– Ага, – дзяўчынка адвяла позірк ад старога, які здаваўся нейкім ужо занадта ўзрушаным, і падставіла юнаку кноцік.
На канцы свечкі затрапятала полымя, дзяўчынка паднесла яго да плоскага боку Венеры і крыху пасунула крапеж, каб святло, што рассейвалася кабашонам, трапляла на бліжэйшую з пласцінак. Пласцінка, як і мела быць, пачала адбіваць промні, якія афарбаваліся, калі прайшлі скрозь другі камень, і, упаўшы на наступны Адбівальнік, замкнулі кола, прымусіўшы Венеру вылучаць пяшчотнае ружовае ззянне. Бася паправіла манетку так, каб праз яе цэнтр праходзіла больш святла, што струменіла Венера, але накіраваны на люстра промень ніяк не ажыўляў паверхню. Дзяўчынка спыніла дыханне, чакаючы, што моц Ключа ўсё ж пачне дзейнічаць, але марна. Яна кінула на Міхала заклікальны погляд, аднак юнак, відаць, нават не збіраўся засмучацца, у адрозненне ад яе самой і пана Альбрыхта, які бездапаможна прытуліўся да люстра. Бася задзьмула свечку.
– Мо проста люстра такое? – выказала яна меркаванне.
– З люстрам усё добра, – ледзь чутна прамовіў стары.
– Адкуль вы ведаеце? Вы ж самі казалі, што яно вам не адчынялася.
– З люстрам усё добра, – упарта паўтарыў пан Альбрыхт. – Проста Ключ няправільна сабраны.
Адсунуўшы Басю ад канструкцыі, ён узяўся перастаўляць элементы па сваім разуменні. Дзяўчынка пакрыўджана сцяла вусны. Яна пайшла ў гасцёўню і, парыўшыся ў торбе, знайшла нататнік Эль-Анабі, у якім малявала свае схемы. Забраўшы пакінутыя каля фатэля пана Альбрыхта раздрукоўкі дзённікавых запісаў пра Ключ, дзяўчынка вярнулася ў спальню і ўселася проста на падлозе.
– Ты можаш мне больш дакладна перакласці тэкст? – спытала яна Міхала.
Юнак узяў у рукі аркушык і ўважліва перачытаў указанні да зборкі Ключа. Тым часам пан Альбрыхт штосьці мармытаў над элементамі, нібы намагаючыся іх зачараваць, і марнаваў запалкі. Міхал падышоў да яго і агледзеў зробленыя старым змены.
– Гэта нікуды не варта, – роспачна сказаў пан Альбрыхт.
Ён адышоў ад тумбачкі і прысеў на краёчак ложка, упёршыся далонямі ў калені і ўтаропіўшыся ва ўласныя рукі.
– Можна я пагляджу? – спытаў юнак.
– Зразумела, – абыякава прамовіў пан Альбрыхт.
– Бася, а чаму манетка ў цябе на сярэднім коле? – зараз Міхал узяўся круціць дзяржальні з боку ў бок.
– Таму што яна не становіцца на іншае месца, – адгукнулася дзяўчынка, не адрываючыся ад нататніка, у якім яна зноў пачала маляваць новыя магчымыя схемы.
– А, бачу, – кіўнуў юнак і зняў дыск з дзяржальні, каб лепей яго разгледзець. – Пан Альбрыхт, а вы ведаеце, што значаць гэтыя пісьмёны вакол адтуліны?
– Іх немагчыма расшыфраваць: яны надта сцерліся.
Міхал наблізіў манетку да самых вачэй, але і сам не здолеў убачыць, што ж на ёй было напісана. Бадай, нават добрая лупа не дапамагла б – такія неразборлівыя сталіся за шматлікія стагоддзі высечаныя на метале словы. Ён павярнуў дыск: на адваротным баку абапал дзірачкі нічога не было, акрамя дзвюх кароткіх вертыкальных рысак. Юнак вярнуў манетку на месца і яшчэ раз агледзеў Ключ цалкам.
– А з якой нагоды мы вырашылі, што Вока – гэта манетка? – удакладніў ён.
– Ну а што яшчэ можа быць Вокам? – на імгненне адарвалася ад замазвання чарговай няўдалай схемы Бася.
– Чырвоны камень, напрыклад, – сказаў Міхал. Пан Альбрыхт рэзка ўзняў галаву.
– Чаму вы так падумалі? – хутка спытаў ён.
– Па-першае, дзяржальня, на якую ён ставіцца, самая крайняя, а Вока, зыходзячы з тэксту, апошні элемент. Па-мойму, гэта даволі відавочна. А па-другое, пра барвовае святло сказана напрыканцы тэксту, значыцца, промень святла робіцца чырвоным ці ружовым, толькі калі пройдзе праз апошні элемент. Мне здаецца, у тэксце была б нейкая іншая зачэпка, калі было б інакш.
– То бок як і з Венерай? – ажывілася Бася.
– Вядома. Вось, дарэчы, і па-трэцяе: у нас усё ж такі Венера, а не Марс які-небудзь, каб фарбавацца чырвоным святлом.
– Але манетку таксама трэ кудысьці паставіць! – нагадала дзяўчынка, узняўшыся з падлогі і падышоўшы да сябра.
– Дык іх проста з сапраўдным Вокам неабходна памяняць месцамі, – Міхал перасунуў дзяржальні.
– А адкуль ты ведаеш, што мусіць быць менавіта так? Насамрэч, па таўшчыні манетка гэткая ж, як і пласціны, мабыць, іх таксама трэ неяк памяняць месцамі.
– Ды не, Бася, на манетцы намалявана. Паглядзі сама.
Дзяўчынка ўзяла дыск у рукі. «Ну як я сама не здагадалася?» – з прыкрасцю падумала яна: у сваіх схемах дзяўчынка гэтак жа, дзвюма кароткімі рыскамі, пазначала Адбівальнікі.
– А мо тут маецца на ўвазе сам праход паміж люстрамі з розных вымярэнняў? – для прыліку вырашыла пасумнявацца яна, але, убачыўшы непахвальны позірк Міхала, дадала: – Годзе-годзе, я таксама лічу, што манетку трэ паставіць паміж Адбівальнікаў. Ды і чырвоны камень з выгляду вельмі неблагое Вока.
Бася паставіла дыск на прызначаны яму крапеж і пацягнулася да запалак.
– Паспрабуем яшчэ раз? – павярнулася яна да пана Альбрыхта, але стары застаўся нерухомым, хаця вочы яго былі прыцягнуты да Ключа.
Яна запаліла свечку і зноў паставіла яе ззаду Венеры. Святло прайшло праз усе элементы і гэтым разам асвяціла люстра чырвоным промнем. Нічога не здарылася.