з’яўляецца гэтая рэч. Усё, што я маю, дык вось гэткую ж канструкцыю.
Швейцарац нязмушана крануў Аснову, перасунуўшы некалькі дзяржальнаў для элементаў.
– Вы лічыце, што прадмет, які ў вас маецца, – дакладная копія майго? – асцярожна прамовіў пан Альбрыхт.
– Не, я не лічу, што гэта копія. Мой прадмет гэткі ж аўтэнтычны, што і ваш, даражэнькі Штоф.
– Што вы хочаце гэтым сказаць?
– Я хачу сказаць, што існуе некалькі Асноў, падобных да гэтай. Іх заўжды было некалькі, бо цягаць з сабою такую грувасткую канструкцыю, якую ніяк нельга кампактна разабраць, не прыходзіла ў галаву нават сярэднявечным людзям, хаця яны і не былі спешчаны камфартабельнымі пераездамі. Але, вядома, гэтым вашым хавальнікам Ордэна, што прыдбалі сабе таямніцу Ключа, і было зручна перавозіць Аснову з месца на месца, – пакпіў Эль-Анабі. – Аднак, нягледзячы на тое што, на мой погляд, яна не з’яўляецца шостым элементам, я ўсё ж хацеў бы запісаць інфармацыю пра зборку Ключа, якая ў вас зараз маецца. Будзьце так ласкавы, намалюйце мне абедзве схемы.
Швейцарац выняў нататнік і, разгарнуўшы яго на апошніх старонках, перадаў Басі разам з аўтаасадкай праз аднаго са сваіх памагатых. Дзяўчынка хацела была намаляваць усё як мага больш блытана і незразумела, але Эль-Анабі папярэдзіў яе:
– Калі ласка, з подпісамі. І пісаць разборліва.
– Мне, насамрэч, нязручна стоячы, – паскардзілася Бася.
– Да стала я вас не падпушчу, яшчэ сцягнеце штосьці, – запратэставаў швейцарац. – Заставайцеся на месцы.
Яна кінула на яго злосны позірк і, адвярнуўшыся, прыклала нататнік да сцяны, каб было хаця б крыху зручней. Знянацку ўваходныя дзверы з грукатам расчыніліся, моцна выцяўшы дзяўчынку па спіне. У пакой уварваліся нейкія людзі і пачалі крычаць. Хтосьці распачаў страляніну. Бася пачула, як на падлогу са звонам павалілася нешта цяжкое, у шчыліне паміж вушаком і дзвярыма мільганулі дзве постаці. Усё сціхла. Дзяўчынка чула толькі, як у вушах пульсуе кроў.
Раздзел 18
Бася зноў пачула некалькі галасоў у пакоі, толькі яны ўжо не крычалі, а размаўлялі цішэй і спакайней. Сэнсу слоў яна яшчэ не разумела, а толькі стаяла, шчыльна прытуліўшыся да сцяны, і перарывіста дыхала. Дзяўчынка адчула, як у яе пячэ шчаку – падрапалася заціскам аўтаасадкі, якую ёй перадаў Эль-Анабі. Напэўна, напаролася, калі расчыніліся дзверы.
– Насамрэч гэта я гаспадар крамы, Альбрыхт Штоф, а тыя, каму далі збегчы вашы калегі, – злачынцы, што трымалі мяне ў заложніках з учорашняга вечара, – дзяўчынка выразна пачула голас старога.
«А Міхал?» – роспачна пранеслася ў яе галаве. Спалохаўшыся таго, што яна можа ўбачыць, калі выйдзе са свайго сховішча, Бася мацней уціснулася ў сцяну і зажмурылася. Хтосьці хуткімі крокамі падышоў і парывіста адхіснуў дзверы ўбок.
– Баська, ты тут!
Міхал павярнуў яе да сябе і моцна абняў. Не выпускаючы з рук нататнік і аўтаасадку, дзяўчынка прыціснулася да яго.
– Хадзем, – шапнуў юнак і, намагаючыся загарадзіць сабою ўвесь кабінет пана Альбрыхта, пацягнуў Басю вонкі.
Яна паслухмяна пайшла за ім, але, сама таго не чакаючы, павярнула галаву і раптам убачыла, як нейкія людзі ў цёмным адзенні корпаюцца над іншымі людзьмі на падлозе.
– Не глядзі, – паспрабаваў зноў адвярнуць яе Міхал, але яна стала як скамянелая і не магла адарваць позірку ад некалькіх целаў, што ляжалі наўпрост перад ёю.
Дзяўчынка бездапаможна паглядзела на сябра і зноў утаропілася ў мёртвых людзей. У яе з вачэй пакаціліся слёзы, дыханне сперла. Бася пачала хрыпець і захліпацца, пакуль знянацку не апынулася на двары, дзе лёгкі мароз на кароткі час адцягнуў яе ад істэрыкі. Мокрыя ад слёз вочы пачало балюча рэзаць, затое яна нарэшце здолела глыбока ўдыхнуць.
Потым дзяўчынка апынулася ў нейкай цьмяна знаёмай кватэры. Міхал забраў у яе торбу, дапамог разуцца і зняць паліто з шапкай, а пасля павёў умывацца. Бася павісла над ракавінай і, не спыняючы румзанняў, доўга плёскала сабе ў твар вадой, але ніяк не магла супакоіцца. Міхал кудысьці збегаў і прынёс ёй вады ў шклянцы.
– Навошта? Я тут маю, – адштурхнула яна руку юнака, душачыся рыданнямі і абціраючы твар, па якім бесперапынку цяклі слёзы.
Міхал зноўку знік, а потым вярнуўся з нейкімі таблеткамі і стаў прымушаць яе выпіць іх.
Праз некаторы час Бася крыху ачулася, слёзы спыніліся. Дзяўчынка знайшла ў ваннай ручнік і выцерла твар. Яна выйшла ў калідор і зразумела, што знаходзіцца ў кватэры пана Альбрыхта, абсталёўка якой, як высветлілася, з цягам часу не надта змянілася.
Бася адшукала Міхала ў гасцёўні каля акна.
– Што там? – задушаным голасам спытала яна.
– Куча машын з мігцелкамі, – адгукнуўся юнак і падышоў да яе, пільна і трывожна зазіраючы ў твар. – Мо хочаш гарбаты?
Бася пакруціла галавой і села на канапу. Яе пачало зябіць. Дзяўчынка маркотна паглядзела на плед, што ляжаў на падлакотніку з процілеглага ад яе боку, але сіл дацягнуцца да яго не было. Прасачыўшы за яе позіркам, Міхал адгадаў Басіна жаданне і, разгарнуўшы плед, захутаў у яго дзяўчынку, клапатліва падаткнуўшы з бакоў.