– Не, ні ў якім выпадку, – паспяшаўся разупэўніць яе пан Альбрыхт. – Тыя элементы, што ён забраў, нічога з сябе не ўяўляюць. Яны не з’яўляюцца ідэальнымі копіямі, якія маглі б замяніць арыгіналы. Я меў на ўвазе іншае. У тэксце пра Ключ сказана, што ёсць два Адбівальнікі. Чым яны з’яўляюцца і ці існуе паміж імі нейкая розніца, не паказана, таму аднойчы мне прыйшло ў галаву, што, мабыць, другі Адбівальнік зусім не трэ шукаць, бо ён будзе выглядаць акурат гэтак жа, як і той, што патрапіўся мне. Таму на ўсялякі выпадак я зрабіў пласціну, ідэнтычную майму Адбівальніку. Учора ж мая здагадка пацвердзілася: пласціна Эль-Анабі нічым не адрозніваецца ад маіх дзвюх.
– Значыцца, цяпер вы маеце ўсе элементы? – падагульніў Міхал.
Стары заплюшчыў вочы ў знак згоды.
– Але ж Эль-Анабі казаў штосьці пра яшчэ адзін элемент, – скептычна сказала Бася.
– Я не надаваў бы вялікай вартасці яго словам, – сварліва прабурчаў стары, незадаволены тым, што яму перашкодзілі нацешыцца хвілінай свайго доўгачаканага трыумфу.
– Чаму? – спытала дзяўчынка.
Пан Альбрыхт цяжка ўздыхнуў і закаціў вочы.
– Наколькі я зразумеў высновы Эль-Анабі, здагадка пра наяўнасць іншага, немаведама якога элемента ў яго з’явілася толькі з той нагоды, што ён мае канструкцыю, падобную да маёй Асновы, – стомлена патлумачыў стары.
– Ну хіба ж гэта не дзіва, што ён мае менавіта гэткую ж Аснову, а не які-небудзь іншы элемент? Усё-такі зрабіць копію такой мудрагелістай штуковіны будзе цяжэй за ліццё невялічкай срэбнай пласцінкі, – Бася ўпарта склала рукі на грудзях.
– Аднак яго аргументацыя існавання дзвюх розных Асноў не здаецца мне добра абгрунтаванай, – парыраваў пан Альбрыхт. – Патлумачце, навошта перавозіць элементы туды-сюды, калі ёсць некалькі аддаленых адна ад адной Асноў?
– Прасцей мець па наборы элементаў разам з кожнай Асновай, – адгукнуўся Міхал.
– Менавіта! – ухвальна паглядзеў на яго стары. – Цалкам падтрымліваю вашае меркаванне.
– А навошта тады гэтая гісторыя пра хавальнікаў, якія кожны раз збіралі Ключ у новым месцы, каб ніхто не мог напасці? – не ўтаймоўвалася дзяўчынка.
– А навошта ў такім выпадку дзве Асновы, мадэмуазэль?
– Ну, ці мала што, – разгублена паціснула плячыма Бася. – На ўсялякі выпадак.
– Разумееце, гісторыя Ключа такая заблытаная, што мы не можам зараз цалкам аднавіць, хто яго стварыў, каму ён першапачаткова належыў і, у рэшце рэшт, навошта ім карысталіся. Мы можам толькі выказваць свае здагадкі на гэты конт. На дадзены момант мы маем запісаную са слоў аднаго з хавальнікаў легенду пра Ордэн і адну-адзіную заўвагу Эль-Анабі, якая, верагодна, акрамя жадання збіць мяне ў чарговы раз з панталыку, інакш не тлумачыцца. Факт існавання яшчэ адной Асновы, несумнеўна, важны, але, супаставіўшы інфармацыю, якой мы валодаем, я схільны меркаваць, што, хутчэй за ўсё, мае месца версія, агучаная толькі што Міхалам: пэўна, калісьці існавала некалькі камплектаў элементаў, хаця гэта і можа падацца дзіўным. Тым не менш зараз для нас важнейшы непасрэдна тэкст пра Ключ, бо ён змяшчае сведчанні пра яго зборку і, заўважце, ніякіх намёкаў пра тое, што Ключоў некалькі. Таму я хацеў бы прапанаваць вам засяродзіцца менавіта на ім. Вядома, Эль-Анабі зрабіў бессаромны ўчынак, пазбавіўшы мяне дзённіка майго бацькі, але, наколькі я памятаю, мадэмуазэль Барбара, у вас маюцца копіі гэтых запісаў.
– Дзе мая торба? – на месцы падскочыла Бася, павярнуўшыся да Міхала.
– Засталася ў вітальні. Табе прынесці? – спытаў Міхал, але дзяўчынка ўжо памчала прэч.
Праз імгненне яна зноўку сядзела на канапе побач з сябрам і шамацела старонкамі.
– Мадэмуазэль, ці не маглі б вы перадаць мне гэтыя паперы? – раўніва папрасіў пан Альбрыхт.
– Зараз, – буркнула Бася, працягваючы перабіраць абы-як складзены пасля размовы з Эль-Анабі стос.
– Што ты там шукаеш? – юнак зазірнуў у раздрукоўкі, перавесіўшыся цераз плячо дзяўчынкі. – Ты ж не чытаеш на латыні.
– Нічога, я тут сабе паперакладала, – прамармытала Бася і, адшукаўшы патрэбную старонку, уважліва перачытала спісаны шарыкавай асадкай жоўты аркушык, наклеены паверх малюнка, які выяўляў Ключ.
– Ага! – радасна крыкнула дзяўчынка, пляснуўшы па старонцы далонню. – Я ж ведала!
– Што такое? – ад нечаканага хвалявання пан Альбрыхт, які звычайна не вызначаўся асаблівай рухавасцю, зухавата ўскочыў з фатэля і падляцеў да Басі.
– Аснова, не названая сярод элементаў! – усклікнула тая, працягваючы старому аркуш. – «Вазьмі святло ў рукі і пусці яго так, каб Ранішняя і Вячэрняя Венеры злучыліся праз Адбівальнікі, а праз вока – апошні элемент – прайшоў сабраны паміж двух Адбівальнікаў прамень». Пра Аснову нічога!
Пан Альбрыхт схапіў яго і ўзяўся скрупулёзна даследаваць, бязгучна паўтараючы напісанае.
– Але як? – Разгублены новым адкрыццём, стары, абмякнуўшы, зноўку апусціўся ў фатэль. – Як я мог быць такім няўважлівым? Тут жа і праўда няма ні слова пра Аснову.
Басі зрабілася яго шкада.