– Я, вядома, разумею ваша хваляванне, але хачу заўважыць, што ніколькі не вінаваты, што мадэмуазэль Барбара апынулася сёння раніцай у маёй краме. Яе з’яўленне тут нават не абмяркоўвалася. Каб яна сама не пайшла за вамі, дык людзі Эль-Анабі не схапілі б яе, – нягледзячы на роўны тон, пан Альбрыхт відавочна сердаваў, яго дбайна выпешчаная бародка трапяталася ад абурэння.
Міхал гнеўна засоп. Зрабіўшы над сабою высілак, каб зноўку не закрычаць, ён сцісла прамовіў:
– Навошта?
– Я ж не мог выдаць Эль-Анабі ўсе свае сакрэты ні за што, – некалькі імгненняў памаўчаўшы, прызнаўся стары. – Мне было неабходна даведацца, якую інфармацыю мае ён.
– І што? Ён жа ўсё роўна забраў у вас усё, акрамя Асновы і манеткі, якая была ў Басі.
– Эль-Анабі аказаўся дурнейшым, чым я чакаў. Ён купіўся на падробку. Як і вы, сябры мае.
Раздзел 19
Дзяўчынка міргнула.
– На якую падробку? – выдыхнула яна.
– На звычайную, – адказаў пан Альбрыхт. – Элементы, якія вы з Міхалам учора забралі з майго сейфа, былі несапраўднымі. Копіі.
Нічога не разумеючы, Міхал і Бася разгублена пазіралі на старога.
– Але навошта было трымаць у сейфе копіі? – спытаў юнак.
– Разумееце, я меркаваў, што ў хуткім часе мой кабінет у краме можа быць абрабаваны. Хаця паліцыя ў Рэймсе і магла быць простай выпадковасцю, я ўсё ж дазваляў сабе думаць, што нехта не проста вядзе пошукі Ключа адначасова са мной, але ж і рухаецца ў тым жа кірунку. А значыцца, неўзабаве нашыя дарогі мусілі скрыжавацца, што ў выніку і атрымалася.
– А я ж вам не паспела сказаць! – пляснула сябе па лбе Бася. – Мы бачылі Эль-Анабі ў Рэймсе.
– Я ўжо ведаю, – сказаў стары. – З гэтага можна зрабіць выснову, што ён трымае таямніцу люстраў пры сабе і ні з кім ёю не дзеліцца, раз у яго не знайшоўся памагаты для гэтага падарожжа. У такім выпадку спачуваю яму: відаць, ён сапраўды не мае каму давяраць, калі рэч ідзе пра такія тонкасці. Хаця я знаходжу гэта даволі дзіўным.
– Чаму? Нейкія пару месяцаў таму вы таксама працавалі адзін, – нагадаў Міхал.
– Сапраўды так, але ўсё ж у маім узросце, як і ва ўзросце Эль-Анабі (не думаю, што ён пайшоў далей за мяне ў гэтай справе), бясконцыя паходы ў залюстроўе надта стамляюць. І потым, хаця я і не маю прамых нашчадкаў, было б вельмі шкада пакінуць гэты свет, нікому не перадаўшы свой «бізнес», – іранічна прамовіў пан Альбрыхт. – А вось у майго швейцарскага калегі маецца ўнучка, а мабыць нават некалькі… Ну ды хопіць, зараз гэта не ўяўляе аніякага інтарэсу.
Ён на кароткі час задумаўся, абхапіўшы падбароддзе.
– А вы не падазравалі Эль-Анабі да ўчорашняга вечара? – Бася перарвала яго роздум.
– Я падазраваў яго з самага пачатку, – адгукнуўся стары. Дзяўчынка акругліла вочы.
– І ніяк не падстрахаваліся? – здзівілася яна.
– Як гэта «ніяк»? – перадражніў яе пан Альбрыхт. – Я здолеў ашукаць нават вас з Міхалам, падклаўшы ў сейф фальшывыя элементы. Гэты трук першапачаткова быў разлічаны на Эль-Анабі і яго памагатых. Але, вядома, відовішча з пустым сейфам яго вельмі пацешыла. Уласна, я гэтак жа быў уражаны. Мабыць, мне трэ змяніць код у гэтым часе.
Зрабіўшы строгі твар, стары паглядзеў спачатку на Міхала, потым на Басю, але, заўважыўшы збянтэжанасць сяброў, дабрадушна ўсміхнуўся.
– Зразумела, вы маглі б спытаць мяне, чаму я не зрабіў нічога, акрамя замены элементаў на іх копіі ў сейфе, – працягнуў ён. – Але рэч у тым, што да ўчорашняга вечара мне было абсалютна няма чаго прад’явіць швейцарцу. Хаця яго прыезд у Вільнюс з самага пачатку падаўся мне падазроным і Эль-Анабі паводзіў сябе даволі знарочыста, я да апошняга сумняваўся, ці ён той, за каго прымаю яго я. Гэта ж мог быць і звычайны збег абставін. Але мае здагадкі ўсё ж пацвердзіліся.
– Калі мы былі ў кабінеце, ён сказаў, што ў пакоі толькі чатыры элементы, калі не лічыць Аснову, – прыгадала Бася. – То бок у кабінеце знаходзіўся і другі Адбівальнік?
– Так, – кіўнуў пан Альбрыхт. – І, дарэчы, у пакоі гэта быў адзіны сапраўдны элемент з усіх, пра якія ён ведаў, бо гэта быў яго Адбівальнік.
– І ён, вядома, знёс яго з сабою, – расчаравана прабурчала Бася.
– Абсалютна так, – пагадзіўся стары.
– Значыцца, сабраць Ключ усё роўна не атрымаецца?
– Чаму ж? Мы якраз маглі б, нарэшце, штосьці паспрабаваць, – прапанаваў пан Альбрыхт.
– Без другога Адбівальніка? – з сумневам у голасе адначасова спыталі Міхал і Бася.
Стары вытрымаў паўзу і звярнуўся да дзяўчынкі:
– Вы памятаеце, як мы ўпершыню гутарылі пра Ключ, мадэмуазэль?
– Здаецца, памятаю, – матнула галавою Бася.
– Тады падчас размовы вы пацікавіліся, ці нельга зрабіць элементы паводле апісанняў з дзённіка майго бацькі. На гэта я адказаў вам, што мне бліжэйшы пошук сапраўдных рэчаў. Прызнаюся, я быў з вамі не цалкам шчыры. Паралельна з пошукамі я ўсё ж спрабаваў ствараць і новыя элементы, якія падыходзілі б па сваіх параметрах для Ключа. Зразумела, я ніколі надта не спадзяваўся на гэтыя спробы і асноўны час заўжды прысвячаў пошукам, але гэткія эксперыменты ўсё ж прынеслі свой плён.
– Копіі, што дасталіся Эль-Анабі, дзейнічаюць, як сапраўдныя элементы?! – войкнула дзяўчынка.